Беларуска - Чэшскае сяброўства

Міжкультурныя і гістарычныя сувязі Чэхіі і Беларусі налічваюць стагоддзі. У гісторыі гэтых дзвюх краінаў было шмат момантаў, падзеяў і асобаў, якія аб’ядноўваюць іх народы. Культура – адухоўленая прастора чалавечага быцця, ў якой найлепш здабываецца паміж самымі рознымі партнёрамі пагадненне і любоў.

Чэхі ў Беларусі і для Беларусі

Пачатак чэшскай прысутнасці ў Беларусі прыпадае на Сярэднявечча. У XVI стагоддзі на беларускія землі прыбывалі так званыя “аляяры” — славацкія вандроўныя гандляры алеем і лекамі. Тады, відавочна, з’явіліся тут і рамеснікі, вайскоўцы, асобы духоўнага звання (у прыватнасці, “чэшскія” (“мараўскія”) браты).

Вельмі важнай падзеяй для народаў Чэхіі і Беларусі была Грунвальдская бітва ў 1410 годзе. У аб’яднаным войску, акрамя беларускіх, літоўскіх і польскіх сіл, былі харугвы з Украіны, руская дружына з Ноўгарада Вялікага, татарская конніца і атрад з Чэхіі пад кіраўніцтвам Яна Жыжкі (у будучым героя гусіцкага руху). Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў бітве пад Грунвальдам азначала крах 200-гадовай крыжацкай агрэсіі ў Еўропе. 

Галоўным сябрам беларусаў сярод чэхаў пэўна з'яўляўся Вацлаў Гавел (5.10.1936  — 18.12.2011), былы прэзыдэнт Чэхіі, а таксама паэт і драматург. Ён шмат разважаў пра Беларусь, актыўна дапамагаў беларусам, на міжнародным узроўні дамагаўся свабоды ў Беларусі. Гавэл увесь час імкнуўся пераканаць еўрапейцаў, што без свабоднай Беларусі Еўропа не будзе паўнавартаснай. Вацлаў Гавэл думаў пра Беларусь і перад сваім сыходам з жыцця. За тры дні да смерці Гавэл напісаў апошні ліст, які ён адрасаваў усім беларускім палітвязням. Гэтыя лісты прыйшлі ўжо пасля смерці Гавэла, яны былі перададзеныя не ўсім зняволеным, але сталі магутнай падтрымкай для іх.

Для літаратуры і культуры Беларусі шмат зрабіла грамадзянка Чэшскай рэспублікі Францішка Сокалава. Як бібліятэкар, даследчыца і перакладчыца яна асабліва цікавіцца ўсходнеславянскімі літаратурамі і шмат часу прысвяціла скарынаўскай тэме. Пані Сокалава з'яўляецца сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусітаў ад пачатку заснавання гэтай арганізацыі. У 2000 годзе яна была абраная ганаровым прафесарам Полацкага універсітэту. Пераклала вершы Рыгора Барадуліна.

Вядомы як у Чэхіі, так і ў Беларусі даследчык і перакладчык - Вацлаў Жыдліцкі (1931 - 2002) - адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, многа і добра перакладаў з беларускай мовы на чэшскую. Сярод яго перастварэнняў — «Я з вогненнай вёскі…» А. Адамовіча, «Хатынская аповесць» А. Адамовіча, «Птушкі і гнёзды», «Ніжнія Байдуны» і «Апошняя сустрэча» Я. Брыля, «Абеліск» і «Дажыць да світання» В. Быкава, «Дзікае паляванне караля Стаха», «Нельга забыць», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі» Ўл. Караткевіча. Ім была складзеная анталогія сучаснай беларускай паэзіі, аднатомнікі Я. Купалы і М. Танка на чэшскай мове, выхавана некалькі маладых перакладчыкаў.

Цягам свайго жыцця прафесар Жыдліцкі збіраў кнігі на розных мовах, у тым ліку на беларускай. І менавіта гэтая беларускамоўная літаратура стала асновай нашай бібліятэкі, што месціцца цяпер у прасторах беларускай клюбоўні ў Празе.

 

Беларусы ў Чэхіі

Першымі беларусамі ў Чэхіі, звесткі пра якіх пакінула гісторыя, былі студэнты, якія абралі для навучання Карлаў універсітэт амаль ад часоў яго закладання ў 1348 годзе.

