You are here
Home › Міждзяржаўныя суадносіны › Пра геапалітыку па-чэску альбо “как узбеков, латышей сплотила Русь...”Пра геапалітыку па-чэску альбо “как узбеков, латышей сплотила Русь...”
Чэхію вельмі шмат аб’ядноўвае з краінамі цэнтральнай і ўсходняй Эўропы. Найперш гэта гістарычныя повязі, улучна з агульным досьведам камуністычнага мінулага. Акрамя таго, гэта падабенства культураў, якое ў выпадку славянскіх народаў яшчэ гіпатэтычна азначае і падабенства моваў. Пры гэтым, у пэўным сэнсе Чэхія пазыцыянуе сябе як краіна з ці ня самай пасьпяховай дэмакратыяй у рэгіёне цэнтральнай і ўсходняй Эўропы, карані якой традыцыямі сягаюць яшчэ ў міжваенны час. Гэткі набор “якасьцяў” дазваляе Чэхіі пазыцыянаваць сябе адным з экспэртаў у рэгіёне. Даволі пасьпяховы старт ініцыятывы “Ўсходняга партнэрства” за часоў чэскага прэзыдэнцтва ў Радзе Эўразьвязу можа быць толькі сьведчаньнем такіх памкненьняў і жаданьня Чэхіі граць адпаведную ролю рэгіянальнага экспэрта ў ЭЗ.
Здавалася б, такое ўнікальнае спалучэньне кампэтэнцыяў Чэхіяй дазволіць ёй ня толькі рэалізаваць свой патэнцыял арыентыру для большасьці посткамуністычных краінаў і ў прыватнасьці краінаў былога СССР. Аднак, шэраг фактаў кажа пра зусім адваротнае – чэхі ўпарта ня хочуць бачыць таго, што адбылося дваццаць гадоў таму – а менавіта, распаду Савецкага Саюзу і ўзьнікненьня ажно пятнаццаці нацыянальных дзяржаваў з сваімі адметнымі культурамі і мовамі.
Прыкладам гэткага падыходу сталася нядаўняе апытаньне на сайце чэскай паліцыі для замежнікаў, дзе была зьмешчаная анкета з вельмі простым пытаньнем – “зь якой краіны Вы паходзіце?” Варыянтаў адказу было пяць – Чэская Рэспубліка, краіна Эўрапейскага Зьвязу, азіяцкая краіна, расейскамоўная краіна, і іншая краіна.
Дарма казаць, што тэрмін “расейскамоўная краіна” (па-чэску:ruskojazyčný stát) тычыцца Беларусі і ўсіх іншых цяперашніх і былых краінаў СНД (улучна з Грузіяй). Цікава пры гэтым, куды варта залічыць бальтыйскія краіны – Латвію, Летуву і Эстонію? З аднаго боку, яны натуральна ўпісваюцца ў катэгорыю “краіна Эўрапейскага Зьвязу”. Зь іншага боку, улічваючы адсотак асобаў, якія валодаюць расейскай мовай у гэтых краінах, яны таксама могуць быць залічаныя да “расейскамоўных краінаў”. Такім чынам, чэскія ўлады на практыцы выкарыстоўваюць уяўную канцэпцыю так званай “Русасфэры” (Russosphere), характэрнай для шэрагу заходніх аўтараў, такіх як напрыклад Тымаці Гартан Эш.
Пры аналізе гэтай канцэпцыі з аднаго боку, ніхто ня будзе адмаўляць факту таго, што за час знаходжаньня ў СССР мэнтальнасьць людзей з гэтых краінаў набыла шмат падобных рысаў і што расейская мова для гэтых людзей была і зазвычай застаецца мовай міжнацыянальных зносінаў, сваістай lingua franca. Зь іншага боку, выкарыстаньне такой канцэпцыі як у тэорыі, так і на практыцы пхае гэтыя краіны і іх грамадзтвы ў савецкае мінулае і ігнаруе той факт, што за дваццаць гадоў вырасла новае пакаленьне людзей, якія ня ведаюць, чым быў Савецкі Саюз. Для гэтага пакаленьня нават пры іх поўнай ці частковай расейскамоўнасьці існуе выразны падзел на сваё (беларускае, украінскае, казаскае і г.д.), хай сабе і ў расейскамоўнай абалонцы, але з нацыянальнай спэцыфікай, і расейскае, хоць і блізкае, але ўсё ж чужое ці прынамсі не сваё, бо належнае іншай, хоць і суседняй дзяржаве. Таму ў дадзеным выпадку, выкарыстаньне тэрміну “расейскамоўная краіна” грае на карысьць расейскага нэаімпэрыялізму ці рэваншызму, хоць і не сыходзіць ад расейскай дзяржавы. Нерасейскія ж краіны былога СССР, а таксама іх мовы і культуры разглядаюцца як нейкія непаўнавартасныя, другарадныя, ня вартыя асобнае ўвагі дадаткі да расейскага культурнага (і палітычнага) арыялу, гатовыя патануць, распусьціцца ў расейскай культурнай прасторы.
Такі падыход ў нечым нагадвае практыкі стаўленьня чэскіх элітаў да Славаччыны, апісаных шэрагам аўтараў, такіх як Эрык Штайн. Славаччыну лічылі братняй, але кансэрватыўнейшай і культурна менш разьвітай. Менавіта таму для чэскіх элітаў быў шмат у чым характэрны чэхацэнтрызм і патэрналізм у аналізе міжэтнічных і міжкультурных стасункаў у межах Чэхаславаччыны. Іншым прыкладам чэскага “братняга патэрналізму”, што праўда вельмі адрозным ад славацкага па зьмесьце, можа быць усходненямецкая Лужыца зь ейным аўтахтонным славянскім насельніцтвам – лужыцкімі сэрбамі. Таму, можна ўважаць, што чэскія эліты маюць пэўны досьвед успрыняцьця свайго народу як цэнтру палітычнага і культурнага прыцягненьня для шэрагу іншых народаў – славакаў і лужычанаў. Імаверным вынікам такога стаўленьня ёсьць простая спроба перанесьці такое ўспрыняцьце рэчаіснасьці на постсавецкі рэгіён, дзе натуральным цэнтрам палітычнага і культурнага прыцягненьня ў вачох чэхаў ёсьць Расея.
Таму, тэрмін “расейскамоўная краіна” ёсьць абсалютна некарэктным як палітычна, так і культурна. Гэты адзінкавы прыклад сьведчыць калі не пра некампэтэнтнасьць Чэскай дзяржавы ў справах на пост-савецкай прасторы, дык пра тэндэнцыю спрашчэньня яе пярэстай культурнай і палітычнай палітры, які ў значнай ступені можа быць патлумачаны пераносам практыкаў чэскіх элітаў датычна “братніх” Славаччыны і Лужыцы на постсавецкую прастору, а таксама прыхаваным русафільствам, гістарычна характэрным для даволі значнага кола чэскіх элітаў, што ў пэўнай ступені базуецца на згаданым вышэй падабенстве ў жаданьні быць рэгіянальнымі цэнтрамі. Таму, наўрад ці можна казаць пра пасьпяховасьць ролі Чэхіі ў ролі рэгіянальнага экспэрта ЭЗ на постсавецкай прасторы, калі так званы “эксперт” спрабуе вашакомнічаць, максымальна спрасьціўшы сабе задачу і гледзячы на ўвесь постсавецкі абшар толькі праз наяўнасьць чыньніку Расеі.
Кірыл Касьцян
Крыніца: http://thepointjournal.com/output/index.php?art_id=97&spr_change=bel