You are here
Home › Аб'явы › Заява грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі "Пагоня" наконт "Беларускага дому" ў ПразеЗаява грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі "Пагоня" наконт "Беларускага дому" ў Празе
Мы, Рада грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі “Пагоня”, азнаёміўшыся з матэрыялам пад назвай “У Чэхіі афіцыйна зарэгістраваны Беларускі дом”, чуемся ў абавязку выказаць сваё стаўленне наконт падачы інфармацыі журналісткай БелаПАН Таццянай Каравянковай.
Фармальна інфармацыя ў тэксце пададзеная карэктна, бо прадстаўнік грамадзкай арганізацыі “Пагоня” сапраўды прысутнічаў на так званым “Першым сходзе беларускіх аб’яднаньняў Чэхіі”. Падчас гэтага паседжання была ўзнятая толькі ідэя стварэння “Беларускага дому”. Аднак, ніякіх рашэнняў пра які-кольвек супольны план дзеянняў ці ўвогуле нейкія канкрэтныя захады ў гэтым пытанні не прымалася. Тым больш, сама ідэя стварэння “Беларускага дому” не была падтрыманая ўсімі ўдзельнікамі так званага сходу. Пра гэта згадвалася ў адмысловай заяве Рады грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі “Пагоня”, распаўсюджанай 21. лістапада 2012 году, дзе мы падкрэслілі, што “мы лічым пражэкт так званага “Беларускага дому ў Празе” вельмі сумнеўным і ўважаем, што сярод шырэйшай публікі ён выкліча шмат пытанняў датычна сродкаў і спосабаў ягонага фінансавання, магчымай залежнасці ад чыёйсьці падтрымкі і таго, хто ўзначаліць гэты “Беларускі дом”. Таму нашая арганізацыя ўвогуле не падтрымала ідэі стварэння “Беларускага дому” ў агучаным на сходзе фармаце.
З гэтай прычыны, мы лічым, што пададзеная ў артыкуле “У Чэхіі афіцыйна зарэгістраваны Беларускі дом” інфармацыя не ёсць усебаковай і цалкам слушнай. Па-першае, прыгадванне арганізацыяў, што ўдзельнічалі ў гэтым паседжанні стварае ў чытача ўражанне, што ідэя “Беларускага дому” была безапеляцыйна падтрыманая ўсімі ўзгаданымі арганізацыямі, а магчыма нават, што нібыта ўсе шэсць згаданых арганізацыяў бралі ўдзел у стварэнні “Беларускага дому”. Па-другое, незразумела, навошта было прыводзіць спіс арганізацыяў, што бралі ўдзел у так званым “Першым сходзе беларускіх аб’яднаньняў Чэхіі”, калі ў тэксце не ўздымаецца праблема рознага стаўлення гэтых арганізацыяў да “Беларускага дому”, што негатыўна адбіваецца на рэпутацыі гэтых арганізацыяў.
Мы просім кіраўніцтва БелаПАН прынесці афіцыйныя прабачэнні грамадзкай арганізацыі “Пагоня”, а таксама патлумачыць сітуацыю наконт крыніцаў інфармацыі, каб у далейшым пазбегнуць магчымых непаразуменняў у дадзеным пытанні. Мы таксама просім кіраўніцтва БелаПАН даць нам магчымасць дзеля агучвання нашай пазіцыі ў пытанні “Беларускага дому” ў Празе.
Карыстаючыся нагодай, мы хочам падкрэсліць нашую адкрытасць да супрацы з усімі грамадзка-культурніцкімі непалітычнымі і палітычна незаангажаванымі арганізацыямі, што прадстаўляюць беларускую супольнасць у Чэшскай Рэспубліцы і па-за яе межамі ў грамадзка-культурнай і асветніцкай сферах.
у Празе, 03.01.2013 Рада грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі “Пагоня”