Віншаванне ад сп. Івонкі Сурвілы

Набліжаецца вялікае беларускае свята - Дзень Герояў. 94 гады таму разгарнулася паўстанне ў Слуцку супраць наступаўшых савецкіх войскаў. Мужныя Случчакі больш за месяц змагаліся за незалежнасць нашай краіны.

Па добрай традыцыі напярэдадні Слуцкага збройнага чыну спадарыня Івонка Сурвіла віншуе сваіх сародзічаў па ўсяму свету з нацыянальным святам. Атрымалі віншаванні і мы, ніжей прыводзім ягоны дакладны тэкст:

Дзень Герояў 2014

"Паважаныя Суродзічы, Дарагія Сябры!

«Няхай памяць натхняе нас...»

Словы гэтыя прамовіў на сьвяткаваньні канадыйскага Дня Герояў – 11-га лістапада - прадстаўнік Каралевы ў Канадзе Дэвід Лойд Джонсан.

З нагоды нашага Дня Герояў, у гэтыя 94-ыя ўгодкі першага дня Слуцкага Збройнага Чыну, віншую ўсіх вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам і жадаю, каб ПАМЯЦЬ ПРА НАШЫХ ГЕРОЯЎ ДАЛА НАМ СІЛУ ДАВЕСЬЦІ ДА ПЕРАМОГІ ПАЧАТАЕ ІМІ ЗМАГАНЬНЕ ЗА ВОЛЮ СВАЕ ЗЯМЛІ.

Случчакам не было патрэбы задумвацца, ад каго бараніць сваю незалежную дзяржаву. Да сямідзесяцігадовага прамываньня мазгоў нашага паняволенага народу, усім было ясна, адкуль ішла пагроза.

Дарагія сябры, памятайма Случчакоў. Памятайма з удзячнасьцю ўсіх нашых продкаў, якія на працягу нашае гісторыі баранілі наш край. Дзякуючы іхняй мужнасьці, мы яшчэ жывем і ведаем, хто мы.

Жыве Беларусь!"

 

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Лістапад 2014.