Гадавіна Хатыні
Для Беларусі сакавіцкія дні адзначаны сумнай датай: у 1943 годзе на Зямлі не стала Хатыні. Знікла ціхая гасцінная беларуская вёсачка. Ад рук нацыстаў загінулі амаль усе яе жыхары. У Хатыні жылі звычайныя беларускія сяляне, апрацоўвалі зямлю, вырошчвалі збожжа, бульбу, гадавалі дзяцей, спраўлялі вяселлі і святы, марылі аб будучыні, якая для іх не настала. Хатынь не проста старонка Вялікай Айчыннай вайны, гэта сімвал вялікай трагедыі, наш боль, наш гнеў.
Трагедыя напаткала Хатынь у сонечны дзень 22 сакавіка 1943 года. Раніцай карны атрад на чале з камандзірам батальёна спецыяльнага прызначэння СС Оскарам Дзірлевангерам акружыў вёску. З дамоў выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нямоглых падштурхоўвалі прыкладамі. Сагналі ўсіх у хлеў на ўскраіне, у якім калісьці захоўвалася сена. Дарослыя, як маглі, супакойвалі дзяцей, але трывога з кожнай мінутай усё мацней ахоплівала іх. Зачыненыя ўнутры, яны не ведалі, што рабілася знадворку. Не бачылі, як некалькі салдат абкладвалі сцены хлява саломай, як лілі бензін і запальвалі запалкі. Праз некаторы час ад дыму стала цяжка дыхаць, а на галовы пасыпаліся палаючыя галавешкі. Дзясяткі людзей кінуліся на вуліцу, але эсэсаўцы былі напагатове. Сакавіцкі дзень 1943 года стаў апошнім для 149 жыхароў Хатыні. У полымі зніклі 26 дамоў, 75 дзяцей абвугленымі галавешкамі ляжалі на папялішчы. На месцы ціхай лясной вёскі засталося папялішча ды сіратліва ўзвышаюцца коміны.
У жывых засталіся толькі пяцёра дзяцей і адзін дарослы. Убачыўшы набліжэнне карнікаў, паскакаў на кані ў суседнюю вёску Аляксандр Жалабковіч. Схаваліся брат і сястра Яскевічы - Уладзімір і Соф'я. Тром хатынцам было наканавана выбрацца жывымі з палаючага хлява - дзецям Віктару Жалабковічу, Антону Бараноўскаму і 56-гадоваму Іосіфу Іосіфавічу Камінскаму.
Трагедыя Хатыні - не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, што сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Страшны лёс знішчэння разам з Хатынню падзялілі 9200 са 100 тысяч вёсак Беларусі. Некаторыя з іх, спаленыя разам з людзьмі, як і Хатынь, пасля вайны ўжо не адрадзіліся. Хатынскія званы заклікаюць: "Помніце, людзі!".
Сёння няма вёскі Хатынь, але ёсць мемарыяльны комплекс "Хатынь". Ён ствараўся на працягу трох гадоў. У 1969 годзе па рашэнню ЦК КПСС і ўрада рэспублікі на месцы крывавай трагедыі быў узведзены архітэктурна-скульптурны ансамбль пад адкрытым небам у памяць увекавечання ахвяр фашызму на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1945 гады. Ён стаў трагічным сімвалам шматпакутнай Беларусі, які ўвасобіў у сабе боль і смутак загінуўшых.
Створаны ён на 54-м км шашы Мінск - Віцебск на месцы былой вёскі Хатынь Лагойскага раёна. Аўтарамі з'яўляюцца лаўрэаты Ленінскай прэміі 1970 года архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, скульптар Сяргей Селіханаў, якія змаглі стварыць помнік велізарнага эмацыянальнага і патрыятычнага гучання. Мемарыял займае плошчу 50 га. Комплекс паўтарае планіроўку былой вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сцяну Жалобы і Дрэва жыцця.
Мемарыял быў адкрыты 5 ліпеня 1969 года і стаў месцам усенароднага пакланення. Наведвальнікаў "Хатыні" сустракае бронзавая скульптура няскоранага чалавека, які паўстаў жывым з агню, вынес адтуль цела мёртвага хлопчыка і нясе яго праз гады, увасабляючы сабой вечны праклён фашызму, праклён любому злу на Зямлі. Гэта зборны вобраз беларускага селяніна. Яго правобразам паслужыў сведка хатынскай трагедыі Іосіф Камінскі, які цудам застаўся ў жывых. Ён, абгарэлы, паранены, выбраўся з палаючага хлява і сярод трупаў аднавяскоўцаў знайшоў знявечанае цела свайго сына.
