Дзень нараджэння Ўладзіміра Караткевіча
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (26 лістапада 1930, Орша Віцебскай вобласці — 25 ліпеня 1984) — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. Выяўляў асаблівую прыхільнасць да гістарычнай тэматыкі, плённа развіваў адраджэнцкія ідэі.
ЯРКАЕ І САМАБЫТНАЕ ДАРАВАННЕ
Упершыню яго імя з'явілася ў друку ў 1955 годзе пад вершам "Машэка", змешчаным у часопісе "Полымя". Затым вершы Ўладзіміра Караткевіча працяглы час друкаваліся ў розных выданнях, выйшлі ў трох паэтычных зборніках, якія былі аднагалосна ўхвалены крытыкай і з цікавасцю сустрэты чытачом. Сапраўды, у асобе маладога аўтара беларуская паэзія набыла тады яркае і самабытнае дараванне, поўнае паэтычнай узнёсласці, смелай метафарычнасці і глыбіні. У апавяданнях, якія У. Караткевіч пачаў пісаць адначасна з вершамі, таксама былі шматлікія адзнакі самабытнасці яго паэтычнага таленту і многія з іх чыталіся як вершы ў прозе. Можна нават сказаць, што ранняя апавядальная проза Ў. Караткевіча нейкім чынам дала яе аўтару новыя творчыя магчымасці, ніколькі не звужаючы яго паэтычнай сутнасці. Усхваляванае светаўспрыняцце, замілаванне жыццём, яго разнастайнымі праявамі загучала ў іх на поўны, нічым не прыглушаны голас. Для крытыкаў і для прыхільнікаў таленту У. Караткевіча меліся ўсе падставы меркаваць, што іхні кумір надоўга застанецца ў межах ім абранага і такога прывабнага для многіх жанру. Як ні парадаксальна, але менавіта ў гэты час у таленце У. Караткевіча з'явілася і надоўга зацвердзілася яшчэ адна яго адметная схільнасць - паглыбленая цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны нашага народа.
Можа быць, гэта таксама можна зразумець і вытлумачыць, бо пры даволі развітай разнастайнасці фальклорнага і паэтычнага жанраў беларускай літаратуры доўгі час не ставала гістарычнай прозы, якая ў развітых і старых літаратурах з'яўлялася даўнім і раўнапраўным літаратурным жанрам. Драматычны, а часам і трагічны змест гістарычных падзей, якімі так багата мінулае нашага народа, амаль не пакінулі літаратурных сведчанняў і, вядома ж, ляжалі па-за асабістым вопытам пазнейшых пакаленняў літаратараў. Для мастацкага ўвасаблення мінулага літаратура мела патрэбу ў таленце асобага роду, такім, які б, валодаючы багатым запасам канкрэтных гістарычных ведаў, меў яркае паэтычнае ўяўленне, каб з даўняй сівой мінуўшчыны чэрпаць натхненне для літаратурнай творчасці. Дзеля справядлівасці, аднак, трэба сказаць, што гэтая мінуўшчына не заставалася нікім не кратаная: за апошнія дзесяцігоддзі беларускімі аўтарамі рабіліся некаторыя спробы пранікнуць у гісторыю краіны, але гэтае пранікненне не ішло далей сярэдзіны ці другой паловы ХIX стагоддзя. Асаблівую цікавасць выклікала легендарная постаць Кастуся Каліноўскага, аб якім у розныя часы было напісана багата твораў у розных літаратурных жанрах.
Сталася так, што менавіта Кастусь Каліноўскі і трагічнае паўстанне 1863 года прыцягнулі пісьменніцкую ўвагу Караткевіча-празаіка, і ў беларускім друку з'явіўся першы, а затым другі том яго гістарычнага рамана "Каласы пад сярпом тваім". Аб гэтым рамане ў свой час выказваліся розныя меркаванні: поўныя захаплення ацэнкі чаргаваліся з сур'ёзнымі папрокамі аўтару, якія таксама можна зразумець па-рознаму. Але ўжо тады было несумненна, што пры ўсёй спрэчнасці некаторых аўтарскіх трактовак і палажэнняў, такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе. Твор гэты пакуль што не скончаны, але, трэба думаць, аўтар яшчэ парадуе сваіх прыхільнікаў з'яўленнем апошняга, завяршальнага тома і тады з'явіцца магчымасць па ўсёй справядлівасці меркаваць аб яго вартасцях, а таксама недахопах, звычайна непазбежных для літаратурных здзяйсненняў такога маштабу.
