Дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага

Метрыка Каліноўскага: чаму яго назвалі Кастусём

У кожнага народа ёсць імёны — сінонімы словам "воля", "братэрства". У балгараў гэта Хрыста Боцеў, увенграў-мадзяраў — паэт Шандар Пецёфі, у італьянцаў — Джузэпе Гарыбальдзі, у палякаў — Шыман Канарскі, у расійцаў — Герцэн, Агароў, Дабралюбаў…

У беларусаў такім нацыянальным героем, змагаром за волю роднага народа стаў Кастусь Каліноўскі — правадыр паўстання 1863 года на Беларусі-Літве…
 

…Як у ХV стагоддзі, калі падчас Дубровенскай бітвы (пад Грунвальдам, 15 ліпеня 1410) крыжакі змялі польскіх рыцараў і нават прарваліся да сцяганосца ды скінулі вялікі каралеўскі штандар Ягайлы, літоўскія палкі на чале з Вітаўтам уратавалі ад разгрому саюзныя войскі, так у 1863 годзе, праз лічаныя месяцы пасля пачатку паўстання, калі польскія атрады генерала Лянгевіча былі разбітыя расійскімі палкамі, на нейкі момант усе надзеі пачалі ўскладаць на нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі і Літве, дзе ў шэрагі касінераў пайшлі сяляне, местачкоўцы.

Ф. Энгельс (знаўца нямецкай і еўрапейскай гісторыі), які пільна сачыў за ходам паўстання, 8 красавіка 1863 года занатаваў: "…літоўскі рух цяпер самы важны, таму што ён:
1) выходзіць за межы Кангрэсавай Польшчы;

2) у ім бяруць вялікі ўдзел сяляне".

Але ваеннае шчасце адвярнулася ад паўстанцаў. 200-тысячнае расійскае войска, аддадзенае пад кіраўніцтва генералу Мураўёву, паслядоўна і жорстка душыла паўстанцкі рух. Гераічная барацьба ў лясной Беларусі не стала ў народзе такой прыцягальнай легендай, як гісторыя ўзнікнення галоўнага набата паўстання, нелегальнай і непадцэнзурнай газеты "Мужыцкая праўда", што не ў эміграцыі, а тут, на роднай зямлі, пачала гаварыць беларускаму люду праўду. Па-беларуску.
 

Праўду, па якой сасмяглі сялянскія душы…
 

27 лютага 1839 года ў Вільні быў публічна расстраляны рэвалюцыянер-дэмакрат Шыман Канарскі (1808–1839). Жыхары сталі сведкамі чарговай расправы расійскіх карнікаў з рэвалюцыйным рухам у краіне.

Адзін з сучаснікаў пасля пакарання Канарскага запісаў: "Патрэбен муж з сэрцам Вашынгтона і Іпсілантыя, з сілаю i розумам Напалеона. Не трэба адчайвацца: з пінскіх балот і курных хат пэўна выйдзе гэты герой".

Ён з’явіўся на свет адвячоркам 2 лютага (паводле старога стылю 21 студзеня) 1838 года ў маленькай вёсачцы Мастаўляны Гродзенскага павета (цяпер у Беластоцкім павеце Падляскага ваяводства, у межах Польшчы). У метрычных кнігах мясцовага парафіяльнага касцёла яго спачатку запісалі Вінцэнтам, сынам Сымона і Веранікі Каліноўскіх: "Року Божага тысяча васемсот трыццаць восьмага, месяца лютага, шостага дня ў Ялаўскім рыма-каталіцкім парафіяльным касцёле вікарыем таго ж касцёла Францішкам Каржанеўскім было ахрышчанае вадою немаўля Вінцэнт Сымона й Веранікі з Рыбіньскіх Каліноўскіх… народжаны таго ж года, студзеня дваццаць першага дня ўвечары ў той самай парафіі…" Рыхтуючы гэтую публікацыю, я са шчырым здзіўленнем зраблю адкрыццё: ані ў арыгінале (па-польску), ані ў беларускім перакладзе, ані ў поўным выглядзе метрыка хросту нашага народнага героя дасюль не друкавалася! 

