Міжнародны жаночы дзень
Міжнародны жаночы дзень — свята, якое адзначаецца ў шэрагу краін як «жаночы дзень». Сэнс, які ўкладаецца ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын.
Шырокі распаўсюд атрымала версія, згодна з якой традыцыя адзначаць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка была пачатая «маршам пустых рондаляў», які правялі ў гэты дзень 1857 году работніцы тэкстыльнай прамысловасці і пашывальных фабрык у Нью-Ёрку ў знак пратэсту супраць непрымальных умоў працы і нізкай заробнай платы. Яны патрабавалі скарачэння працоўнага дню, паляпшэння ўмоў працы, роўную з мужчынамі заробную плату. Жанчыны ў той час працавалі да 16 гадзін на суткі, а іх праца была вельмі нізкааплочваемая. Ліліана Кандэл і Франсуаза Пік у сваім артыкуле паказалі, што дадзены факт не мае пацверджання, а легенда, імаверна, была прыдуманая ў 1955 годзе, каб аддзяліць традыцыю свята ад камуністычнай ідэалогіі, што было важна для змагароў за правы жанчын у Заходняй Еўропе і ЗША ў гады Халоднай вайны.
Клара Цеткін у 1910 годзе, на Другой Міжнароднай сацыялістычнай жаночай канференцыі, якая адбылася ў Капенгагене 27 жніўня ў межах Восьмага кангрэсу Другога Интернацыяналу, прапанавала заснаваць міжнародны жаночы дзень. Мелася на ўвазе, што ў гэты дзень жанчыны будуць ладзіць мітынгі, прывабліваючы грамадзкасць да сваіх праблемаў.
У 1911 годзе першы Міжнародны жаночы дзень святкаваўся ў Нямеччыне, Аўстрыі, Даніі і Швейцарыі.