Прэзентацыя "Макулатуры"
У чацвер 19-га сакавіка ў нашай клюбоўні адбылася прэзентацыя двух свежых нумароў культурна-мастацкага часопісу “Макулатура”, якую правёў галоўны радактар і заснавальнік часопісу Сяргей Календа.
У першую чаргу была прадстаўленая “Макулатура Славацкая”, то бок шосты нумар часопісу, які прапаноўвае чытачам падарожжа ў свет славацкай літаратуры. Да яе стварэння ў якасці рэдактара і перакладчыка спрычыніўся Сяргей Сматрычэнка, з якім мы мелі шчасце пазнаёміцца падчас недавняй прэзентацыі Чэшскай калекцыі. Ён дапамог сабраць пісьменнікаў, пры гэтым імкнуўся адбіраць не толькі найбольш знакавыя фігуры ў Славакіі, але таксама найбольш смелыя з іх.
Цікавай асаблівасцю славацкай Макулатуры з’яўляецца стыль суправаджальных ілюстрацый – амаль усе яны былі першапачаткова створаныя з сапраўдных тканяў і нітак – некаторыя вышыўкай, некаторыя вязаннем ці проста выкладаннем нітак, і пасля сфатаграфаваныя адмыслова для часопісу.
Сёмы нумар – “Шалёная Макулатура” – пабачыў свет негледзячы на крызісны для часопіса час дзякуючы фінансавай падтрымцы неабыякавых чытачоў, чые імёны былі змешчаны на асобнай закладцы, што дадаецца да кожнага асобніку. Вокладку ў стылі акварэль стварыла беларуская мастачка з Плзені - Вольга Якубоўская.
“Шалёная Макулатура” хавае ў сабе таямніцу ў выглядзе трох выразаных старонак. Магчыма ў светлай будучыні свету адкрыецца шалёны змест двух апавяданняў, што былі надрукаваныя на выдаленых старонках, - галоўны рэдактар прызнаўся, што дзесяць асобнікаў с таямнічымі старонкамі ён усё ж захаваў. Такім чынам непадцэнзурны часопіс упершыню адчуў подых цэнзуры:)
Госці імпрэзы даведаліся ад абаяльнага і пазітыўнага рэдактара шмат цікавых гісторыяў, датычных існавання Макулатуры, працы над стварэннем новых нумароў, складанасцяў з выданнем і распаўсюдам нумароў ды іншага. У якасці наступных нумароў плануецца стварэнне Макулатуры Украінскай і Гарадской, і магчыма нават Японскай. Для гарадской Макулатуры ўжо задуманыя ілюстрацыі, якія мастакі будуць першапачаткова выконваць у выглядзе графіці, што ў сваю чаргу маецца ўвасабляць выхад мастацкай літаратуры ў горад.
У завяршэнне была прэзентаваная кніга Аляксандра Бацькеля “Маёнтак рыбы”. Кніга ўяўляе сабой зборнік паасобных кароткіх апавяданняў, і некалькі з іх Сяргей Календа зачытаў падчас імпрэзы.
На развітанне Сяргей зрабіў агульнае сэлфі, раздаў кожнаму госцю за дабравольныя ўнёскі на падтрымку часопіса прэзентаваныя шосты і сёмы нумары Макулатуры, ды кнігу “Маёнтак рыбы” і даў абяцанне завітаць у клюбоўню з прэзентацыяй наступнага нумару, як толькі той выйдзе з друку.