Бо хто ж былі хросныя бацькі Каліноўскага? Пагадзіцеся, вышэйпададзены тэкст далёка не поўны: не бывае хросту без хросных бацькоў! Прачытаўшы ж метрыкі паўней, можна зрабіць дапушчэнне, чаму Каліноўскага назвалі Кастусём.
 

У першым (цытаваным вышэй) выпадку — "Хросныя бацькі: Багуслаў Сузін з радавітай Марыяннай Мацяевічанкай, паннай".
 

А вядома, што пазней адбыўся "поўны хрост" нашага героя.
 

"Року Божага тысяча васемсот трыццаць восьмага месяца красавіка чацвёртага дня ў Ялаўскім рыма-каталіцкім парафіяльным касцёле быў дапоўнены вікарыем таго ж касцёла ксяндзом Францішкам Каржанеўскім абрад хросту над дзіцяткам [названым] імёнамі Вінцэсь-Кастусь, сынам Сымона й Веранікі з Рыбіньскіх Каліноўскіх, шлюбных бацькоў, народжаным таго ж года, месяца студзеня дваццаць першага дня ўвечары і ў дзень шосты месяца лютага [праз таго ж самага ксяндза… ахрышчаным]… Хросныя бацькі: Антось Кіткевіч, адміністратар Ялаўскага парафіяльнага касцёла, капелан Свіслацкай гімназіі з Петранэляй, жонкай Канстанціна Крукоўскага. Асіставалі… Канстанцін Крукоўскі з Эльжбетаю, жонкай Казімера Шыманьскага".

 
Ці не прысутны Кастусь Крукоўскі (сваяк?) паўплываў на "дадатковае" імя?

Гэты метрычны запіс (пад двума імёнамі) "Вінцэнта-Канстанціна" стаўся поўным актам хросту.

Юнак абраў сабе другое, якое ў старажытных рымлян азначала "непахісны", "трывалы", "цвёрды", а ў сялянскім абыходку гучала як Кастусь.

Потым, не па ўласнай волі, ён будзе мець шмат імёнаў і прозвішчаў, паэтычных і здзеклівых: Яська-гаспадар з-пад Вільні, Васіль Світка, Макарэвіч, Чарноцкі, Хам, Канстанцін Хамовіч, Хамуціус, Ігнась Вітажэнец. І ўсе яны засведчаць перад гісторыяй годнасць іх уладальніка, бо праўдзіва сказана: няма імені, якое нельга не ўславіць.
 

У нацыянальна-вызваленчай барацьбе Кастусь меў папярэднікаў, сяброў-паплечнікаў, але найбліжэйшым дарадчыкам і настаўнікам на шляху станаўленняКаліноўскага-рэвалюцыянера быў яго старэйшы брат Віктар (1833–1862), студэнт-медыкМаскоўскага ўніверсітэта, а пазней — няштатны супрацоўнік публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу. Менавіта Віктар, апантаны гісторык, тонкі знаўца старажытных летапісаў, "пісаных крывіцкай гаворкай", абудзіў у хлапчуку прагу да ведаў. (Наймаючы апошнюю нелегальную кватэрку ў Вільні ў свайго цёзкі, чыноўніка Віленскай казённай палаты Кастуся Жаброўскага, наваселец "Вітажэнец" родам сваіх заняткаў назаве "распрацоўку матэрыялаў гістарычнага характару славянскіх народнасцяў".)
 

Каліноўскі заснаваў вольны нацыянальны друк — першую беларускую газету "Мужыцкая праўда", якая ў ХХ стагоддзі лічаныя разы друкавалася без купюр.

Нягледзячы на тое, што паплечнікам кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў на Беларусі і Літве ўдалося наладзіць выданне толькі 7 нумароў, у абуджэнні свядомасці беларусаў яна адыграла выключную ролю.

Унікальнасць яе відавочная: "Мужыцкая праўда" — ці не адзінае перыядычнае выданне сярэдзіны XIX стагоддзя ў Еўропе, непасрэдна адрасаванае селяніну, у якім так ясна былі накрэсленыя сацыяльная і палітычная мэта:

1) вызваліцца ад прыгнёту расійскіх акупантаў;

2) даць зямлю мужыку-беларусу.

