Jste zde
Domů › Навіны › Працэс прызнаньня беларусаў у якасьці нацыянальнай меншасьці ў Чэхіі: як гэта насамрэч былоПрацэс прызнаньня беларусаў у якасьці нацыянальнай меншасьці ў Чэхіі: як гэта насамрэч было
Улічваючы тое, што пытаньне прызнаньня беларусаў у якасьці нацыянальнай меншасьці ў Чэхіі ў апошнія дні набыло шырокі розгалас, а таксама магчымыя спэкуляцыі некаторых журналістаў і грамадзкіх дзеячоў наконт прычынаў зьяўленьня гэтай ініцыятывы, мы як ініцыятары прызнаньня беларусаў як нацыянальнай меншасьці, адчуваем свой абавязак патлумачыць усю сытуацыю і распавесьці, як гэта адбывалася.
Нашай спачатнай мэтай было выключна прызнаньне беларусаў як нацыянальнай меншасьці. Улічваючы досьвед папярэдніх спробаў паасобных прадстаўнікоў беларускай грамады ў Чэхіі, якія ня здолелі пайсьці далей за размовы з паасобнымі прадстаўнікамі чэскай палітычнай грамадзкасьці, дзе ім казалі, што шанцаў на гэта амаль няма, што гэта заскладана ці ставілі пытаньне аб мэтазгоднасьці наагул распачынаць гэты працэс, мы вырашылі пайсьці іншым шляхам. Ініцыятараў прызнаньня было пяцёра – мастак Адась Калюта, прадпрымальнік Віталь Цімошчанка, а таксама частка рэдакцыі часопісу “Belarusian Review” у складзе яго галоўнага рэдактара Юркі Станкевіча, рэдактара сайту часопісу і юрыста Кірыла Касьцяна, а таксама намесьніцы рэдактара часопісу і спэцыяліста ў міжнародных стасунках Ганны Васілевіч. Замест таго каб хадзіць і пытацца і размаўляць зь кімсьці, мы вырашылі прааналізаваць закадаўства Чэскай рэспублікі датычна патрабаваньняў да прызнаньня нацыянальных меншасьцяў, каб даведацца наконт рэальных пэрспэктываў прызнаньня беларусаў у якасьці меншасьці і акрэсьліць стратэгію нашых дзеяньняў. Гэты юрыдычны аналіз быў зроблены Кірылам Касьцянам і на падставе яго была выясьненая неабходнасьць дакладаньня меркаваньня экспэрта-гісторыка, дзеля ацэнкі гістарычнай прысутнасьці беларусаў на землях сучаснай Чэскай рэспублікі. Пошукам такога экспэрта і супрацоўніцтвам зь ім займалася Ганна Васілевіч. Экспэртам стала вядомая чэская прафэсарка др. Мілада Палішэнска, якая ў сваіх дасьледаваньнях факусуецца на праблематыцы камуністычных рэспрэсіяў у пасьляваеннай Чэхаславаччыне, а таксама займаецца пытаньнямі нацыяналізму і нацыябудаваньня ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Прафэсарка др. Палішэнска, якая ведае беларускую праблематыку як у кантэксьце камуністычных рэпрэсіяў у Чэхаславаччыне, так і ў шырэйшай пэрспэктыве, пагадзілася даць такое меркаваньне. Мы мусім тут адзначыць выключную ролю Ганны Васілевіч у працэсе каардынацыі падрыхтоўкі меркаваньня экспэрта і юрыдычных дакумэнтаў у справе прызнаньня беларусаў як нацыянальнай меншасьці, што дазволіла падрыхтаваць узгодненыя і кансалідаваныя тэксты, пазьней прыхільна прынятыя ўладамі Чэскай рэспублікі.
Асноўным юрыдычным дакумэнтам стаў адпаведны Мэмарандум з посьбай прызнаць беларусаў як нацыянальную меншасьць. Тэкст Мэмарандуму грунтаваўся на аналізе заканадаўства Чэскай рэспублікі і на меркаваньні экспэрта, і быў падрыхтаваны Кірылам Касьцянам. Гэты Мэмарандум быў дасланы Прэзыдэнту Чэскай рэспублікі Вацлаву Кляўсу, прэмьер-міністру – Пятру Нэчасу, а таксама старшыням абедзьвюх палатаў парлямэнту Чэскай рэспубілкі – Пшэмыславу Соботку і Міраславе Немцавай. Адказы ад Прэзыдэнта і кіраўнікоў парлямэнту хоць і адсылалі да Ўраду, але былі прыхільнымі. Урад Чэскай рэспублікі таксама прыязна паставіўся да нашага Мэмарандуму і адгэтуль нас сталі рэгулярна запрашаць на паседжаньні Рады Ўраду Чэскай рэспублікі ў справах нацыянальных меншасьцяў. Чэскія ўлады зьвязваюць прызнаньне з апошнім агульнанацыянальным перапісам, вынікі якога, аднак, яшчэ не абвешчаныя. Таму, справа прызнаньня ёсьць покуль незавершанай.
Менавіта з-за незавершанасьці працэсу прызнаньня мы сьвядома не распаўсюджвалі гэтую інфармацыю, бо хацелася ганарыцца ня столькі высілкамі, але станоўчымі вынікамі. Акрамя таго, нам не хацелася спэкуляваць яшчэ непрынятым рашэньнем і рабіць сабе на гэтым рэкляму. Таксама хочам падкрэсьліць, што сярод чэскіх беларусаў існуе кансэнсус аб неабходнасьці афіцыйнага прызнаньня ў якасьці меншасьці, пра што сярод іншага сьведчаць апісаныя вышэй ранейшыя высілкі іншых прадстаўнікоў беларускай грамады.
З канца мінулага тыдню ў шэрагу мэдыяў зьявілася інфармацыя пра нашу ініцыятыву. У некаторых мэдыях зьявіліся камэнтары пэўных асобаў, з зьместу якіх чытач ці слухач можа скласьці няслушнае ўяўленьне аб іхным быццам бы ўдзеле ў гэтай ініцыятыве. А спадар Бандарук з “Радыё Рацыя” наагул не зьвязаўшыся з намі на сваім блёгу пачаў спэкуляваць адносна нашых памкненньняў, назваўшы нас “патрабавальнымі гасьцямі”. З гэтага ў нас узньнікла ўражаньне, што гэтая асоба наагул нэгатыўна ставіцца да магчымага прызнаньня беларусаў у якасьці нацыянальнай меншасьці ў Чэскай рэспубліцы.
Ініцыятары прызнаньня:
Ганна Васілевіч, Адась Калюта, Кірыл Касьцян, Юрка Станкевіч, Віталь Цімошчанка
Крыніца: http://thepointjournal.com/output/index.php?art_id=124&spr_change=bel