Віншаванне ад Івонкі Сурвілы

27-га лістапада гэтага году беларусы ўсяго свету будуць адзначаць 93 ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. З гэтай нагоды Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, падрыхтавала віншаванне сваім суайчыннікам, якое даслала ў тым ліку і нам на Пагоню. Прыводзім тэкст віншавання:

Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну - Днём Герояў Беларусі.

Кожны год мы сьвяткуем гэты восеньскі дзень, каб прыпомніць і аддаць чэсьць тым адважным Случчакам, якія ўзялі на сябе заданьне абараніць сваю зямлю ад бальшавіцкай навалы.

Дарагія Суродзічы! Случчакі жывуць таму, што мы іх памятаем. А таму, што мы іх памятаем, і мы жывём! І ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Усе мы ведаем пра ролю памяці ў жыцьці кожнага народу.

У канадзкай правінцыі Кэбэк, дзе я жыву, народным дэвізам ёсьць JE ME SOUVIENS! (Я ПАМЯТАЮ). Нашую памяць акупанты стараліся выкараніць на працягу двух стагодздзяў, бо ведалі, што без памяці народ памрэ. Аднак нашая нацыянальная сьвядомасьць, па якой і свае, і чужыя няраз адпраўлялі паніхіды, перамагла ўсе спробы генацыду. Памяцьцю мы даказалі нашую жыцьцяздольнасьць.

Апошняя надзея нашых ворагаў - выкараніць з памяці народу беларускую мову. Ня ведаю, як Вам, але мне падаецца, што і тут яны прайграюць! Я моцна веру, што і тут пераможа нашая генэтычная памяць, бо наш цярплівы народ не адмовіцца ад жыцьця. Выратуем мы і нашую цудоўную мову.

Жывуць Случчакі! Жыве Беларусь! Будзе жыць беларуская мова! Бо мы памятаем!

 

Івонка Сурвіла, 

Лістапад 2013