Канцэрт лютневай музыкі

У халодны вечар 1-га снежня ў нашай клюбоўні панавала цёплая атмасфэра, створаная чароўнымі гукамі лютні ў руках Таццяны Бяльковіч. Таццяна не толькі заіграла прыгожую музыку, але і распавяла шмат цікавага пра жыццё і творчасць тагачасных лютністаў. Госці канцэрту мелі магчымасць на пару гадзін акунуцца ў даўніну і паслухаць музыку, якую слухалі і пад якую танчылі нашыя продкі.

Таццяна падзяліла сваю музычную праграму на дзьве часткі: рэнесансную і барочную, і такім чынам прэзентавала дзьве эпохі і два віда лютні. Яна заіграла творы кампазітараў-лютністаў з амаль усёй Еўропы тых часін. Гэтая разнастайнасць, паводле словаў самой Таццяны, была выкліканая яе “жаданнем ахапіць розныя плыні еўрапейскай лютневай музыкі і паказаць, наколькі музыка, якая гучала, стваралася ці пісалася ў той час на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, арганічна ўпісываецца ў агульна-еўрапейскую плынь і ў той жа час - наколькі яна пры гэтым самабытная”.

Лютня – першы прыклад глабалізацыі ў свеце, бадай ніхто ў той час поздняга адраджэння і пачатку барока не быў настолькі мабільны, як музыкі. Яны часта пераязджалі з краіны ў краіну, гралі пры дварах магнатаў і каралей, абменьваліся досьведам. Таму нашыя продкі маглі таксама чуці музыку з усёй Еўропы.

1-я частка: рэнесансная (маленькая) лютня.

Таццяна пачала канцэрт з двух твораў Деамідаса Като: “Прэлюдыя” і “Танец фаварыта”. Італьянец паводле паходжання, ён пераехаў з бацькамі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, калі быў яшчэ зусім малы – яго сямья хавалася ад інквізіцыі. Падросшы, ён амаль усё жыццё працаваў лютністам пры двары Жыгімонта ІІІ Вазы.

Прапануем вам паслухаць “Танец фаварыта”:

Пасьля гэтага прагучалі творы італьянскіх кампазітараў: “Рычэркар” Франчэска дэ Мілана (рычэркар - невялікі паліфанічны твор) і “Куранта” Ёгана Капсбергера (куранта – італьянскі і французскі танец). Потым усе перанесліся ў Англію і праслухалі фантазію Томаса Робінсана на тэму ангельскай народнай песні “Адыйдзіся ад майго вакна”, а таксама музыку Джона Даўленда: апрацоўку ягонай уласнай песні “Мой лёс” і гальярду “Жабка”.

Жыццё і творчасць Валянціна Бакфарка былі наўпрост звязаныя з ВКЛ. Ён нарадзіўся ў Трансільваніі, якая ў той час уваходзіла ў склад Аўстра-Вугорскай імперыі. Атрымаў адукацыю ў Будзе (заходняя частка сучаснага Будапешту), нейкі час жыў у Парыжы, пасьля чаго прыехаў у Вільню да двара Жыгімонта ІІ Аўгуста і шмат год быў ягоным прыдворным лютністам. Таццяна заіграла яго фантазію на тэму польскай (што дакладна невядома, можа стацца, што, напрыклад, беларускай) песні “Чарна крова”.

Завершальным творам рэнесанснай часткі канцэрту стаў “Фінал” Альберта Войцеха Длугараі. Гэты славуты кампазітар нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Польшчы і амаль усё сваё жыццё быў прыдворным лютністам пры Штэфане Баторыі ў Горадні.

2-я частка: тэорба (басовы від лютні). Барока.

Барочная частка канцэрту, як і першая - рэнесансная, пачалася з італьянскай музыкі, менавіта кампазітара Алесандра Пічыніні. Потым падыйшла чарга да Францыі - прагучала сюіта Рабэра дэ Візэ, якая складаецца з танцаў: алеманда (танец нямецкага паходжання), барочная куранта, мінуэт, мюзэт і чакона.

Прапануем вашай увазе ўрывак з гэтай сюіты, танец мюзэт:

На прыканцы музычнай праграмы Таццяна вырашыла прэзентаваць свой невялікі “эксперымент”: не знайшоўшы роднай беларускай музыкі для тэорбы тых часін, яна паспрабавала самастойна перакласці адзін з твораў “Полацкага сыштку” на тэорбу. Гэты эксперымент, як і ўвесь канцэрт, усім гасцям прыйшоўся да спадобы, таму яго можна лічыць вельмі ўдалым!

 

Таццяна паказвае табулатуру, якую можа зразумаць толькі лютніст, бо ў ёй музыка запісаная не нотамі, але рознымі кручочкамі ды лічбамі.

 

Сціслая інфармацыя пра Таццяну:

Таццяна Бяльковіч – беларуская лютністка і гітарыстка. Скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі і Харкаўскі нацыянальны універсітэт мастацтваў імя І. Катлярэўскага. Выкладала класічную гітару ў Мінскім музычным вучылішчы і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. З 2002 года грае на лютні. Удзельнічае ў шматлікіх праектах і канцэртах старадаўняй музыкі ў Беларусі, Ўкраіне, Польшчы і Нямеччыне. З 2009 года вучыцца ў Вышэйшай школе музыкі г. Тросінгена (Нямеччына).