Дзень народзінаў Расціслава Лапіцкага

Расціслаў Лапіцкі (1 верасня 1928, в. Касута, цяпер Вялейскі раён Менскай вобласьці — 28 кастрычніка 1950) — арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948—1950 гадах.

Расціслаў Лапіцкі з юнацтва выношваў планы змагання з камуністычным рэжымам. У 1948 г. яму споўнілася 20 гадоў, і хлопец перайшоў у дзесяты клас. Тады Лапіцкі і стварыў падпольную моладзевую арганізацыю ў Мядзелі, да якой далучыліся сябры. Бліжэйшымі ягонымі таварышамі і паплечнікамі сталі Факусь Несцяровіч з Юшкавічаў і Юзік Качарга з Качарог. Хлапцы пачалі выпускаць улёткі, тэксты якіх пісаў Расціслаў:

"Сьмерць вырадкам роду чалавечага!

Партызаны! Падпольшчыкі!

Стойце на абароне сваёй справы! Беражыце ў сабе сьвятую нянавісьць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавека. Біце сталінскіх шакалаў!

Моладзь! Не губляй сумленьня, змагайся супраць тых, хто сьлепа верыць у падман камунізму, узначаленага хрыстапрадаўцамі-Юдамі. Яны хочуць усіх нас расьпяць на пяціканцовай зьвязьдзе. Да зброі! Ня бойцеся ахвяраў і пакут!

Уперад да сьветлай будучыні!

Вашыя браты"

Пагадзіцеся, мужна. Гэта 1948–1950 гг., калі лютавалі НКВД і МГБ, сталінская прапаганда. Калі за адно няслушна прамоўленае слова можна было загрымець на дзясятак гадоў у вязніцу. Расціслаў і ягоныя сябры выдатна ведалі, чым рызыкуюць, але ўпэўнена працягвалі збірацца, прыцягваць новых людзей. Рыхтуючыся да больш актыўных дзеянняў, падпольшчыкі пачалі назапашваць зброю і выбухоўку.

Неўзабаве дзейнасць арганізацыі ахапіла ўсю Мядзельшчыну і Смаргоншчыну, а яе слава разышлася па ўсёй Беларусі. Усхапіліся спецслужбы. Пачаліся нагляд, росшукі, допыты. Спецслужбы шмат чаго ведалі пра мядзельска-смаргонскую арганізацыю праз даносчыка, «шасцёрку». У ноч з 1 на 2 лютага 1950 г. у Смаргоні зладзілі засаду. Затрымлівалі ўсіх, хто заходзіў. Расціслава Лапіцкага арыштавалі ў Кабыльніку, у доме ягонага сябра. Факунду Несцяровіча, які ўжо вучыўся ў Менскім палітэхнікуме, арыштавалі дома. Юзіка Качаргу забралі з заняткаў у Мядзельскай школе.

Расціслава, асуджанага да расстрэлу, пару месяцаў трымалі ў вялейскай турме ў камеры смяротнікаў. Яго там бачыў адзін са зняволеных, схварэлага і апухлага. Але духоўна Лапіцкі не зламаўся, адмовіўся ад памілавання. 22-гадовы Слаўка быў верны сабе да апошняга: «Дзе ні буду, нават у найменшым краі зямнога шару – усюды буду весці барацьбу супраць савецкай улады. Мой шлях правільны – за мной увесь народ».

Турэмная камера. Выводзяць двух вязняў. Вядуць па калідоры, садзяць у кузаў аўтамабіля. Лес. Вязні капаюць яму. Гучыць смяротны вырак. Стрэл…

З 27 на 28 кастрычніка 1950 г. Расціслава Лапіцкага расстралялі ў лесе пад Вялейкаю на вачах у ягонага сябра Факунды Несьцяровіча.

 

Крыніца: http://belsat.eu/be/

Катэгорыя: 
Date: 
субота, 1 Верасень, 1928