Гуканне вясны

Благавешчанне, Дабравешчанне, Звеставанне (Свята вясны, Гуканьне Вясны, Рыгор) — беларускае народнае свята, якое адзначаецца 7 красавіка (25 сакавіка па ст. ст.) . Лічылася вялікім святам, святам прылёту бусла.

У Драгічынскім раёне, калі ўпершыню бачылі белую птушку, то клікалі: «Бусько, бусько, на Тобі галёпу, а ты мыні дай жыта сторону, на Тобі сырпа, дай мыні жыта снопа» (Талстая, 1984). Галёпы — пшанічныя пірагі ў выглядзе бусла — пяклі і на Гродзеншчыне. Шчасціла нібыта таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. А ў таго, каму трапіць на вока стаячы, нібы будуць балець ногі. Дзеці сустракалі птушку радаснай песняй:
Бусел, бусел-клекатун,
Узяў бабу за каўтун…

У гэты дзень забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад «развязвання сахі» (Навагрудскі павет; Крачкоўскі, 1874). У Свіслацкім раёне жанчыны не расчэсвалі валасы, каб «куры расаду не дралі». Пасля абеду ў многіх раёнах Беларусі «гукалі вясну». Спявалі:
У нас сягоння Благавешчынне.
У нас дзевачкі — дарагі тавар,
У нас хлопчыкі — дзяшовы тавар…
(Гомельскі павет; Радчанка, 1888)

Песні напаміналі пра далёкія часы куплі-продажу нявест і іншыя рэлікты. Моладзь наладжвала гульні, карагоды. На паўднёвым усходзе Беларусі «вадзілі стралу».

Прымаўкі і прыкметы

На Рыгора зіма ідзе ў мора. На Дабравешчанне няможна нiчога з лесу прыносiць, бо ў хаце завядуцца гадзiны i чарвякi. Да Благавешчання няможна чапаць маткi-зямлi, бо яна можа прагневацца да й не зарадзiць. Якое надвор'е на Вялікдзень, такім яму быць і на Благавешчанне.

Катэгорыя: 
Date: 
нядзеля, 7 Красавік, 2013