Вацлаў Жыдліцкі
16-га красавіка 1931 г. нарадзіўся Вацлаў Жыдліцкі (16.04.1931 - 19.08.2002) - вядомы чэшскі літаратуразнаўца, даследчык украінскай і беларускай літаратур, перакладчык беларускай, украінскай, рускай і польскай літаратур. Доктар філалогіі, прафесар Карлава ўніверсітэта, ганаровы доктар БДУ, адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Доўгі час ён уваходзіў у склад яе камітэта, выступаў на кангрэсах і канферэнцыях. У 1982 годзе быў узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, а ў 1996 г. яму было прысвоена званне ганаровага доктара і прафесара Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзякуючы гэтаму чэшскаму даследчыку беларуская літаратура стала вядомая культурнай чэхаславацкай грамадскасці і была ўключаная ў шырокі літаратурны еўрапейскі і сусветны кантэкст.
В. Жыдліцкі многа і добра перакладаў з беларускай мовы на чэшскую. Сярод яго перастварэнняў — «Я з вогненнай вёскі…» А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка, «Хатынская аповесць» А. Адамовіча, «Птушкі і гнёзды», «Ніжнія Байдуны» і «Апошняя сустрэча» Я. Брыля, «Абеліск» і «Дажыць да світання» В. Быкава, «Дзікае паляванне караля Стаха», «Нельга забыць», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі» У. Караткевіча, «Данута» А. Карпюка, «Мсціжы» І. Пташнікава, «Гандлярка і паэт» і «Сэрца на далоні» І. Шамякіна і інш. Ім складзена анталогія сучаснай беларускай паэзіі, аднатомнікі Я. Купалы і М. Танка на чэшскай мове, выхавана некалькі маладых перакладчыкаў. В. Жыдліцкі выдатна валодаў жывой беларускай мовай.
У "Слоўніку пісьменнікаў народаў СССР" змясціў 200 біяграфій беларускіх творцаў.
Вядомы беларускі навукоўца Адам Мальдзіс пісаў (“Полымя”, 1967, № 3), што Жыдліцкі глядзеў на беларускую літаратуру “вачыма зычлівага друга” і змог раскрыць непаўторную сваеасаблівасць беларускай літаратуры, з дастатковай паўнатой расказаць пра яе гістарычнае мінулае і сённяшні дзень, здолеў аддзяліць галоўнае ад другаснага, вылучыць тое, што складае прыгажосць нашага сённяшнега пісьменства.
У 1978 г. Сяргей Панізьнік - вядомы беларускі паэт, перакладчык чэшскай паэзіі - спытаўся ў інтэрв’ю ў Жыдліцкага, адкуль узнікла цікавасць да беларускай мовы і літаратуры. У адказ пачуў, што ўсё пачалося са слова “сябра”: Жыдліцкі чытаў верш Максіма Рыльскага “На братняй зямлі” з падзагалоўкам “Прысвячаецца беларускім сябрам”, зацікавіўся незнаёмым словам, стаў шукаць яго этымалогію і так адкрыў для сябе новы свет беларускай культуры, мовы і літаратуры. У 1961 г. чэшскі навукоўца цэлы год праходзіў стажыроўку ў Мінску і вельмі добра вывучыў беларускую мову, пра што неаднойчы згадваў Ніл Гілевіч.
Цягам свайго жыцця прафесар Жыдліцкі збіраў кнігі на розных мовах, у тым ліку на беларускай. І менавіта гэтая беларускамоўная літаратура стала асновай нашай бібліятэкі, што месціцца цяпер у прасторах беларускай клюбоўні ў Празе.
Уладзімір Караткевіч і Вацлаў Жыдліцкі (фота з архіву Сяргея Панізьніка)
Вячаслаў Рагойша, Максім Танк, Таццяна Кабржыцкая, Фларыян Няўважны (Польшча), Раман Іванычук (Украіна), Вацлаў Жыдліцкі (Чэхія), Іван Шамякін. Міжнародны семінар перакладчыкаў беларускай літаратуры. Дом творчасці "Іслач". Ракаў. Верасень 1987 г. (фота з архіву Сяргея Панізьніка)
Што ж ты так бушавала , Влтава,
Што не стала майго Вацлава,
Нашага Вацлава не стала, --
Што ж ты так бушавала ,
Влтава?!
Беларускаму слову “сябры”
Пакланяўся ты, ніжай зары,
Тэзаіменны святому Вацлаву,
Святога множачы славу.
Ды – занямелая рука
Беларускага сябрука,
Якой і з красы слова нашага
Славяншчыне назапашана…
Карлава ўніверсітэта лавы
Шырэлі ад запросін Вацлава,
І Гашакавыя каля Влтавы –
Шырэлі ад запросін Вацлава, --
Ды не пашырэюць больш,
Увайшлі ў берагі Влтава,
Ды не сяброў тваіх боль,
Не жаль Беларусі ласкавай.
(Алег Лойка “Памяці Вацлава Жыдліцкага”)
Крыніца: А.Вострыкава "Заснавальнік чэшскай беларусістыкі Вацлаў Жыдліцкі" - Роднае слова. № 4.