Дзень Волі

Дзень Волі — неафіцыйнае беларускае сьвята, гадавіна ўтварэньня першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918, Трэцяя Ўстаўная Грамата).

25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Берасьцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Дзяржаўнымі сымбалямі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы зрабіліся бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня, сталіцай  —  Менск, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская. Ад 11 кастрычніка 1918 дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ прызналі УНР, Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя, дэ-факта —Нямеччына, Баўгарыя і Турэччына.

Абвяшчэньне БНР было вялікім гістарычным крокам Беларусі да ідэйнага асэнсаваньня сябе як асобнай самастойнай краіны, праяваю волі беларусаў да ўтварэньня незалежнай беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Катэгорыя: 
Date: 
Pondělí, 25 Březen, 1918