Бліскучую адукацыю ў Карлавым універсітэце Прагі атрымаў Язэп Руцкі (1574-1637). На Радзіме, у Беларусі ен стаў уніяцкім мітрапалітам, заснавальнікам Базылянскага ордэна, выдатным пісьменнікам, педагогам і прапаведнікам.

Былі беларускія карані ў каралёў Чэхіі і Венгрыі. Так у XV ст. адбыўся шлюб караля Польшчы, вялікага князя ВКЛ Ягайлы з княгіняй Соф'яй Гальшанскай. Яна стане заснавальніцай роду Ягелонаў, якія пазней кіравалі ў Чэхіі. Бацька Соф'і Андрэй з роду літоўскіх князёў Гальшанскіх, маці Аляксандра была з беларускага княжацкага сямейства Друцкіх. Адзін унук Соф’і Гальшанаскай  - Уладзіслаў II Ягелон (ці Ягела) быў каралем Чэхіі ў 1471-1516гг. і Венгрыі ў 1490-1516гг., а другі ўнук -  Людовік (Лайош II Ягела) быў каралем Венгрыі і Чэхіі ў 1516-26гг.

Паводле загаду Ўладзіслава Ягелы Пражскі Град зноў стаў каралеўскай рэзідэнцыяй, месцам знаходжання сойма і вышэйшых дзяржаўных устаноў. Шляхам рэканструкцыі і перабудовы быў створаны велічны каралеўскі палац у стылю готыкі, які атрымаў назву Ўладзіслаўскай залы.

Партрэт вялікага князя літоўскага Ягайлы. Копія з М. Бачарэлі

У пачатку ХVI ст. у Прагу прыбывае наш славуты суайчыннік Францішак Скарына, дзе авалодвае майстэрствам кнігадрукавання. Менавіта ў Празе 6 жніўня 1517г. пабачыла свет першая друкаваная кніга Скарыны з яго прадмовай і пасляслоўем. У 1996 годзе на пражскіх Градчанах чэшскім ўрадам быў усталяваны помнік Францішку Скарыне, а ў Клементынуме (дзе Скарына друкаваў першыя беларускія кнігі, а зараз знаходзіцца Славянская бібліятэка, што мае вялікі беларускі збор) мемарыяльная шыльда ў яго гонар.

 

Ігнат Дварчанін (1895 – 1937) вучыуся ў Празе. Яго дысертацыя, абароненая ў 1926г. у сценах Карлова ўніверсітэта ў Празе, з’яўляецца першым у беларускім літаратуразнаўстве даследаваннем аб Ф.Скарыне. Дзейнасць Ф.Скарыны разглядаецца з гуманістычных пазіцый у агульнаеўрапейскім кантэксце.  На радзіме, ў Беларусі, ён узначаліў Інстытут мовазнаўства ў 1932 годзе.

Праходзіў праз Чэхію жыццевы шлях і Адама Міцкевіча (1798-1855), імя якога добра вядома кожнаму высокаадукаванаму чалавеку на нашай планеце. У Празе ён пазнаёміўся з вядомым чэшскім славістам Вацлавам Ганкам. У Карлавых Варах Міцкевіч сустракаўся з Антоніем Эдвардам Адынцом. У гэтым месцы знаходзіцца помнік ураджэнцу Наваградчыны.

Ларыса Геніюш стала ў Чэхіі вядомай паэткай і хутка набыла папулярнасць у шырокім коле беларусаў. Яна дэбютавала ў 1940 г. у беларускай эмігранцкай газеце “Раніца” вершам "Беларуска". У гонар вялікай паэтэсы была названа нашая бібліятэка.

У Празе паэтка выдала сваю першую кнігу "Ад родных ніў", прысвечаную братам i сестрам на чужыне. Сваімі вершамі аб Празе — у нас амаль невядомымі — узбагаціла чэхаў. “Яе жыццёвая пазіцыя, яе цудоўныя вершы заўсёды будуць мець удзячнага чытача як на радзіме, так i ў Празе”, напісала Францішка Сокалава ў сваім даследванні пра Ларысу Геніюш.

ВЕЧАР ПАД ПРАГАЮ

Дрэмле ўжо Прага вячэрняй гадзінай,

вежы святыняў уздымаюцца к зорам, -

гэтак часамі ў малітве застынуць

рукі людскія, узнятыя ў горы.

