Дзень Волі

Імпрэза 21-га сакавіка ўявіла сабой першую частку праграмы святкавання 97-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пражскія беларусы сабраліся ў той вечар на клюбоўні, каб аддаць даніну павагі святу беларускай незалежнасці.

Галоўнай тэмай вечара стала прэзентацыя кнігі Сяргея Навумчыка “Дзевяноста чацвёрты”, пра якую аўтар асабіста распавёў сабраўшымся гасцям. Кніга працягвае цыкл, прысвечаны апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэння, два гады таму выйшла папярэдняя кніга пад назвай «Дзевяноста першы». 

Гаворку распачаў Вінцук Вячорка, які падкрэсліў каштоўнасць кнігі для маладога пакалення ва ўмовах сучаснасці:

“Роўна важна, што ёсць і кніга, і сеціўная публікацыя, якая фіксуе дакументальна – неспрэчнымі фактамі і сведчымі відавоцтвамі – тыя рэчы, якія наймаладзейшае пакаленне проста не ведае, ці ўспрымае такімі самымі далёкімі, як і падзеі 10-х, 20-х гадоў мінулага стагоддзя.”

Каб урэшце выканаць місію айцоў першай незалежнай рэспублікі, сучасная моладзь мусіць быць падрыхтаванай да нелёгкай барацьбы за свае карані. Пры гэтым галоўная зброя – захаванне каштоўнасцяў нацыянальнага руху, веданне гісторыі і мовы.

“У вялікай ступені 94 год як трагедыя беларускага народа адбыўся таму”, - лічыць спадар Вінцук, - “што мы трохі былі самазаспакоіліся, стварыўшы інстытуты грамадзкіх арганізацыяў (найгалаўнейшы - інстытут незалежнай беларускай дзяржавы). Умоўна кажучы, ёсць ТБМ, ёсць Трусаў, няхай ён і змагаецца за беларускую школу, яго за гэта адказнасць, яго і спытаем, калі што. Мы былі перакананыя, што грамадства, народ даспелі да разумення таго, якія каштоўнасці ні ў якім разе нельга забываць. Аказваецца, недастаткова даспелі, не ўсе даспелі.”

Цяперашнія маладыя часта не падазраюць, якімі намаганнямі і ахвярамі далося аднаўленне незалежнай беларускай дзяржавы ў 1991 годзе. Не ведаюць герояў той барацьбы, не ведаюць вінаватых і тых, хто пакаяўся. “У гэтым сэнсе Сяргеевы кнігі – вельмі важныя цагліны да тых прыступак, на якія трэба ўздымацца кожнаму наступнаму пакаленню. Каб не вынаходзіць ровар, можа быць, і стоячы на хрэбтах папярэдніках, мець магчымасць узляцець вышэй” – кажа Вінцук Вячорка.

Каб падмацаваць свае словы дзеяннем, на развітанне спадар Вінцук падараваў клюбоўні некалькі адукацыйных дыскаў для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Гадуйма беларусаў” – каб з маленства пазнавалі родную культуру і гісторыю. Беларускамоўная праграма выхавання, прадстаўленая на гэтых дысках, была складзеная яшчэ ў 1989 годзе самім спадаром Вінцуком і Пётрам Садоўскім. Кожны дыск змяшчае інтэрактыўныя гульні, чытанку, маляванкі ды іншае.

Аўтар прэзентаванай кнігі “Дзевяноста чацвёрты” - Сяргей Навумчык – перш чым перайсці да тэмы ўласнай кнігі, зачытаў гасцям імпрэзы віншаванне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Спадарыня Івонка перадае ўсім беларусам света заклік засцерагацца “імперскага цмока”, які зноў разбудзіўся і пагражае беларускай незалежнасці.

Паводле сп. Івонкі, адзіная зброя, якой мы валодаем - салідарнасць Захаду, давер і павага з боку іншых еўрапейскіх народаў.

Прадмову да кнігі “1994” напісаў Аляксандр Лукашук, які асабіста зачытаў яе гасцям. У прадмове метафарычна апісаная гісторыя казачнай прынцэсы, якая даверылася хлусліваму жаніху, а той пасля вяселля замкнуў яе ў вежы.

Сяргей Навумчык аднак перакананы, што ў сапраўднай гісторыі не было ўзаемнага кахання, а “жанішок” той быў проста падсунуты нявесце ўсялякімі спосабамі, часта бруднымі.

У сваёй кнізе ён імкнецца паказаць чытачу, што падзеі 94-га году адбыліся невыпадкова, не мела места народная рэвалюцыя.

Вячаслаў Кебіч адкрыта прызнаецца ў сваіх мемуарах, што працаваў з Аляксандрам Лукашэнкам у адной звязцы па замове Лубянкі. Іх галоўная мэта была не пусціць да ўлады прадстаўнікоў БНФ і “націяналістаў” (Зянона Пазняка, Станіслава Шушкевіча). “Мы выступілі ў адной абойме. А чыя большая заслуга, што мы не пусцілі да ўлады нацыяналістаў – мая ці Лукашэнкі – няхай вырашыць час” – піша Кебіч.

Сяргей Навумчык разглядае і аналізуе розныя варыянты развіцця падзеяў, падрабязна апісвае найбольш знакавыя фігуры ў тагачаснай палітыцы.

У бліжэйшым часе кнігу можна будзе спампаваць з сеціва ў фармаце PDF.

Завяршальнай стала прамова Франака Вячоркі, які распавёў пра новыя ініцыятывы моладзі, такія як моўныя шоў, спеўныя сходы, вышыванкі – вышымайкі і іх ролю ў развіцці беларускай справы.

Сяргей Навумчык падараваў і падпісаў жадаючым некалькі асобнікаў новай кнігі.

Ва ўтульнай атмасферы за кубачкам гарбаты ці келіхам віна госці мелі магчымасць абмеркаваць насычаную прэзентацыю і проста пагутарыць з сябрамі.