Дзень народзінаў Васіля Быкава
Васіль Уладзiмiравiч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Навучаўся на скульптурным аддзяленьні Віцебскай мастацкай вучэльні. Скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. У 1942 годзе будучы пісьменьнік уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Ваяваў на Другім і Трэцім Украінскіх франтах, прайшоў па тэрыторыі Румыніі, Баўгарыі, Вэнгрыі, Югаславіі, Аўстрыі, двойчы быў паранены.
Упершыню творы Васіля Быкава былі апублікаваныя ў 1947 годзе, аднак творчая біяграфія пісьменьніка пачынаецца з апавяданьняў, напісаных у 1951 годзе. Тэматыка раньніх апавяданьняў, дзеючымі асобамі якіх сталі жаўнеры і афіцэры, вызначыла далёйшы лёс Быкава, многія з твораў якога прысьвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Бескампраміснасьць прозы Быкава стала прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменьніка ў ачарненьні савецкага ладу.
У 1974 годзе Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (за аповесьць "Дажыць да світання", 1973), у 1980 годзе атрымаў званьне Народнага пісьменьніка Беларусі, у 1986 годзе - быў уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесьць "Знак бяды".
Некаторыя творы пісьменьніка, такія як аповесьці "Трецяя ракета" (1962), "Дажыць да світання", былі экранізаваныя.
З 1972 па 1978 год Васіль Быкаў займаў пасаду сакратара Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.
Вядомасьць Васілю Быкаву прынесла аповесьць "Трэцяя ракета", напісаная ў 1962 годзе. У 1960-е ён публікуе аповесьці "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", у 1970-я - "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", "Пайсці і не вярнуцца".
Гэтыя творы паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы XX стагодзьдзя.
Сярэдзіна 90-х нібыта вярнула пісьменьніка ў савецкія часы. Шырокая траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона, цэнзура на выхад яго новых твораў, пагаршэньне на гэтай глебе здароўя вымусілі Быкава пакінуць Радзіму. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой.
У сьнежні 2002 году Васіль Быкаў пераехаў на сталае жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменьнік сказаў, што ён "даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды меў сымпатыю да гэтай краіны і яе грамадзянаў". У рашэньні праблемы пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел прымала канцылярыя чэскага прэзыдэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў Герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат Ленінскай прэміі, народны пісьменьнік Беларусі пражываў у ФРГ, а да гэтага ў Фінляндыі.
Некаторы час таму Быкаў перанёс у Чэхіі апэрацыю па выдаленьні ракавай пухліны страўніка. У Беларусі пісьменьнік знаходзіўся на рэабілітацыі пасьля перанесенай апэрацыі, аднак разьвіцьцё харобы спыніць не ўдалося...
Усяго некалькі дзён перад смерцю, 19 чэрвеня, Васілю Быкаву споўнілася 79 гадоў. У гэты дзень у райцэнтры Старыя Дарогі, на тэрыторыі прыватнага музэю выяўленчага мастацтва прайшло адкрыцьцё памятнага знака ў яго гонар. Пры жыццьці помнік ставяць толькі лепшым зь лепшых... Гранітны камень з бронзавым барэльефам Васіля Быкава стаіць зараз у музэі побач з іншымі памятнымі знакамі ў гонар знакамітых беларусаў. Тут ужо ўвекавечаныя імёны, напрыклад, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, паэта Максіма Багдановіча, паэтэсы Ларысы Геніюш.
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20 гадзiн 30 хвiлiн у рэанімацыйным аддзяленьні анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Менскам.
Зянон Пазьняк:
РАЗЬВІТАНЬНЕ
"Гэтую шчымлівую фатаграфію зьняў Сяргей Шапран у чэрвені 2003 года ў час наведваньня хворага Васіля Быкава ў шпіталі ў Бараўлянах Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным.
Гісторыя сьмерці (а дакладней, палітычна-мэдычнага забойства) Васіля Быкава вядомая. Пра яго расказалі ў сваім кінафільме “Васіль Быкаў. Апошнія дні” Сяргей і Галіна Навумчыкі.
Хворы Быкаў, які жыў і лячыўся ў Празе, быў заваблены рэжымам у Беларусь, дзе яму штучна стварылі адміністрацыйную праблему. Ён ня змог вярнуцца ў Прагу, каб прадоўжыць неабходны цыкл лячэньня. У выніку хвароба абвастрылася, і пісьменьніку стала кепска. Яго паклалі ў Бараўлянскі шпіталь і прызначылі курс лячэньня, катэгарычна супрацьпаказаны ягонаму арганізму і цячэньню хваробы. Прызначылі сьведама, бо сьведама не зьвязаліся з медыцынскай установай у Празе, якая абсьледвала і лячыла пісьменьніка. У выніку Васіль Быкаў памёр.