У 1964 годзе ў часопісе "Маладосць" быў надрукаваны гістарычна-прыгодніцкі дэтэктыў "Дзікае паляванне караля Стаха" - адзін з самых папулярных твораў Уладзіміра Караткевіча. У адрозненне ад некаторых іншых, часта перанаселеных твораў тут небагата дзейных асоб, амаль усе падзеі адбываюцца ў маёнтку "Балотныя яліны" і вакол яго, у цэнтры чытацкай увагі - абаяльны вобраз маладой гаспадыні маёнтка і не меней сімпатычнага госця-апавядальніка. Створаная паводле выпрабаваных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта адметнае ў сваёй структуры, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць з пазіцый фармальнай логікі, а можна хіба адчуць. І справа тут, канешне ж, не толькі ў напружанасці прыгодніцкага сюжэта, які, дарэчы, па-майстэрску распрацаваны ў аповесці, і не ў загадкава-страхавітых малюнках кавалькады "дзікага палявання", што гойсае на сваіх "дрыкгантах" па лясах, наводзячы жах на наваколле. На мой погляд, тут моцна ўражвае нешта іншае, што ідзе, мабыць, з далёкіх нетраў жыцця, а таксама ад лепшых традыцый літаратурнага рамантызму ў духу Майн Рыда, Вальтэра Скота, Генрыха Сенкевіча. Ва ўсякім разе на прыкладзе гэтай аповесці лішні раз пераконваешся ў тым, які добры вынік дае гарманічнае спалучэнне пэўнага характару літаратурнага таленту і падлеглай яму творчай задачы. У "Дзікім паляванні караля Стаха" ўсё сышлося ў сваёй залатой меры.
Між тым талент Караткевіча - гістарычнага празаіка - развіваўся і набываў новую сілу. На працягу двух дзесяцігоддзяў у друку рэгулярна з'яўляліся яго новыя празаічныя творы, навеяныя драматычнымі перыпетыямі нашай гісторыі. Сярод іх значнае месца займае прыгодніцка-рамантычная гісторыя Хрыста, які "прызямліўся ў Гародні", і жанр якой трохі не без іроніі пазначаны аўтарам як "Евангелле ад Іуды". Кніга гэтая адметная ад іншых твораў данага жанру шматлікімі дадатнымі якасцямі: грунтоўнасцю гістарычнага мыслення, багаццем і маляўнічай выразнасцю апісанняў, часам блізкіх да жывапісу Іераніма Босха, уменнем аўтара з ненатужнай дакладнасцю ствараць шматлікія вобразы людзей розных саслоўяў: прасталюдзінаў, духавенства, рамеснікаў, гандляроў, а таксама магнатаў і духавенства таго далёкага часу, ад якога не шмат захавалася нават скупых гістарычных даведак. Але, можа, найбольшая вартасць кнігі ў яе выразных гуманістычных і выкрывальніцкіх тэндэнцыях, асабліва ў адносінах да ўсяго, што датычыцца "власть предержащих", якія ў сваёй сквапнасці да ўлады не спыняюцца ні перад крывёю і зладзейскім падманам, ні перад фальшам высокіх слоў. Бог, вера, хрысціянская мараль - толькі шырма ў іх эгаістычным імкненні да ўлады над чэрню. Чытача вабіць доўгая чарада часам смешных, а болей жудасных прыгод у межах старой Гародні і яе ваколіцах жменькі міжвольных авантурыстаў на чале з мужыцкім Хрыстом-Братчыкам, у якога ўсё болей і болей выспявае сацыяльная самасвядомасць разам з гатоўнасцю пастаяць за праўду простых людзей. Чытача не могуць не ўразіць шмат якія з густам і амаль з брэйгелеўскім размахам створаныя малюнкі гарадскога і сельскага побыту, жахлівыя крапасныя баталіі на "касталомных вежах". Але, можа, найбольшае ўражанне робіць фінальны раздзел кнігі, калі пасля многіх старонак барацьбы і кровапраліцця настае спакой, і Братчык з сябрамі, паслаўшы Іуду па гарэлку, бяруць сявенькі і пачынаюць засяваць асеннія гоні. "Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую мяккую зямлю. Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая", - узнёсла-патэтычна заканчвае аўтар, і гэта гучыць сапраўды як з самых глыбінь быцця.
