"Таццяна І..."

У нядзелю 8-га чэрвеня ў памяшканні нашай клюбоўні адбылася цудоўная творчая сустрэча з удзельнікамі вандроўкі па Палессю - Андрэям Дубініным і Андрэям Івановым. Хлопцы распавялі пра све палесскія прыгоды і паказалі шмат фатаздымкаў, якія былі зробленыя цягам падарожжа.

Амаль што год таму, ў лiпенi 2013-га году невялiчкая суполка чатырох сяброў з Менску вырашыла спусціцца на самаробным плыце па рэках Случ і Прыпяць. Іх маршрут праходзіў ад Мiкашэвiчаў да Турава, па Случы ў Прыпяць. Сябры правялі на вадзе 6 цікавых дзён, насычаных прыгодамі і прыемнымі ўражаннямі.

Удзельнікі экiпажу:
Сяргей Арцюшкевiч - вясло, губны гармонiк.
Андрэй Дубiнiн - вясло, фотааппарат.
Андрэй Иваноу - вясло, вакал, шарыкавая асадка.
Анастасiя Шылiна - фотоааппарат, чарпак.

Плот вялічынёй 2,5 х 2,5 м. быў зроблены з пяці камер ад аўтамабіля МАЗ (адну з іх яшчэ на пачатку прыйшлося заляпіць скотчам) і некалькіх дошак гарбыля з Мікашэвічаўскага леспрамгаса. Менавіта харызматычная супрацоўніца гэтага леспрамгаса Таццяна Іванаўна, а дакладней спецыяліст аддзела продажу, якая дапамагла хлопцам знайсці тое, што ім было трэба для "будаўніцтва" плоту, натхніла сяброў на тое, каб даць яму такое загадкавае імя - "Таццяна І..." Сама Таццяна, паводле словаў абодвух Андрэяў, прысадзістая жанчына з надзвычай разумным пранізлівым позіркам, аператыўнай памяццю ў тысячу гігабайт і нейкай містычнай уладай над усім леспрамгасам. 

Так пачалося паслесскае падарожжа на плыце "Таццяна І...".

Краявіды вакол таілі ў сабе нешта чароўнае, ва ўсім адчуваўся подых старадаўняга беларускага фальклору, паганства, нейкага таемнага жыцця, што назірае з берагоў, з глыбіні. 

У вёсачцы Вільча на 70 хатак, што трапілася нашым вандроўшчыкам на шляху, жыццё ідзе па сваіх звычаях, у павольным тэмпе. Бабулі, тамтэйшыя "аракулы", далі сябрам цікавае этнаграфічнае інтэрв'ю, распавялі пра гісторыю сваёй роднай вёскі, пра "Ахову птушак Бацькаўшчыны" і старадаўні крыж, знойдзены на мясцовых могілках, пра ўласнае жыццё і пра тое, чаму зачынены "магАзін".

У славутым "МагАзіне" сябры напаткалі шыкоўны тыпаж у выглядзе загадчыцы той крамы. Яе хараство з ліхвой кампенсавала сціплы асартымент тавару.

У Вільчы ёсць нават дзіцячы дом сямейнага тыпу.

А самае галоўнае - у гэтай вёсачцы ёсць асобная паштовая скрыня для "Народнай волі", якую, апрача камуністычнай перыёдыкі, выпісываюць свядомыя жыхары. "Там вее вецер свабоды", - кажа Андрэй Іваноў.

З прыдбанай ў файнай загадчыцы "магАзіна" халвой плыць сябрам стала значна весялей. 

Палесскія ліпеньскія ночы былі цёплыя і зорныя, напоўніцу свяціў месяц, і дзякуючы таму нават уначы вельмі ўдала атрымліваліся фатаздымкі.

Дакучаў толькі галодны "камаран-байрам", высокім піскам ахутываючы прастору вакол нячшастных ахвяраў - падарожнікаў на самаробным плыце "Таццяна І...."

Падрабязней пра гэтае падарожжа можна пачытать (па-расейску) і паглядзець больш фатаздымкаў тут:

http://tamriel.livejournal.com/421559.html
http://tamriel.livejournal.com/421706.html
http://tamriel.livejournal.com/421966.html

http://tamriel.livejournal.com/422427.html
http://tamriel.livejournal.com/423361.html