Пазьней мы даведаліся, што сьмерць Быкава была заплянаванай акцыяй чыноўнікаў з атачэньня Лукашэнкі. (Гл. Свабода, -- 2004, 30 траўня. /// http://www.svaboda.org/content/article/782822.html)
Рэжым плянаваў зганьбіць пахаваньне Быкава, ператварыць яго ў рэжымнае “мерапрыемства” пад рэжымнымі знакамі і фальшывымі словамі асобаў, якія зьневажалі яго вялікае Імя. Забойца хацеў выступіць у ролі ўшанавальніка і далакопа.
Актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ не дазволілі ім гэта зрабіць. Яны ўратавалі гонар і памяць Быкава. (Гл. Галіна Пазьняк. Беларусь у сэрцы. – Варшава, 2007 г, стар. 159-169)
Васіль Быкаў разумеў, што антыбеларускі рэжым завабіў яго ў Менск і заганяе ў пастку сьмерці. Ён ацэньваў сытуацыю “як спэцыяльна праведзеную апэрацыю ўладаў”. Вырвацца з пасткі сьмяртэльна хвораму Быкаву ўжо было немагчыма.
На здымку Шапрана адлюстраванае тое становішча і апошнія дні Быкава. Гэта адзін з вельмі трагічнах здымкаў у беларускай фатаграфіі (назавем яго “Разьвітаньне”).
Разам тры вялікія беларусы. На ложку хворы Быкаў, на падлозе ля яго сядзіць Рыгор Барадулін, побач у нагах Быкава – Генадзь Бураўкін. Яны маўчаць. Мы, здаецца, чуем гэтае цяжкае маўчаньне, і як цікае гадзіньнік і б’юцца сэрцы.
Быкаў і Барадулін глядзяць у аб’ектыў, Бураўкін задуменна ў скрусе апусьціў галаву. Балесны позірк Рыгора Барадуліна – гэта погляд разьвітаньня. І ўся карціна апошняй сустрэчы сяброў прасякнута гэтым настроем.
У цэнтры Быкаў. Ён увесь у белым – простыні, падушка, сівыя валасы. У яго прасьветлены твар і спакойны позірк. Яму добра разам тут зь блізкімі сябрамі. Кампазыцыйна ягонае прасьветленае аблічча відаць аддалена ў пэрспэктыве здымка. І раптам, гледзячы на гэтае аблічча, пачынаеш усьведамляць яго супакоеную незвычайнасьць. Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін -- тут, а Васіль Быкаў (“Васілёк ты наш, Васілёк”, -- чую голас Рыгора),.. а Васіль Быкаў “тут” і “там”. “Тут” і “там” – на мяжы сьветаў. Ён тут і глядзіць, быццам “адтуль”, у аб’ектыў спыненага імгненьня. Гэта адчуваецца ў фатаграфіі.
Шчымленьне ў душы ад таго, што разьвітаньне адбываецца ў цяжкім часе, што Быкаў адыходзіць, і застаецца цёмная ноч на Беларусі, застаецца ўся тая цёмная чэрнь, што падрыхтавала яму гэтую доўгую сьмерць.
Парваліся нябачныя ніці
І адышла ягоная прысутнасьць.
Як некалі іду.
І толькі брэх усьлед па бітым шляху,
І толькі брэх сабачы.
2003 г.
Трагізм сытуацыі, адбітай на фатаграфіі, якраз у гэтым. Бо сьмерць сама па сабе – гэта звычайна, паміраюць усе. Тут жа мы бачым ня толькі трагедыю Быкава, подла загнанага ў пастку. Гэта трагедыя нашай Бацькаўшчыны, дзе трох яе сыноў сымвалізуюць яе сюжэт.
Магчыма, гэтая фатаграфія Шапрана ўзьдзейнічае на некаторых людзей прыгнятальна, як сьведчаньне рэалізацыі намераў зла. Але ёсьць другі бок такіх эмоцыяў. Гэта якраз аспэкт трагедыі – дух і ідэя перамагаюць. Як палітык (не мастацтвазнавец) я ведаю таксама іншае: і пляніроўшчыкі, і выканаўцы яшчэ адкажуць за сьмерць Быкава. І знойдуцца людзі, якія гэтую справу давядуць да канца."
Крыніцы:
Зянон Пазьняк "Добрая фотографія"