Побач, на месцы хлява, дзе фашысты спалілі жыхароў Хатыні, чорная пліта, што нагадвае дах, які стаў апошнім прытулкам загінуўшых. На брацкай магіле Вянок памяці з белага мармуру са словамі наказу мёртвых жывым і адказам жывых загінуўшым
Былая вясковая вуліца выкладзена шэрымі (колер попелу) жалезабетоннымі плітамі. На месцы кожнага спаленага дома - вянок зруба з шэрага жалезабетону, усярэдзіне яго - абеліск у выглядзе коміна са звонам. На кожным абеліску мемарыяльная пліта, на якой прозвішчы і імёны спаленых жыхароў дома; у кожнага вянка зруба жалезабетонная брамка. Іх 26 - роўна столькі, колькі двароў паглынуў агонь. Яны стаяць на тых жа месцах, дзе некалі стаялі сялянскія хаты.
Адзначаныя шэрымі плітамі былыя вуліцы, якія раптоўна абрываюцца, мемарыяльныя знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў на месцы 4 калодзежаў дапаўняюць вобраз спаленай вёскі. За дамамі-помнікамі па галоўнай восі кампазіцыі мемарыяла размешчаны Могілкі вёсак. Тут у каменныя пліты ўмураваны 186 урнаў, у якіх зямля і попел з брацкіх магіл беларускіх вёсак, якія падзялілі лёс Хатыні.
Вязням фашысцкіх канцлагераў прысвечана Сцяна Жалобы - манументальная кампазіцыя з нішамі, у якіх ўмацаваны мемарыяльныя пліты з назвамі 66 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі і інфармацыяй аб колькасці загубленых там людзей. Каменне для сцен было прывезена сюды з "камбінатаў смерці", пабудаваных фашыстамі на беларускай зямлі. 260 канцэнтрацыйных лагераў і гета стварылі гітлераўцы ў Беларусі.
Кульмінацыяй хатынскага мемарыяла з'яўляецца плошча Памяці. На паліраванай паверхні чорнага куба - чатыры адтуліны. На журботным ўзгорку з чорнага мармуру растуць тры маладыя бярозкі, якія сімвалізуюць жыццё. У памяць аб кожным трэцім жыхары Беларусі, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, на мемарыяле гарыць Вечны агонь. Факел, які яго запаліў, быў прывезены ў Хатынь з Мінска, з плошчы Перамогі.
Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісамі 433 вёсак, спаленых акупантамі і адроджаных пасля вайны.
Званы Хатыні. Сумныя, трывожныя... Гучаць яны над прыціхлай далінай, над лясамі і пералескамі, плывуць у бязмежную сінь неба. Бой званоў над Беларуссю расказвае ўсяму свету аб трагедыі беларускіх вёсак, заклікаючы людзей быць пільнымі, каб ніколі такое не паўтарылася.
Мемарыяльны комплекс Хатынь - сімвал народнай памяці. Мала дзе ў свеце бывае такая задуменная, напружаная цішыня, як у Хатыні, - толькі шоргат крокаў на бетонных сцяжынках, толькі глухія ўдары званоў. Сумная цішыня. Яна хавае ў сабе і гул лютага агню, і дзіцячы плач, і адчайныя крыкі маці, і гнеўныя праклёны паміраючых ў полымі мужчын. Сурова і лаканічна расказвае мемарыял аб мужнасці і непахіснасці беларускага народа.
Да 65-й гадавіны трагедыі расейскія кинематаграфісты знялі дакументальны фільм. "Што стаяла за трагедыяй Хатыні? Хто на самай справе паліў і расстрэльваў мірнае насельніцтва беларускай вёскі Хатынь?" На гэтыя і іншыя пытанні імкнуцца адказаць аўтары фільму «Ганебная таямніца Хатыні», які можна праглядзець тут.
22-га сакавіка 2013 году цэнтральны чэшскі навінавы тэлеканал таксама змясціў аб гэтай трагедыі матэрыялы.
Прадстаўнікі Чэхіі (супрацоўнікі мемарыяла «Лідзіцэ») 20-га сакавіка 2013 году прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Хатынь: 1943-2013. Падзеі, людзі, памяць». На канферэнцыі прагучаў даклад навукоўцы-гісторыка, дырэктара Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артура Зельскага. Беларускі даследчык прадставіў хранаметраж падзеяў у раёне вёскі Хатынь 22 Сакавіка 1943.
Крыніцы: