Падарожжа З-га "Б"

У жніўні на летніх канікулах прадстаўнікі беларускага клясу разам з бацькамі наведалі чудоўную краіну – Чэхію.

Гэта была першая спроба бацькоў вучняў 3 “Б” (Беларускага) клясу берасцейскай Пачатковай школы №34 навязаць зносіны з беларускімі дыяспарамі замежжа. Рыхтавацца пачалі задоўга да паездкі, але ў Прагу, на жаль, змаглі паехаць ня ўсе: кагосьці з працы не адпусьцілі, хтось захварэў напярэдадні паездкі, камусь візы не хапіла…

Польшча

Мы падарожнічалі на самаходзе праз Польшчу з начоўкай недалёка чэскай мяжы ў ваколіцах Садоў Дольных ва ўтульнай “Карчме ў Мацея”, дзе мы адпачылі, паснедалі і, на дарожку, сьпякотным днём паплёскаліся ў цудоўным “трапікальным” басейне.

Далейшы шлях пралягаў сярод невысокіх, але маляўнічых гор, дзе мы натрапілі на цудоўны замак у мястэчку Болькаў. Колісь княжыў у замку, як мы даведаліся, між іншымі князь Болька ІІ. Замку 700 гадоў, але ўсё добра захавалася: гарматы, вежы, падземная студня, ёсьць музей і выставы. Усё можна было аблазіць і абмацаць – дзеці былі ў захапленні…

Чэхія, Прага

У Празе мы затрымаліся ў адмысловым беларускім моладзевым гатэлі, дзе ў навучальны перыяд жывуць студэнты, а ўлетку – падарожныя людзі з усяго свету. Гаспадыняй гатэлю з’яўляецца нашая зямлячка пані Алена. У нашым распараджэнні былі ўсе неабходныя ўмовы і выгоды. Пані Алена распавяла нам самарозныя дзівосы аб жыцьці ў Празе, як апынулася, што ў апошнія гады ўся прамысловасьць была вынесена па-за межы гораду. Сёньня гэта экалягічна чысты горад, у якім шмат турыстаў. Там няма бяздомных сабак і катоў, дзяржава нават даплочвае ўладальнікам нейкую суму на іх утрыманне.

У першы дзень мы самастойна наведалі Стары горад. Дзецям усё спадабалася, асабліва пускаць мыльныя бурбалкі. Яны пабачылі нейкага дзядзьку-чэха, які пускаў бурбалкі на пацеху мінакоў, ужо праз хвіліну беларускія дзеткі завалодалі прыладамі і пускалі 2-3х метровыя бурбалкі, пакуль мыла ў вядры не скончылася.

Адрозьненне беларускай і чэскай моваў перашкоды ў камунікаванні з мясцовымі жыхарамі ў беларкскіх дзетак не стварыла. Потым дзеткі танчылі пад музыку, якую на стараместскім пляцы выконвалі музыкі.

Беларуская дыяспара

На наступны дзень мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі чэскай беларускай дыяспары - Віталём Цімошчанкам і Андрэям Гайко, якія паказалі нам “Клубоўню” – месца, дзе збіраюцца чэскія беларусы і сябры дыяспары, і распавялі пра сваю грамадзкую дзейнасьць.

Пазьней яны зрабілі для беларускіх дзетак і іх бацькоў экскурсію па Празе. Нам паказалі стары горад: Карлаў мост, Стараместскую і Парахавую вежы, вядомы праскі гадзіньнік – Арлой і іншыя славутыя мясціны.

Беларуская прага

Як апынулася, ў Празе ёсць шмат мясцінаў, звязаных з Беларускай гісторыяй, і Віталь з Андрэям пазнаёмілі нас з “Беларускай Прагай”.

Разам мы наведалі “Альшанскія” могілкі, дзе былі пахаваныя вядомыя беларускія дзеячы, старшыні рады БНР Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка, сусьветна-вядомы сьпявак Міхась Забейда-Суміцкі, і ўсклалі кветкі на іх магілы.

