Слуцкі збройны чын

Слуцкі збройны чын (Слуцкі збройны ўздым, Слуцкае паўстанне) — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. 

Увосень 1920 года Расея і Польшча, якія тады ваявалі між сабой, падпiсалі дамову пра замірэнне. Расейцы прапанавалi палякам забраць сабе Заходнюю Беларусь. Хоць яна была часткаю БССР, кiраўнiкоў Савецкай Беларусi на перамовы з польскай дэлегацыяй нават не пусцiлi. Гэта паказвала, якой у сапраўднасцi была “незалежнасць” створанай камунiстамi БССР.
Але наш народ не хацеў мірыцца з тым, што родную зямлю дзеляць драпежныя суседзi. Беларусы са зброяй у руках баранiлi сваю незалежнасць. Прыклад змагання паказалi iншым жыхары горада Слуцка i ягоных ваколiцаў.
Напачатку сабраўся з’езд Случчыны. Ён праходзiў у вялiкай зале дома Эдварда Вайнiловiча, багатага беларускага шляхцiча, якi за свае грошы пабудаваў Чырвоны касцёл у Менску. Зала з’езда была ўпрыгожаная нашымi нацыянальнымi бел-чырвона-белымi сцягамi. Дэлегаты з’езду прагаласавалi за падтрымку Беларускай Народнай Рэспублiкi. Уладу расейскiх камунiстаў яны называлi чужынскай.
З’езд пастанавiў узняць паўстанне за незалежную Беларусь. Улада ў горадзе i слуцкiх вёсках перайшла да Рады Случчыны. Ёю кiравалi смелыя змагары Уладзiмiр Пракулевiч i Павел Жаўрыд. Рада за тры днi стварыла Слуцкую брыгаду стральцоў Беларускай Народнай Рэспублiкi. У брыгадзе было два палкi: Слуцкi i Грозаўскi, ў якi ўваходзiлi жыхары мястэчка Грозаў i навакольных вёсак. 10 тысяч случакоў былi гатовыя баранiць беларускую свабоду i незалежнасць ад расейскiх бальшавiкоў.

Паўстанцы пачалi баявыя дзеяннi 27 лiстапада 1920 года. Камандаваў Слуцкай брыгадай капiтан Антон Сокал-Кутылоўскi. Паўстанцкiя аддзелы занялi мястэчкi Семежаў i Вызна i працягвалi наступаць на бальшавiцкія войскі. Слуцкiя сяляне ўсім, чым маглі, дапамагалi змагарам. За гераiзм у баях Слуцкi полк атрымаў ад Рады сцяг залацiстага колеру з дзяржаўным гербам «Пагоня».
Бальшавiкi кiнулi супроць паўстанцаў свежыя добра ўзброеныя палкі, якія ў некалькi разоў пераважалі беларусаў сваёй колькасцю. Паўстанцы мусiлi з баямi адыходзiць на захад. Яны перайшлi раку Лань, за якой стаялi польскiя войскi. Палякi, як i расейцы, былi супраць незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi. Яны раззброiлi абаронцаў БНР і некалькi месяцаў трымалi iх пад аховаю ў лагеры.

Але адзiн батальён змагароў разам са сваiмi афiцэрамi застаўся на Случчыне. Гэтыя 400 паўстанцаў яшчэ доўгi час не давалi спакою бальшавiкам.

Сярод найбольш актыўных удзельнікаў змагання былі Павел Жаўрыд, Юрка Лістапад, Макар Краўцоў (аўтар ваяцкага марша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам БНР) Васіль Русак, Аляксей Кабычкін, Юльян Сасноўскі, Янка Біруковіч. Многія са змагароў вярнуліся пазней на радзіму, паверыўшы ў магчымасць адбудовы Беларускага гаспадарства пад бальшавікамі, але былі знішчаныя ў часе рэпрэсій.

Слуцкае паўстанне паказала ўсяму свету, што беларусы хочуць жыць у сваёй незалежнай дзяржаве. Таму дзень 27 лiстапада, калi пачалося паўстанне, — гэта наша вялiкае нацыянальнае свята. Яго называюць Днём Герояў i штогод адзначаюць у Беларусi ды iншых краiнах.
Слуцкiя паўстанцы iшлi ў бой з воклiчам “Жыве Беларусь!” Сёння гэтыя словы дарагiя i блiзкiя кожнаму з нас. На святочных вечарынах, на мiтынгах i дэманстрацыях прыхiльнiкаў незалежнасцi нашай дзяржавы зноў i зноў гучыць: “Жыве Беларусь!” Беларусь абавязкова стане такой, пра якую марылi слуцкiя паўстанцы, — багатай i вольнай еўрапейскай краiнай.

Уладзімір Арлоў "Адкуль наш род"

 

У 2008 годзе з'явіўся дакумэнтальна-публіцыстычны фільм пра Слуцкае паўстаньне. Гэты фільм быў створаны ў рамках праекту «Невядомая Беларусь» для тэлеканала «Белсат», ён апавядае пра малавядомыя старонкі гісторыі Беларусі 1920-х гадоў. Галоўнай мэтай фільму зьяўляецца аспрэчанне міта аб тым, што Беларусь пачалася 1 студзеня 1919 году з утварэннем бальшавіцкай БССР, а да гэтага дня ня мела сваёй дзяржаўнасці.

 

 

Катэгорыя: 
Date: 
субота, 27 Лістапад, 1920