У сваіх рэляцыях жандары ахрысцілі "Мужыцкую праўду" "разбуральнай газетай", вобразна і дакладна сфармуляваўшы пагрозу, якую неслі "лятучыя лісткі" (А. Герцэн) царызму, яго хвалёным тром кітам — праваслаўю, самадзяржаўю і народнасці (апошняя мела на ўвазе "единую и неделимую").

На допыце ў жандарскіх палкоўнікаў у адным са сваіх тлумачэнняў уласных поглядаў Каліноўскі ясна напіша: "Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расіі, калі яна нам дабра жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія абрушваюцца на край наш няшчасны".  
 

Была і Расія дзекабрыстаў, Чарнышэўскага, Дабралюбава.

Менавіта яе, дэмакратычную Расію, спрабаваў падтрымаць Каліноўскі, калі ў сярэдзіне жніўня 1863 года — падчас самай завірухі паўстання — на просьбу расійскіх рэвалюцыянераў пасылаў у Пецярбург друкарскі варштат.

І не яго віна, што ў Пецярбургу на чыгунцы груз не запатрабавалі, і "пасылка" вярнулася назад, у Вільню, дзе выпадкова была знойдзеная ўладамі на віленскай таварнай станцыі.
 

Сваё крэда жыцця Каліноўскі выказаў у развітальных і да надрыву прачулых пасланнях да народа, вядомых пад назвай "Лісты з-пад шыбеніцы".

Пад аўтографам ліста, пасля подпісу "Твой слуга, народзе, Яська-гаспадар з-пад Вільні" (Каліноўскі слова "народзе" потым закрэсліў), маглі падпісацца тысячы і тысячыпаплечнікаў-змагароў.

Бо гэта быў запавет усёй тагачаснай дэмакратычнай Беларусі. Сасланай і расстралянай.

Паводле данясенняў Мураўёва "Вешальніка" цару Аляксандру ІІ:

1) асуджана на страту — 128 (з іх 38 вайскоўцаў і 18 сялян);

2) саслана на катаргу — 972;

3) саслана на пасяленне ў аддаленыя месцы Сібіры — 573;

4) саслана з пазбаўленнем асабістых правоў у менш аддаленыя месцы Сібіры — 854;

5) прызначана ў вайсковую службу шарагоўцамі — 345;

6) саслана ў арыштанцкія роты — 864;

7) выслана на жыхарства ўнутры імперыі (не пазбаўляючы правоў) — 1524;

8) выслана з краю для пасялення на казённых землях — 7557;

9) пакінута ў краі "палітычных злачынцаў" — 9229 (з іх 6127 "просталюдзінаў"-сялян)…

Рэпрэсіі… Ганенні… Пераслед… Цкаванне… Высылка… Уціск, прымус на роднай зямлі цягам стагоддзяў (апошні маштабны пераслед ў снежні-2010 налічвае 725 затрыманых, з іх 44 абвінавачаных; сярэдні век тых сямі соцень нашых сучаснікаў — каля 35 гадоў).
 

Які быў сярэдні век асуджаных сучаснікаў Кастуся?
 

Самому Каліноўскаму за месяц да гібелі споўнілася 26.

"За такі час большасць людзей паспявае зрабіць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне народнага гневу, узрасціць яго і зжаць пасеў", — адзначаў у артыкуле да стагоддзя з дня яго смерці Уладзімір Караткевіч.

Целы паўстанцаў, закатаваных на допытах, пастраляных і павешаных, рэдка аддавалі сваякам, засыпаючы месцы страты вапнай (каб хутчэй раскладаліся трупы) і нават заліваючы чалавечым лайном. Смурод гэтага лайна і цяпер прабіваецца ў некаторых прадажных гігікаючых публікацыях пра постаці тых, хто заплаціў за волю і незалежнасць нашай зямлі найдаражэйшым — жыццём.
 

У павешанага Каліноўскага не знайшлося ні крэўных, ні паплечнікаў, каб папрасіць ці выкупіць цела (70-гадовы бацька, шляхціц Сымон Стафанаў Каліноўскі, маючы ад двух шлюбаў 17 дзяцей, тут быў бездапаможны).
 

Але гэта пра цела. Дух жа застаўся непераможаным.

 

Аўтар: Язэп Янушкевіч

Крыніца: Наша Ніва 

Катэгорыя: 
Date: 
пятніца, 2 Люты, 1838