Дзень волі 2013

  Дарагія сябры, сардэчна віншуем вас с Днем Волі!!! Жыве Беларусь!

Афіцыйнае святкаванне Дня Волі ў Празе адбылося 23-га сакавіка. Спачатку пражскія беларусы (каля трыццаці чалавек) сабраліся на Альшанскіх могілках, каб ушанаваць памяць прэзыдэнтаў Рады БНР Пётры Крэчэўскага, Васіля Захаркі і сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Айцец Андрусь Абламейка правёў традыцыйную паніхіду, беларусы разам засьпявалі малітву "Вечная памяць" і гімн "Магутны Божа". Каля могілак выступілі с прамовамі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, былы старшыня БНФ Вінцук Вячорка, украінскі сябра дыяспары Олег Зайнулін і "голас радыё Свабода" Алена Ціхановіч. 

Пасля паніхіды айцец Андрусь запрасіў усіх на набажэнства ў найстарэйшай пражскай царкве Сьвятых Кузьмы і Дзям’яна пачатку Х ст.

Галоўная частка святочнай імпрэзы адбылася ў зале каля царквы. Імпрэзу вёў намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык. Беларусаў павіншавалі госці мерапрыемства: старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, сябра арганізацыйнага камітэту Беларускага руху і былы старшыня БНФ Вінцук Вячорка, былы камандзір брыгады спэцназу Ўладзімер Барадач і пісьменнік Уладзімер Арлоў. 

Былі зачытаныя прывітанні ад Зянона Пазьняка і Беларуса-Амэрыканскага Задзіночання. Выступіла з віншаваннямі і сябра дэяспары чэшка Святлана Вранова, якая зачытала ўрывак за свайго перакладу на чэшскую мову кнігі Паўла Севярынца "Люблю Беларусь" і атрымала маленькі падарунак ад Алены Ціхановіч. 

Пасля ўрачыстых прамоваў адбыўся канцэрт, на якім беларусам прадставілі сваю музычную праграму чэшская сьпявачка Vesna і рэпер Vincent.

Цалкам на імпрэзе прысутнічала каля ста чалавек.

Завяршальнай часткай святкавання стала адкрыццё беларускай клюбоўні.

У арганізацыі мерапрыемства прынялі ўдзел суполкі ПАГОНЯ і Скарына.