Урачыстае адкрыццё клюбоўні падчас святкавання Дня Волі

23-га сакавіка, як і было запланавана, ўрэшце адбылося ўрачыстае адкрыццё нашай клюбоўні ў новым памяшканні (адрас: вул. 5. května 1043/32). Гэта падзея ўвайшла ў праграму святкавання Дня Волі і стала яе завяршальнай часткай. Паглядець на новую клюбоўню прыйшлі каля ста чалавек, у тым ліку шмат дзяцей. Панавала вясёлая святочная атмасфэра. 

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык, былы старшыня БНФ Вінцук Вячорка, пісьменнік Уладзімер Арлоў і камандзір брыгады спэцназу Ўладзімер Барадач у адстаўцы урачыста перарэзалі бел-чырвона-белую стужку і тым самым адкрылі клюбоўню.

Айцец Андрусь Абламейка асьвяціў новае памяшканне і ікону Бялынецкай Божай Маці, якую выканаў і падарыў клюбоўні вядомы мастак, сябра суполкі ПАГОНЯ, Алесь Пушкін. Потым айцец Андрусь прачытаў малітву за будучых чытачоў бібліятэкі і гасцей клюбоўні. Нагадаем, што беларуская бібліятэка таксама ўтрымліваецца суполкай ПАГОНЯ і размешчана ў памяшканні клюбоўні. Кожнаму, хто жадае пазычыць нейкую кнігу, будзем вельмі рады! Прыходзьце, калі ласка, айцец Андрусь усіх блаславіў!

Для гасцей клюбоўні быў арганізаваны фуршэт.

Клюбоўня атрымала ад гасцей шмат розных падарункаў, сярод іх кнігі для бібліятэкі ад Вінцука Вячоркі, Ўладзімера Арлова, Яўгена Сідорыка, Сяргея Скаруліса, Віталя Цімошчанкі, Максіма Беляўскага, Галіны Кунінай. Акрамя гэтага Яўген Сідорык падарыў вялізную харугву з надпісам "Жыве Беларусь!", Максім Беляўскі - дзьве гістарычныя мапы, Алена Аліева - прыгожы ўручную вышыты ручнік.

Святкаванне адкрыцця суправаджала багатая культурная праграма. Алесь Ясінскі заіграў на акардыёне "Ліцвінскую сюіту", Раман Арлоў сьпяваў песні пад гітару, Ўладзімер Арлоў чытаў свае новыя вершы. 

Вясёлым завяршэннем святочнай праграмы сталі беларускія народныя танцы, якія ладзіла моладзь разам з дзеткамі да самага позняга вечара.

Вялікі дзякуй Святлане Вранавай за фатаздымкі!