Прэзентацыя кнігі Цімафея Авіліна "Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія"
Спрадвеку людзі часта ўздымалі свой позірк да нябёсаў, імкнучыся знайсці там адказы на самыя патаемныя і сакральныя пытанні. Іх погляды і ўяуленні, непарыўна звязаныя з міфалогіяй, з’яўляліся толькі здагадкай аб тым, што ўтойвае нябесная глыбіня. Шмат часу прайшло, і нарэшце чалавек змог пераадолець зямное прыцягненне, каб даведацца, што знаходзіцца за тым загадкавым блакітам.
Дарагія сябры, гэтая рэтраспекцыя створана для таго, каб супрацоўнік Акадэміі навук Цімафей Авілін навочна паказаў нам, наколькі ўяуленні нашых продкаў адрозніваліся ад таго, што насамрэч хаваецца за пухнатымі аблокамі. Перад намі паўстануць найцікавейшыя вобразы і паданні зямлі беларускай, якіх мы ніколі не чулі. Народныя назвы зорак, сузор'яў, прымхі і паданні пра паходжанне нябесных целаў - для нашых продкаў зоры былі бліжэйшыя і мелі свае, тутэйшыя найменні і міфы.
Гэта першае і пакуль адзінае ў Беларусі грунтоўнае даследванне па гэтай тэме. Фізік-ядзершчык па адукацыі, этнограф, лінгвіст, праграміст - 12 год аўтар збіраў інфармацыю ў этнаграфічных экспедыцыях і па архівах.
Прэзентацыя адбудзецца ў пятніцу 20-га траўня ў памяшканні нашай клюбоўні.
Падчас прэзентацыі будзе магчымасць набыць кнігу, кошт складае 540 крон. Калі хтосці не зможа прысутнічаць на прэзентацыі, але хацеў бы набыць кнігу з подпісам аўтара, можа замовіць яе да серады 18-га траўня, напісаўшы нам на pahonia.info@gmail.com ці патэлефанаваўшы арганізатару - Віталю Цімошчанку (777 925 118).
Пачатак у 18.00.