Абрад пахавання сп.Юркі Станкевіча
У пятніцу 15-га жніўня сваякі і сябры праводзілі сп.Юрку Станкевіча ў апошні шлях.
У пражскім касцёле U Salvátora адбылася жалобная імша, прагучалі развітальныя прамовы блізкіх.
На фота зверху сп. Вячка Станкевіч, брат Юркі Станкевіча, сябра Рады БНР, старшыня Галоўнай управы Беларуска-амэрыканскага задзіночання
Сяргей Навумчык, намеснік старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, падчас прамовы выказаў спачуванні родным сп.Юркі і ад імя самой сп. Івонкі. У ягонай прамове прагучалі цудоўныя словы: "Аптымізм Юркі ўражваў і натхняў. І гэта спалучэнне аптымізму, веры ў сапраўдную незалежнасць Беларусі, якую ён ніколі на працягу свайго жыцця не губляў, і зайздростнай энэргіі паслужыць добрым прыкладам для ўсіх тых, каму надалей давядзецца несці святы бел-чырвона-белы сцяг".
Пасля імшы сябры і блізкія сп. Юркі мелі магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць, узгадаць сп.Юрку ў размовах, разглядзець фатаздымкі з ягонага насычанага падзеямі жыцця. Некаторыя фатаздымкі былі раздрукаваныя і раскладзеныя ўздож сцяны, у асобным пакоі фатаздымкі паказываліся праз праектар, і кожны фатаздымак каментаваў сп. Вячка альбо сп. Яна Браніса, дачка сп. Юркі. Для гасцей быў зарганізаваны і пачастунак.
Увечары, а шостай гадзіне пачаўся абрад пахавання на могілках у Кладна, дзе была пахаваная жонка сп. Юркі, сп. Гана Марыя Браніса-Станкевіч.
Яна Браніса падзякавала ўсім гасцям, якія сабраліся разам, каб развітацца і аддаць дадіну павагі яе бацьку. Яна была вельмі рада пабачыць усю сваю сямью разам.
Па старажытнай беларускай традыцыі Віталь Цімошчанка заіграў на дудзе развітальную мелодыю. Пасля гэтага прысутныя ўскладалі кветкі і вянкі на магілу, у апошні раз казалі сп. Юрку развітальныя словы.
Светлая памяць дзядзькі Юркі яшчэ доўга будзе жыць у сэрцах тых, хто меў шчасце ведаць гэтага вялікага чалавека.
Вялікі дзякуй Святлане Вранавай і Ксеніі Бязрукай за цудоўныя фатаздымкі!