Яшчэ пра “геапалітыку па-чэску”

Мае калегі  з  рэдакцыі  часапісу Belarusian Review мяне папрасілі напісаць камэнтар да артыкулу Кірыла Касьцяна.

Вось, перш мне здаецца, што загаловак артыкулу ня вельмі ўдалы.  У чытача ствараецца ўражаньне,  што ўсё  чэскае грамадзтва, а што горш, нават і сама чэская дзяржава мае аднолькавы пагляд на геапалітыку ўсходня-эўрапэйскага рэгіёну, куды належыць  і  Беларусь.  Калі нам, на аснове асабістых дасьведчаньняў,  часам  гэтак  здаецца, дык варта прааналізаваць прычыны й  пашыранасьць такога пагляду.

Прачытаўшы другі параграф артыкулу, я прыйшоў да выснаву, што ў вялікай меры да  аўтаравай крытыкі «геапалітыкі па-чэску» спрычынілася ягонае (і бальшыні беларусаў) расчараваньне.

На першы пагляд, бальшыні беларусаў прыемна пазнаць, што ў нашых двух народаў шмат супольнага, як і вылічае аўтар артыкулу: падабенства культураў, моваў, да пэўнай меры й мэнталітэту. Да таго яшчэ агульны досьвед камуністычнага мінулага.

Дзякуючы гэтым фактам, мы схільныя нашы дачыненьні з чэскім народам ідеалізаваць. Нам здаецца: яны-ж павінны нас разумець.

Адным словам — каханьне бяз узаемнасьці.

А, нажаль, рэчаіснасць іншая — бальшыня чэскага народу ставіцца да нас абыякава. Ды ня толькі да нас — нават да Палякаў , быццам найбліжэйшых Славян. Гэты, нам суседні народ, нам ведамы, як напыхлівы сваей культурай, агрэсыўны й часам арагантны. А якое ўяўленьне мае пра Палякаў «паспаліты» чэскі народ? Iх знае пераважна, як хітрых, дробных гандляроў ( šmelináři). А пра народы на ўсход ад Польшчы зацікаўленьні яшчэ меншыя.

Таму, цяжка гаварыць пра «жаданьні Чэхіі іграць ролю  эўрапэйскага рэгіянальнага экспэрта ў пост-савецкім рэгіёне.» Гэтыя жаданьні, можа і існуюць, але толькі ў меншай часткі чэскіх элітаў, а ўжо зусім не ў «паспалітага народу,» зь якім пераважна сустракаюцца ў штодзённым жыцьці беларусы-імігранты або часовыя студэнты.

Чэская абыякавасьць да ўсходнеславянскіх, нерасейскіх  народаў  мае  свае  гістарычныя карані. Яшчэ ў  19-тым стагодзьдзі, калі адбываўся працэс чэскага нацыянальнага адраджэньня, чэхі, зусім слушна, уважалі немцаў і нямецкую культуру  сваімі найбольшымі ворагамі — хаця, будучы фармальна  часткай шмат-этнічнае, і параўнальна лібэральнае Аўстра-вугорскае імпэрыі, чэхі адчулі нацыянальны прыгнёт у куды меншай меры, чымся беларусы ў царскай Расеі.

Тады ўжо паўстаў  у Чэхіі міт  г.зв. панслявізму, якога наймацнейшым  ( і адзіным) прадстаўніком чэхі ўважалі Расею, на якую тады ўскладалі найбольшую надзею ў сваім змаганьні супраць нямецкага ўплыву.   Пра існаваньне славянскіх  народаў, паняволеных Расеяй ніхто тады ў Чэхіі ня ведаў і не  хацеў ведаць.

У гэтай справе сытуацыя істотна палепшала пасьля  заснаваньня Чэхаславаччыны ў 1918 г., калі яе першы прэзыдэнт, Томаш Масарык, (цьвярозы крытык расейскага панслявізму), шмат памог беларускім студэнтам  з акупаванае Польшчай заходняе  Беларусі здабыць вышэйшую адукацыю ў Чэхаславаччыне.

Пераломным пунктам у  разважаньні асабліва «паспалітага» чэскага народу стала Мюнхенская дамова 1939 г., калі заходнія дзяржавы ( Англія, Францыя), імкнучыся ўлагодзіць  Нямеччыну Гітлера,   ахвяравалі   чэхаславацкую дэмакратычную дзяржаву.

