Купалле 2018
Сёлета, як і два гады таму, мы вырашылі аб’яднаць высілкі (і фінансы) з праектам BLRČR і InBáze, z.s., каб разам адзначыць Купалле як сапраўднае вялікае свята, на якое ўсіх сардэчна запрашаем!
На сёлетняе святкаванне мы запрасілі гурт GUDA з Беларусі. Яго чароўныя ўдзельніцы, што працягваюць беларускую традыцыю народных спеваў, дапамогуць нам правесці купальскае свята паводле старых звычаяў, прыгожа і весела.
Мерапрыемства адбудзецца 23-га чэрвеня на традыцыйным месцы – у пражскім Глоўбеціне, каля сажалкі Hořejší rybník. Пачатак а 19-й гадзіне.
Свята Купалле звязана з летнім сонцастаяннем. На гэты перыяд найдаўжэйшых сонечных дзён у годзе прыходзіцца росквіт прыроды, сонца мае найвялікшую моц, якая надаецца і ўсяму жывому. Яшчэ больш чароўнай лічыцца купальская ноч. Нашы продкі верылі, што ў гэтую ноч дрэвы могуць пераходзіць з месца на месца і гутарыць паміж сабой, зёлкі напаўняюцца магічнай гаючай сілай, а папараць можа расквітнець. Той, хто знойдзе папараць-кветку, здабудзе скарб і здольнасць разумець мову ўсіх жывёлаў. Разам з тым Купалле - час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы, шкоду ў жыце.
Дзеля таго, каб цёмныя сілы не нашкодзілі ні ўраджаю, ні самім людзям, продкі праводзілі адмысловыя абрады з выкарыстаннем ачышчальнай моцы вады і агню. З надыходам цемры распальвалася вялікае вогнішча, вакол яго ладзіліся карагоды, спевы і гульні. Таксама пераскоквалі праз возгнішча, што паводле павер’яў спрыяла ачышчэнню душы і цела ад нячыстай сілы.
Святкаванне паводле старых звычаяў дасць нам магчымасць наблізіцца да светапогляду нашых продкаў, якія жылі ў гармоніі з прыродай, адчувалі сябе яе неаддзельнай часткай.
Праграма святкавання:
19.00 - 20.00 - творчы майстар-клас Вольгі Якубоўскай для дзяцей; збор кветак, раслін, пляценне вянкоў
ад 20.00 - гульні для дарослых і дзяцей, падрыхтоўка да спеваў у карагодзе
ад 21.00 - танцы пад жывую музыку ў выкананні Алеся Ясінскага (баян), раскладанне вогнішча, гранне на дудзе ад Віталя Цімошчанкі
ад 22.00 - вогнішча і карагоды, спевы, гульні для дарослых, што не ў шлюбе
ад 23.00 - пусканне вянкоў па рацэ, пошукі папараць-кветкі
4.40 - 5.00 - сустрэча ўзыходу сонца
Цягам вечара можна будзе пакаштаваць беларускія стравы і напоі ад BLRČR і ўжо традыцыйны крупнік ад Віталя Цімошчанкі. Уласныя пачастункі таксама вітаюцца!
Акрамя таго будзе магчымасць прыгатаваць уласную ежу на грылі.
Прыносьце посцілкі для камфортнага сядзення на траве і, пры жаданні, намёты для сустрэчы світання. Улічваючы пераменлівасць надвор’я, раім мець з сабой парасон альбо дажджавік.
Таксама раім карыстацца рэпелентамі супраць кляшчоў!
Калі вы плануеце далучыцца да святкавання, просім пацвердзіць свой удзел праз форму рэгістрацыі:
https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSdf4dqDHSZOjLKclKpaVtfhAkdQ4DH3...
Для даведкі: недалёка ад сажалкі знаходзіцца трамвайны прыпынак U Elektry (3, 6, 8, 16, 23, 25, 30), праз які праходзіць маршрут начных трамваяў (92, 94, 95), а таксама аўтобусны прыпынак Mezitraťová (146). Трохі далей месціцца станцыя метро Hloubětín (linka B).