Дзень беларускай Вікіпедыі
20-га красавіка ў памяшканні клюбоўні адбылася цудоўная акцыя, прысвечаная ўзбагачэнню беларускай Вікіпедыі. У ёй прынялі ўдзел каля дзесяці чалавек.
Томаш Бладынец, ураджэнец Польшчы і сябра беларусаў, які з'яўляецца спецыялістам па Вікіпедыі і адным з арганізатараў гэтай акцыі, тлумачыў асновы стварэння артыкулаў у Вікіпедыі, даваў парады адносна таго, пра што, як і дзе лепей напісаць. Пры ягонай дапамозе пражскія беларусы напісалі некалькі артыкулаў, сярод іх, напрыклад артыкулы пра аб'яднанне "ПАГОНЯ" і беларускую клюбоўню ў Празе, спадара Юрку Станкевіча, часопіс "Крывія", князя Бутаўта Кейстутавіча. Як аказалася, існуе ажно дзве беларускія Вікіпедыі: у адной з іх артыкулы пішуцца на тарашкевіцы, а ў другой - наркамаўкай. Па жаданні спадара Юркі Станкевіча артыкулы падчас акцыі ствараліся пераважна на тарашкевіцы.
У прысутных была магчымасць набыць некаторыя з апошніх кніг Зянона Пазьняка і ягонай жонкі Галіны Пазьняк, якія па просьбе аўтараў прывез з сабой і прэзентаваў Анатоль Міхнавец, таксама адзін з арганізатараў дня беларускай Вікіпедыі ў Празе.
Напрыканцы мерапрыемства найбольш актыўныя удзельнікі атрымалі ўзнагароды (на фатаздымку ніжей Паша Котаў, пераможца дня беларускай Вікіпедыі, трымае ў руках свае падарункі - кнігі, складзеныя з артыкулаў Вікіпедыі на розных мовах пра Марыю Складоўскую-Кюры і кампазітара Шапэна, а таксама фірмовы пакунак з футболкай).
Прыемнае завяршэнне плённага дня:)
Усім учынкуючым акцыя прыйшлася да спадобы, таму Анатоль Міхнавец з Томашам Бладынцем абяцалі ў будучыні па магчымасці яе паўтараць!
Інфармацыю пра гэтую падзею размясціла на сваёй інтэрнэт-старонцы і польскае радыё Polskie Radio dla Zagranicy. Артыкул змяшчае кароткае інтэрв'ю з арганізатарамі акцыі: Анатолем Міхнаўцом, Томашем Бладынцем і Віталём Цімошчанкам. Спасылка:
http://www.radyjo.net/4/91/Artykul/133366,Пашырым-беларускую-Вікіпэдыю