Важна Градчаны, як арка біблейная,

у хмары плывуць над туманнымі стрэхамі,

вежамі ў неба ўпіраюцца сіняе,

бы прагавіта шукалі пацехі...

(урывак, 1942 г.)

Некаторы час быў звязаны з Чэхіяй і вядомы беларускі паэт Уладзімір Жылка, які ў 1923 годзе выехаў на вучобу ў Пражскі ўніверсітэт - як стыпендыят чэхаславацкага ўрада. Працаваў Жылка над перакладамі твораў чэшскага паэта, празаіка і публіцыста Волькера Іржы. 

Прага стала родным горадам для нашага славутага земляка Міхася Забэйды-Суміцкага - выдатнага спявака, геніяльнага тэнара, таленту якога стваралі авацыі слухачы прэстыжнейшых канцэртных залаў свету. У Празе, дзе сп. Міхась воляю лёсу жыў з траўня 1940 году і да канца жыцця, ён працаваў у Нацыянальным тэатары. Таксама выкладаў спевы ў пражскай музычнай акадэміі. Ён спяваў на дзесяці мовах свету, сярод якіх родная займала прыярытэтнае месца. 

Міхась Забэйда-Суміцкі ў Празе, 1970 г.

Не толькі музыканты і пісьменнікі з Беларусі, але і навукоўцы працавалі і рабілі сусветныя адкрыцці ў Чэхіі. Ураджэнец Віцебска, выдатны фізік Аляксандр Садоўскі значную частку свайго жыцця звязаў з Прагай – ен быў загадчыкам кафедры тэарэтычнай фізікі ў Празе. Менавіта ён з’яўляецца вынаходнікам сусветнавядомага “эфекта Садоўскага”.

Тамаш Грыб у 1928г. скончыў філасоўскі факультэт Карлава універсітэта, абараніў доктарскую дысертацыю на тэму "Пытанне народа і нацыі". У 1934-38 працаваў загадчыкам Беларускага загранічнага архіва ў Празе, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Супрацоўнічаў у часопісах "Іскры Скарыны", "Студэнцкая думка", "Золак".

Адукацыю ў пражскім Карлавым універсітэце атрымаў і Ян Станкевіч, славуты беларускі мовазнаўца, гісторык і палітычны дзяяч. У 1926 годзе яму быў прысвоены тытул доктара славянскай філялёгіі і гісторыі.

Васіль Захарка і Пётра Крэчэўскі - беларускія палітычныя дзяячы, прэзыдэнты БНР - таксама жылі і былі пахаваныя ў Празе.

На эміграцыі ў Празе Пётра Крэчэўскі стварыў Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпляматычную дзейнасьць, наладзіў інфармаваньне заходнеэўрапейскіх краінаў пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. З 26 верасьня па 30 верасьня 1921 году склікаў Першую Нацыянальна-палітычную нараду беларускіх арганізацыяў з акупаванай бацькаўшчыны і з-за мяжы, якая асудзіла дамову ў Рызе і падцвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Крэчэўскі дамогся ад ураду Чэхаславаччыны стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, стварыў Беларускі Архіў у Празе. У 1926 годзе выдаў палітычна-навуковы альманах «Замежная Беларусь».

Магіла Пётры Крэчэўскага на Альшанскіх могілках у Празе

На Палітычнай нарадзе беларускай эміграцыі 1921 году Васіль Захарка быў заступнікам старшыні нарады. Ён падпісаў прынятыя на ёй рэзалюцыі: «Аб Слуцкім паўстаньні», «Аб чыннасьці Савянкова», «Аб чыннасьці Балаховіча», «Аб рыскім трактаце», «Аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі». Апошняя рэзалюцыя сцвярджала, што «Беларусь павінная быць дзяржавай непадзельнай і ні ад каго не залежнай. 12 снежня 1925 г. ён быў абраны старшынёй Таварыства «Беларуская Рада» ў Празе. Супрацоўнічаў з украінскай і расейскай эміграцыяй. Выкарыстоўваў кожную нагоду, каб абвесціць ўсяму свету пра няўдзячны лёс сваёй Бацькаўшчыны. Пісаў звароты ў Лігу Нацыяў, кіраўніцтву іншых краінаў. Прымаў удзел у розных беларускіх імпрэзах у Празе (выстава пражскіх беларускіх выдавецтваў, угодкі БНР).

 

Вялікая падзяка за інфармацыю сп. Алене Ровбе і сп.Сяргею Панізьніку