Зімовае сонцастаянне

На Беларусі дзень зімовага сонцастаяння адзначаўся як язычніцкае свята раства сонца. Гэта самы кароткі дзень у годзе, ад якога дні пачынаюць паціху прыбываць. У гэты час пачынаецца 12-дзённы цыкл паганскіх урачыстых вясёлых святаў - КАЛЯДЫ, прысвечаных адраджэнню Бога-Сонца.

Калядныя традыцыі

"Надышлі Калядкі, бліны ды аладкі"!

Што тычыцца святочнага стала, дык тут былі свае правілы. Куццю – па сваёй сутнасці язычніцкую страву – можна і зараз убачыць на калядным стале. Куццёй называлі і ўласна ўвесь стол, што накрывалі тры разы за Каляды. Дзве куцці былі постныя, “бедныя”, а адна – “багатая” з каўбасамі і рознымі смачнымі стравамі з мяса. Святочныя застоллі праходзілі ці ў вузкім сямейным коле, ці запрашалі ў госці сваякоў. Гэта свята лічылася сямейным. Кожны імкнуўся гэтыя вечары правесці ў атачэнні родных і блізкіх. Здаецца, за столькі часу нічога не змянілася. Традыцыйна калядны стол выкладалі сенам. Потым засцілалі белым абрусам. І ўжо тады выкладалі на яго стравы. З сенам звязана цікавая традыцыя: пасля таго, як першы раз пад’елі куццёй, саджалі дзяцей вакол стала і яны цягнулі тое сена. “Як сена доўгае, то, кажуць, лён зродзіць”, – успамінаюць у вёсках.

Пасля Багатай куцці, той, якая з мяснымі стравамі, пачыналі варажыць дзяўчаты. Варажба – неад’емная частка Каляд. Дзяўчаты гадалі аб будучым замужжы і сваёй долі. Гадалі па-рознаму. Напрыклад, шмат варажбы звязана з аладкамі, яшчэ адной традыцыйнай стравай на калядным стале. Аладкі ці галадкі, які іх называюць у некаторых мясцовасцях нашага рэгіёна, кідалі сабаку. Чыю аладку сабака першы з’есць, той і пашанцуе першай сярод сябровак выйсці замуж. Аладкі кідалі і курам, і самі елі, пры гэтым слухаючы адкуль будзе брахаць сабака. У той бок, лічылі, і пойдзе замуж. Шмат гаданняў было заснавана на парных або няпарных ліках: абдымалі штахеціны агароджы. Лічылася, калі абдымалася парная лічба, дык быць дзяўчыне ў пары ў гэтым годзе. Ці гаданне на нітках. Дзяўчаты павінны адрэзаць ніткі аднолькавай даўжыні і падпаліць іх. У каго першай дагарыць нітка, тая і замуж першая выйдзе. Калі нітка патухла адразу ці згарэла менш за палову, то замуж гэтая дзяўчына наогул не выйдзе. Канешне, была папулярнай варажба пры дапамозе люстэрак ці воска, таксама заглядвалі ў вокны, каб убачыць сцэнкі са свайго будучага жыцця. Калядныя святы праходзілі шумна ды весела. Не абыходзілася без традыцыйных святочных вячорак, на якія збіраліся маладзёны з усёй акругі. Тут і танчылі, і вадзілі карагоды, гралі ў розныя гульні, варажылі. Карацей, усё як зараз, толькі пры адсутнасці тэлевізараў ды інтэрнэту.

Апошнюю куццю, постную, называлі “нішчымнай”. У гэты дзень (5 ці 18 студзеня) звалі на вячэру мароз. Гаспадар выходзіў на двор і крычаў: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці”. Усе сядалі за стол, кожны стараўся дагадзіць марозу, каб зіма была не сцюдзёнай, вясна цёплай, а ўраджай – багатым. Калі на наступны дзень цяплела, то лічылася, што марозу спадабалася ў гасцях. На раніцу наступнага дня гаспадыня пякла бліны, а гаспадар з першым спечаным бліном ішоў “адпісвацца” Каляды – своеасаблівы абрад развітання. Над парогам хаты, над варотамі, над дзвярыма хлявоў і іншых памяшканняў ён маляваў крэйдай крыжыкі.

Калядныя святкаванні сканчаліся, застаючыся ў памяці сапраўды яркай, маляўнічай кропкай.

Катэгорыя: 
Date: 
Sunday, 22 December, 2013