Гістарычны і прыгодніцка-рамантычны жанр, мабыць, на шэраг год стаў улюбёным літаратурным жанрам Уладзіміра Караткевіча. Няспыннае вывучэнне мінулага па архіўных і літаратурных крыніцах, шматгадовае ўдумлівае асэнсаванне атмасферы, духу, псіхалогіі людзей даўніх часін выпрацавала ў аўтара пэўнае мастацкае, інтуітыўнае адчуванне матэрыялу, звычайна не даступнага іншым пісьменнікам. З-пад яго пяра выходзяць усё новыя творы, прысвечаныя гісторыі і нязменна азначаныя лепшымі рысамі яго непаўторнага таленту ("Сівая легенда", "Цыганскі кароль", "Човен роспачы" і інш.). У 1979 годзе ў друку з'явіўся пачатак новага прыгодніцкага рамана У. Караткевіча "Чорны замак Альшанскі", працу над якім аўтар яшчэ не скончыў. Але ўжо створанае ім красамоўна сведчыць, што ў ягонай асобе мы маем справу з рэдкім літаратурным талентам, які ў спалучэнні з зайздроснай працавітасцю даў нашай літаратуры творы менавіта такога характару, якога ёй не хапала. Мабыць, літаратура, таксама як жыццё і прырода, не церпяць пустаты, і таму нельга не парадавацца, што гэты літаратурны вакуум запаўняецца належным чынам.
Аднак было б памылкаю думаць, быццам Уладзімір Караткевіч аўтар толькі прыгодніцка-гістарычнага жанру. Шматлікае з напісанага ім дае падставу сцвярджаць, што ў дадзеным выпадку перад намі разнастайны літаратурны талент, якому па плячы і сучасная тэма ў яе своеасаблівым, некалькі рамантычна-пачуццёвым успрыманні. У. Караткевіч нямала зрабіў таксама ў драматургіі і кіно. Яшчэ ў 1972 годзе ім створана папулярная кніга-эсэ, кароткі нарыс гісторыі Беларусі "Зямля пад белымі крыламі", дзе мінулае нашай рэспублікі асэнсавана ўдумлівым і дасведчаным аўтарам. Кніга гэтая, спярша прызначаная для маладога ўкраінскага чытача, хутка знайшла вялікую папулярнасць і на беларускай зямлі. Што ж датычыць ягоных апавяданняў, дык многія з іх гучаць як песні каханню, жыццю, роднай прыродзе. Яны поўныя паэзіі, хараства, светлага смутку, павагі да чалавека, сардэчнага разумення ягоных перажыванняў і клопатаў. Даверлівая аўтарская інтанацыя, багацце моўна-выяўленчых сродкаў, дакладнасць музычнага тону ў рознай ступені, але нязменна вабяць у песеннай "Каляднай рапсодыі", загадкавай "Краіне цыганіі", драматычным "Воку тайфуна" ці самавітым, але такім пранікнёным апавяданні з сумным канцом, як "Былі ў мяне мядзведзі". У 1964 годзе была надрукавана яго "Чазенія", навеяная ўражаннямі ад некалькіх месяцаў жыцця на Далёкім Усходзе. Прырода гэтага краю, тамтэйшыя людзі і іх праца, убачаныя і адчутыя чалавекам Захаду, ператварыліся ў своеасаблівы гімн жыццю, адухоўлены паэзіяй адкрыцця і светлым сумам кахання.
Напэўна, будзе дарэчы ўспомніць тут пра цэлы шэраг яго драматычных твораў, пастаўленых у тэатрах рэспублікі. Так у Віцебску шмат гадоў ідуць яго гістарычныя драмы "Кастусь Каліноўскі" і "Званы Віцебска", беларускае тэлебачанне перадавала ў эфір яго "Млын на сініх вірах", а ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР ішла опера па ягоным лібрэта "Сівая легенда". Беларускае кіно ў розны час звярталася да яго гістарычных аповесцей і экранізавала "Хрыста", а таксама "Дзікае паляванне"; былі зняты фільмы па яго арыгінальных і дакументальных сцэнарыях.
Уладзімір Караткевіч нямала стварыў за чвэрць стагоддзя літаратурнай працы, за 50 год жыцця. Ёсць усе падставы меркаваць, што лепшыя з яго твораў надоўга застануцца ў скарбонцы роднай літаратуры, бо на ягоныя тэмы можна, напэўна, напісаць горш, а магчыма, і лепш, але напісаць так, як гэта зрабіў ён, не зможа ніхто. Мастакі з такім выразна адметным талентам, з такім своеасаблівым бачаннем свету нараджаюцца не часта.
Аўтар: Васіль Быкаў