Прэзентацыя кнігі выбраных эсэ Вацлава Гаўла "Жыццё ў праўдзе"
15-га лістапада ў нашай клюбоўні адбылася прэзэнтацыя кнігі выбраных эсэ Вацлава Гаўла ў перакладзе на беларускую мову «Жыццё ў праўдзе», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Логвінаў». Адначасова былі прадстаўленыя і іншыя кнігі з сэрыі «Чэшская калекцыя».
Падчас прэзэнтацыі стваральнік і кіраўнік сэрыі Сяргей Сматрычэнка, перакладчыкі Вераніка Бяльковіч і Макс Шчур распавялі, як узнікла «Чэшская калекцыя» і як вялася праца над беларускімі перакладамі твораў Гаўла, Доўскавай, Вівэга, Бонды, Андранікавай.
Паводле Сматрычэнкі, «Чэшская калекцыя» была задуманая ў 2005 годзе:
«Мэтай было данесці да чытача якасныя кнігі чэшскіх аўтараў, а таксама пэўным чынам развіваць беларускі пераклад. Кніг на дадзены момант выйшла 9, яшчэ 2 ці нават 3 знаходзяцца ў працы. Палітыку сэрыі збольшага вызначаю я, але, натуральна, я заўсёды раюся з перакладчыкамі. Макс Шчур мае такі густ, з якім я цалкам пагаджаюся, таму ён перакладае, што хоча, а мы пасля выдаем».
Кніга эсэ Вацлава Гаўла — гэта апошняе выданне з сэрыі. Чэшская амбасада ў Менску выклікалася прафінансаваць выданне кнігі, таму яны мелі слова падчас выбару твораў і аўтара. Сматрычэнка лічыць выбар вартым і ўдалым. Паводле яго словаў, сама кніга рыхтавалася вельмі доўга. У выданне ўвайшлі розныя эсэ часоў дысыдэнства, пачынаючы ад «Сілы бясьсільных» і заканчваючы лістом Густаву Гусаку, творы часоў прызыдэнцтва, калі Вацлаў Гавэл перайшоў да жанру прамовы (прэзыдэнт ня мае часу пісаць эсэ). Тэматычна і зьмястоўна прамовы мала чым розняцца ад эсэ, але карацейшыя. Некаторыя з гэтых твораў раней былі перакладзеныя на расейскую. Самае вядомае і вялікае эсэ Вацлава Гаўла «Сіла бясьсільных» упершыню ў расейскім перакладзе выйшла ў 1991 годзе ў Менску. Пераклад быў зроблены доктарам філялягічных навук, прафэсарам БДУ Ірынай Шаблоўскай (1939–2004). Пазней некаторыя ўрыўкі перакладаліся на беларускую.
Перакладчыкі распавялі пра складанасці, якія ўзнікаюць падчас перакладу мастацкіх тэкстаў з роднасных моваў, а таксама паразважалі пра сытуацыю з перакладамі ў Беларусі.
Макс Шчур адзначыў, што выхад якога-небудзь перакладу ў Беларусі — гэта сапраўды падзея. Калі ў Чэхіі штогод выдаецца па 100–200 перакладаў, то ў нас перакладчыкі мастацкай літаратуры на беларускую на вагу золата, гэта унікумы, героі. З гэтым звязана і тое, што атрыманне перакладніцкай прэміі нагадвае ў Беларусі спаборніцтва пяці перакладнікаў, а сама прэмія пераходзіць ад аднаго да іншага, «як сцяг брыгады». Макс Шчур падкрэсліў, што, напрыклад, польская перакладная літаратура апошнімі гадамі вельмі добра прадстаўленая на беларускім кніжным рынку.
Паводле Веранікі Бяльковіч сытуацыя на беларускім кніжным рынку такая, што зьяўленьне гэтай сэрыі — вялікая ўдача: «Я веру, што шмат якія перакладчыкі гатовыя друкавацца задарма, але бракуе нават сродкаў на само выданьне».
Госці мерапрыемства мелі магчымасць замовіць паасобныя кнігі з «Чэшскай калекцыі», звярнуўшыся да Крысціны Шыянок, арганізатаркі імпрэзы.
Крыніца: svaboda.org