На гэтую «заходнюю зраду»  ўсе слаі чэскага народу дагэтуль ня могуць забыцца.

Яна ажывіла  й  узмоцніла міт про-расейскага панслявізму і  вызначыла  на  доўгія  дзесяцігодзьдзі палітычнае думаньне чэскага, асабліва «паспалітага народу.»

Пасьля канца 2-ое Сусьветнае Вайны ў 1945 годзе, якраз дзякуючы недаверу да Захаду й узмоцненаму даверу да Расеі (г. зн. Савецкага Саюзу),  камуністычны ўплыў  у  Чэхаславаччыне нязвычайна   пабольшаў.  Падчас 3-х наступных гадоў, камуністычная партыя стала па ліку найбольшай у Эўропе. Нарэшце, пасьля перамогі ў выбарах і вялікіх памылак аслабленых дэмакратычных партыяў і паасобных дэмакратычных палітыкаў,  камуністы перахапілі ўсю ўладу ў пучы 1948 г. 

Ня гледзячы на жорсткі камуністычны тэрор 1950-ых гадоў і гвалтоўнае здушэньне  савецкім войскам  у 1968 годзе чэхаславацкіх спробаў зрэфармаваць  мясцовы  камунізм, чэскі «паспаліты народ» захаваў сваё стэрэатыпнае разуменьне Савецкага Саюзу, як толькі Расеі.

Вось, «у 1968 г. нас акупавалі Расейцы, у гакеі мы змаглі перамагчы Расейцаў,» і г.д.

Трэба дадаць што, пасьля  падзеяў 1968 г., 20 гадоў(!)  трывала  ў акупаванай  Чэхаславаччыне г.зв. «нармалізацыя,» пара «хлеба й гульняў, » падчас якой, калі не займацца апазіцыйнай палітыкай, можна было спакойна  пражыць. Адзінае, чаго народу  не хапала, была магчымасьць  выяжджаць за мяжу на вакацыі (за выняткам «братніх» Югаславіі, Баўгарыі  і пад.)

А  мясцовая    папулярная   культура   цьвіла: сьпевакі, палітычна нэўтральныя фільмы, тэатр.  Праўда, два самаахвярныя студэнты (Ян Палах, Ян Заіц)  публічна   спаліліся, спадзяючыся перасьцерагчы  грамадзтва  перад прыстасаванствам. Жменя дысыдэнтаў выдавала падпольныя маніфэсты, за што пэрыядычна  траплялі за краты...

Але, наагул, бальшыня народу  дагэтуль зь некаторай настальгіяй успамінае гэтую пару, і, ведама, працягвае думаць уежджанымі стэрэатыпамі: былы Савецкі Саюз, і нагул, усё на ўсход ад Польшчы — гэта Расея.

Ня дзіва, што чэская паліцыя для замежнікаў  дагэтуль карыстаецца тэрмінам «рускамоўныя краіны» — бо, ня толькі ў Чэхіі, але ўсюды на сьвеце, ніжэйшыя слаі бюракратыі церпяць інтэлектуальнай лянотай — далей  прызвычаенага ня думаюць.

Можна-ж  было-б  карыстацца  тэрмінам «краіны былога  Савецкага Саюзу,» так, як ужо даўно пішуць   пра краіны былой Югаславіі. А гэта ахапіла-б ня толькі беларусаў і ўкраінцаў, але й грузінаў і узбэкаў... і латышоў.

Праўда, тэрмін  «рускамоўныя краіны» я ніколі  ў сур’ёзных  чэскіх   мэдыях  ня сустракаў,  а калі нехта такі тэрмін прачытае, дык раю яму проста напісаць  ліст пратэсту ў рэдакцыю дадзенай газэты. Прэса ў Чэхіі, дзякаваць Богу,  свабодная...

Што датычыцца словаў чэскага спартовага камэнтатара пра «ruského útočníka»  дык трэба ведаць, што ягоныя слухачы — гэта той-жа «паспаліты народ,» які да гэтых стэрэатыпаў прывык.

