Попыт на Беларушчыну

ці як знікла гісторыя беларускага народу

У хуткім часе Рэспубліка Беларусь будзе святкаваць 30 гадоў, як беларускі народ мае ўласную дзяржаўнасць. Але за гэты час улады нашай краіны не толькі так і не здолелі збудаваць сваю нацыянальную канцэпцыю ды адбудаваць гістарычную самасвядомасць, але і стварылі парадак, калі нацыянальнае можа лічыцца антыдзяржаўным. 

Беларускія землі, маючы за сваіма плячыма шматвекавую гісторыю, зараз гадуюць насельніцтва краіны без сваёй нацыянальнай памяці. Але памяць гэтая не была згублена, яна была мэтанакіравана знішчана.  У час стагоддзя абвяшчэння БНР беларусам усё яшчэ трэба змагацца за сваю гістарычную самасвядомасць.

А як так здарылася? Паспрабуем разабрацца.

Свае гістарычныя карані мы пачалі губляць з моманту, калі польская і расейская навyковыя гістарыаграфіі др.пал. XIX ст. пачалі распрацоўваць канцэпцыю ўзнікнення ВКЛ (летувіская дзяржава захапіла беларускія землі і панавала над імі), хоць ідэалагічны канфлікт інтарэсаў паходжання ВКЛ з’явіўся яшчэ ў XVI ст.

Важным этапам з’яўляецца стварэнне расейцамі ўмоў, спрыяльных для летувісаў, і якія перашкаджалі беларусам у фарміраванні і развіцці свайго нацыянальнага руху. Так у XIXст. летувісы атрымалі дазвол на адукацыю на роднай мове, беларуская мова была забароненая ў школах, адміністрацыйным справаводстве; праваслаўныя расейцы пакінулі летувісам касцёлы, а ўніяцкая царква, якая магла захаваць адметнасць беларусаў ад палякаў і расейцаў, на беларускіх землях была зліквідаваная. Як пры царызму, так і далей, канфесійны чыннік (рэлігія як крытэрый этнічнай ідэнтыфікацыі) не пакідае месца беларусам: каталік – значыць, паляк (месцамі летувіс); праваслаўны – значыць, вялікарос. У адрознанне ад летувісаў беларусам быў забаронены друк на роднай мове. У сваю чаргу забойствы ды дэпартацыі беларускіх дзеячаў сур’ёзна паслабляла беларускі нацыянальны стрыжань. За часам царызму назва Літва адсоўвалася на летувісаў, нашы землі ўсё шырэй пачыналі звацца беларускімі.

Істотную ролю адыграла нямецкая акупацыя і яе погляд на далейшы лёс народаў. Менавіта з падтрымкай немцаў у 1918 г. была абвешчана Летува са сталіцай у Вільні. Аніякай Беларусі ў нямецкіх планах не было. Важны крок, які ператварыўся ў гістарычны важны прэцэдэнт – прававую падставу (бо ў 1918 г. абвешчаная Летува залежыла ад Германіі), зрабіў У. Ленін у 1920 г., калі выключна з-за расейскіх імперскіх амбіцыяў аддаў летувісам Вільню і падтрымаў незалежнасць. Вось ён – перыяд 1918 - 1920 гг. – калі Літва як уласнае імя тэрыторыі канчаткова страціла сваё гістарычнае значэнне, калі летувісы атрымалі сваю Lietuvos Respublika са сталіцай у Вільні. Гэты факт як міжнароднае афіцыйнае – але памылковае – зацверджанне пераемнасці летувісаў гістарычнай спадчыны ВКЛ. Спробы беларусаў адстаяць Вільню пасля бальшавіцкіх заляцанняў з беларусізацыяй скончыліся вельмі трагічна. Змаганне за Беларушчыну прыраўноўвалася да контррэвалюцыйнай дзейнасці (дзяржперавароту) і каралася адпаведна. Бальшавікамі была знішчаная беларуская інтэлегенцыя (што ў XIX ст., што ў XX ст. на фоне фізічнага вынішчэння адукаваных беларусаў з беларускай самасвядомасцю летувіскія дзеячы былі ў якасна іншых умовах).

Свой унёсак зрабіў і нацыянальны склад кіраўніцтва маладых дзяржаў: урад Летувы меў нацыянальную скіраванасць, а сярод кіраўніцтва БССР беларусы мелі менш за палову пасадаў. Істотнай перашкодай было тое, што беларусы з абвяшчэннем ССРБ (далей БССР) так і не атрымалі незалежнасць.

Наспупным важным крокам у пытанні стала перадача Вільні летувісам у 1939 г. ужо І. Сталіным, але зыходзячы з усё таго ж імперскага разліку. Тым самым не толькі падцвердзілася правільнасць і справядлівасць рашэння Леніна, а за другім разам перадачы Вільні ўзмацнілася тоеснасць Летува = ВКЛ. Больш за тое, на 1939 г. гэта сапраўды выглядала як пытанне выбару: Беларусі ці Летуве. І факт выбару на карысць летувісам меў два паведамленні для зацікаўленых народаў: 1 – Вільня і спадчына ВКЛ належаць Летуве, 2 – Вільня і спадчына ВКЛ не належаць Беларусі. Летувіскі нацыянальны рух бальшавікі не краналі. Між тым Масква дапамагла ліквідаваць беларускаю незадаволенасць на Віленшчыне, душачы таксама нязгоду і ў межах Беларусі. Такім чынам беларусам зноў не было шанца даказаць свае правы на Вільню, затое летувісам – калі ласка, замацоувайце вынікі маскоўскіх рашэнняў і праводзьце летувізацыю новых тэрыторый. Прозвішчы беларусаў, беларускія тапонімы (геаграфічныя назвы) перапісваліся на летувіскі манер. Вялікую ролю адыграла і тое, што ў БССР ад Масквы шла русіфікацыя, а летувісам дазволілі развіваць родную мову і карыстацца ёй.

