"Нататкі таткі"
У аўторак 18-га жніўня ў беларускай клюбоўні панавала атмасфэра дзіцячай непасрэднасці і весялосці, якую стварыў спадар Андрэй Хадановіч падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі вершаў “Нататкі таткі”.
Разам са спадаром Андрэям да нас завіталі яго жонка Марына і дачка Алена, якія яктыўна ўдзельнічалі ў прэзентацыі - дапамаглі свайму “татку” зачытаць пару вершыкаў па ралях.
Госці імпрэзы даведаліся з новай кнігі пра тое, як трэба правільна скакаць на батуце, чаму рыпяць арэлі, чаму агуркі калючыя і шмат іншага. Пасьля чытання вершаў сп. Андрэй заспяваў пад гітару свае песні, дзіцячыя і не толькі. Самую патрыятычную песню пра бел-чырвона-белага бусла, вожыка і пра такога ж колеру трактар спявалі ўсе разам:)
Для дарослай аўдыторыі сп. Андрэй таксама зачытаў некаторыя эсэ і вершы, ў тым ліку са зборніку “первыбранага” “Дэжа Вю”. У адным з такіх вершаў пісьменнік растлумачыў, хто такі беларускі мужчына і за што яго любяць жанчыны. І таксама распавёў цікавы выпадак падчас канцэрту Зміцера Вайцюшкевіча ў Ётэбургу, калі гэты самы беларускі мужчына ператварыўся ў “clean object of love”.
Напрыканцы імпрэзы госці мелі магчымасць набыць прэзентаваную кнігу “Нататкі таткі”, падпісаную самім аўтарам.