Аднак, трэба прызнаць, што апошнім часам, сытуацыя палепшала.. Спартовыя справаздачы ў газэтах, і  камэнтатары  ўсё  больш  згадваюць нашых спартоўцаў,   як беларусаў. Найбольш дзякуючы іхным міжнародным посьпехам, і таму, што беларускія  спартовыя  ўстановы падаюць прозьвішчы спартоўцаў па-беларуску (праўда, у ангельскай  LOC транслітэрацыі).  Гэтыя прозьвішчы    тэлевізійныя  гледачы бачаць і на майках спартоўцаў. Цікава, што гэтая практыка розьніцца, залежна ад спорту. Беларускія прозьвішчы сустрэнем у: тэнісе, футболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы (Hleb, Radzivonau, Azarenka, Leuchanka, Krauchanka)

Найгоршая сытуацыя ў гакеі. Тут усё яшчэ (нажаль,  і на майках) сустракаем  прозьвішчы: Grabovskiy, Kalyuzhnyy, а  найгорш  хіба: Kostyuchenok, (здагадайцеся — гэта наш Касьцючонак!)

Ня гледзячы на гэта,  чэскія спартовыя камэнтатары апошнім часам  пра іх гавораць, як пра беларусаў.

Стэрэатыпы, якімі карыстаецца паліцыя для замежнікаў, або якімі да нядаўна  карысталіся спартовыя камэнтатары, няпрыемныя, але, усё-ж такі,  ня  так шкодныя, як пагляды некаторых  сяброў чэскае акадэміі  — прыкл. прафэсароў Карлавага ўнівэрсытэту.

У   адрозьненьне  ад абыякавасьці чэскага абываталя («паспалітага  народу»), іх можна азначыць, як проста русафільскія.

Горш тое, што некаторыя мясцовыя беларускія арганізацыі,  а  яшчэ ў большай меры, нашы госьці зь Беларусі,   застрашаныя  прэстыжам унівэрсытэту, ім часта без патрэбы паддаюцца.

Прывяду два прыклады:

у 2004 г. Карлаў унівэрсытэт арганізаваў гістарычную канфэрэнцыю, на якую былі запрошаныя ведамыя беларускія гісторыкі зь Беларусі й Польшчы.

Працоўнымі мовамі былі вызначаныя: расейская, польская, чэская й нямецкая — але, чамусьці, не беларуская. Аднак, ні арганізатары, ні госьці супраць такой  яўнай дыскрымінацыі беларускай мовы  не пратэставалі.  А,  як заўсёды на такіх імпрэзах, бальшыня публікі складалася зь беларусаў. На шчасьце, хоць адзін з нашых гісторыкаў, праф. Захар Шыбека прачытаў свой даклад па-беларуску. I надзіва, прэстыж Карлавага ўнівэрсытэту гэтым ніяк не панізіўся...

Але, быў-жа   й  магчымы   выхад, бяз прыніжэньня нашай мовы: можна было-б  падрыхтаваць  і раздаць публіцы друкаваныя чэскія пераклады ўсіх дакладаў, што-б  дазволіла  нашым гісторыкам чытаць іх па-беларуску.

Другі прыклад:

31-га траўня 2011 г. адбылася ў Празе сустрэча з былымі  ўдзельнікамі  палітычных  судоў у Беларусі:  Настай Палажанкай, Андрэем Дзьмітрыевым, Аленай Танкачовай і Дашай Корсак (жонкай Алеся Атрошчанкава).

Выказваньні  ўсіх  былі  цікавыя,  АЛЕ па-расейску, каб здаволіць 3-ох прысутных Чэхаў, якія быццам беларускай мовы не разумеюць. А рэшта публікі — 90%,  былі беларусы.

Арганізатары быццам не змаглі знайсьці перакладніка зь беларускай мовы ў чэскую (хаця нам ведамыя прынамсі 2 беларусы  ў Празе, якія гэтым займаліся ў мінулым).  Крыўдна тое, што арганізацыя, якая ладзіла імпрэзу, лічыць сярод сваіх ганаровых сяброў ведамых  чэскіх прыхільнікаў дэмакратычнае Беларусі, як былога прэзыдэнта Вацлава Гаўла й сэнатара Яна Румля.

Вось камэнтар  часапісу Belarusian Review, прадстаўнік якога  быў прысутны на імпрэзе:

Карыстацца   расейскай   мовай,  заміж беларускай, на імпрэзах, ладжаных беларускай дыяспарай, у вачох чужынцаў моцна паніжае й шкодзіць  вобразу беларускага народу й культуры.

Юрка Станкевіч