Летувізацыі краіны, у большай меры Вільні, дапамагло амаль поўнае знішчэнне немцамі габрэйства, і масавая дэпартацыя (100 тыс.) віленскіх “палякаў” (большасць якіх на самой справе былі этнічнымі беларусамі) саветамі ў Польшчу ў перыяд 1944 - 1948 гг. Такім чынам нямецкімі і савецкімі рукамі Вільня была вычышчаная ад нелетувіскага насельніцтва. Але і самі летувісы не заўсёды стаялі побач з такімі чысткамі насельніцтва. Акрамя частковага супрацоўніцтва с рэйхаўцамі і саветамі сваю будучыню абаранялі і праз адмову ў летувіскім грамадзянстве нават тым (гэбрэям, беларусам, палякам), хто нарадзіўся ў самой Вільні. Калі ў міжваенны час у Віленскім універсітэце адбывалася польская асіміляцыя беларусаў, то пасля Другой сустветнай пад летувіскай уладай гэты старажытны універсітэт беларусаў ужо не прымаў.

Строгі кантроль савецкай ідэалогіі ў навуковай галіне трымаў гісторыю ВКЛ і Вільню за Летувой. Сістэма адукацыі праз пакаленні ўбівала беларусам канцэпцыю трыадзінства рускага народу і сталай імклівасці беларусаў да вялікаросаў, іншай гісторыі ў беларусаў быць не магло. У сваю чаргу, летувісы ціха перагортвалі старонкі ў сваіх навуковых працах па гісторыі, якая да таго часу ўжо цалкам належыла Летуве, і замацоўвалі міт аб летувіскай імперыі ў масавай свядомасці сваіх грамадзянаў.

Пазней ў БССР паспяхова адбываўся працэсс будавання грамадзяніна СССР – чалавека савецкай нацыянальнасці. Як і ў Царскай Рассеі, так і ў Савецкім Саюзе, у Беларусі панавала палітыка дэнацыяналізацыі. Заходнерусізм меў вялізарныя наступствы для беларусаў. Што ўтойваць, і зараз мае.

Такім чынам летувісам проста пашанцавала ў тым, што канцэпцыя летувіскага ВКЛ была на карысць як расейскаму царызму, так і савецкаму бальшавізму. А заслуга саміх летувісаў толькі ў тым, што яны і не адмаўляліся ад такой спадчыны (як зараз робіць беларуская ўлада).

За увесь час беларусы не маглі даць адказ польскай, расейскай, летувіскай ды савецкай гістарыяграфіям, бо не мелі ўласнай незалежнай дзяржавы (пачатак пошуку менавіта беларускага адказу на пытанне аб ВКЛ прыпадае на др. пал. 1980-ых). Здавалася, у пачатку 1990-ых, прыняўшы греб Пагоню і бела-чырвона-белы сцяг, Рэспубліка Беларусь прапануе ўласную канцэпцыю нацыянальнай гісторыі і заявіць уголас аб сваёй спадчыне. Але па пэўным прычынам так не здарылася.

Першы прэзідэнт Беларусі павярнуў краіну назад у Савок. Заявы кіраўніка дзяржавы, савецкага гісторыка, аб чужароднасці Пагоні і гісторыі ВКЛ адсяклі ўсю спадчыну беларусаў і замацавалі нас народам без гісторыі. Пытанне аб Вілненшчыне не ўзнімалася, гісторыя ВКЛ і права адзінанага спадкаемцы аддаваліся летувісам. Беларуская ўлада адраклася ад нашага мінулага на карысць міту за часам Расейскай імперыіі ды Савецкага Саюзу. Паглядзіце, як улада зняважыла і апаганіла словы “свядомы”, “змагар”, нават “мова”. А толькі дзякуючы ўвасабленню такіх словаў сёння мы маем сваю дзяржаўнасць. Лукашэнкаўская ўлада асэнсавана і мэтанакіравана аддзяліла сябе ад нацыянальнага, беларускага – вось ейнае галоўнае дасягненне.

Беларусь застаецца без памяці аб сваіх ахвярах, без спадчыны і гістарычнай самясвядомасці. І кожны наступны грамадзянін Беларусі за сваё іншадумства адносна існуючай улады, як і стагодззе таму прыраўноўваецца да ворага народу і разглядаецца як спроба дзяржперавароту.

Поўны тэкст:

http://history-belarus.by/pages/articles/vasil_s-pad_Wilni.php

Аўтар - Васіль Віннікаў, зваротная сувязь vassily1142@gmail.com 

Катэгорыя: 
Date: 
чацьвер, 10 Май, 2018