У “старым горадзе” нам паказалі:

  • Помнік Францыску Скарыне, які ў 1535-39 гг быў каралеўскім батанікам і стаўся адным з заснавальнікаў каралеўскіх садоў, і ягоную мемарыяльную дошку ў Клементынуме.

  • Комплекс будоў былой езуіцкай акадэміі, ў якой на пачатку 17 стагоддзя вучыліся беларускія вуніяцкія дзеячы Іосіф Руцкі і Рафал Корсак. На яе мурах замацаваная мемарыяльная дошка ў гонар першай старабеларускай друкаванай кнігі, якая выйшла ў 1517 годзе ў Празе менавіта ў гэтым будынку.
  • Дом, дзе знаходзілася рэгістрацыя “Ў Пана Кнюрка”, ў 30-я гады там праходзілі паседжанні Рады БНР і святкаванні ўгодак абвяшчэння БНР.
  • Грамадзкі дом, з балкона якога была абвешчана незалежнасьць Чэхаславаччыны ў 1918 годзе, а ў 1921 годзе тут адбылася 1-я ўсебеларуская палітычная канферэнцыя - з’езд прадстаўнікоў беларускіх палітычных арганізацый Польшчы, Літвы, Латвіі і Нямеччыны, у 20-тыя гады тут праходзілі святочныя вечары, прымеркаваныя да ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР.

Вядомы беларускі дзеяч Юрка Станкевіч – аўтар некалькіх кніг і дапаможнікаў па вывучэнні беларускай мовы, якому летась споўнілася 85 год і які ўжо рэдка выходзіць з хаты, - калі пачуў, што дзеткі з Беларусі прыехалі ў Прагу, кінуў усё і паехаў у “Клубоўню”, каб сустрэцца з намі. Не пасьпеў, але змог запрасіць беларускіх дзетак да сябе ў хату…

Мы прыехалі са сваімі пернікамі, але Юрка паклапаціўся і запрапанаваў дзеткам свае пірожныя. На працягу некалькіх гадзін цягнулася гутарка.

Пра Юрку Станкевіча вядома адначасова і шмат, і няшмат. Ён сам распавядаў пра сваё жыццё вельмі сціпла: нарадзіўся ў Вільні, навучаўся ў Празе, адкуль родам маці. Потым, у эміграцыі, – у Нямеччыне і Амерыцы. Служыў у амерыканскім войску. Працаваў інжынерам, у тым ліку і на заводзе Siemens. Пры гэтым Юрка Станкевіч сціпла «забываецца», што яго называюць «серцам беларускай Прагі», што дзякуючы яго намаганням дзеткі беларускіх эмігрантаў у ЗША і Чэхіі не забыліся на родную мову…

Карлштэйн

Па дарозе ў замак Карлштэйн мы даведаліся, што ў Чэхіі знаходзіцца каля 2500 замкаў. Сам замак Карлштэйн (Каралеўскі) ХІV стагоддзя пабудаваны ў гатычным стылі. Ён быў заснаваны 650 гадоў таму чэскім каралём і рымскім імператарам Карлам ІV і быў месцам, дзе надзейна перахоўваліся атрыбуты каралеўскай улады і каралеўскія скарбы.

У адной з замкавых вежаў была студня, дзе да вады было ні больш ні менш 78 метраў, а пад вадой даследчыкі нядаўна выявілі гарызантальныя тунэлі і маюць намер іх даследаваць.

Паўсюль, дзе нашыя дзеткі-беларусы з’яўляліся ў народных строях, яны прыцягвалі да сябе ўвагу і асабліва прыязнае стаўленне мясцовых жыхароў і гасьцей Прагі.

Дзецям вельмі спадабалася падарожжа. У будучым яны хочуць наведаць іншыя краіны свету і паглядзець, як там жывуць нашыя беларусы.

 

Уладзімір Вялічкін,

Бацька Францішка, вучня 3 “Б” клясу.