Дзень нараджэння Янкі Купалы

Янка Купала - класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі, духоўны лідэр беларускага нацыянальнага адраджэння. Ён адначасова выступаў як паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.

Сапраўднае імя Янкі Купалы - Іван Луцэвіч. Ён нарадзіўся 25 чэрвеня (7 ліпеня па н.ст.) 1882 г. у фальварку Вязынка Менскага павета Менскай губэрні (цяпер вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Менскай вобласьці). Бацькі - Дамінік і Бянігна - паходзілі з дробнай чыншавай шляхты, якая мела свае адметныя саслоўныя рысы. Пры хрышчэньні ў Радашковіцкім касьцёле Іван (для блізкіх - Ясь) Луцэвіч быў запісаны дваранінам, але пазьней паводле афіцыйных дакумэнтаў належыў да мяшчан.

Першыя вершы - сэнтымэнтальна-рамантычнымі - былі напісаны па-польску ў 1902 г. Але ў хуткім часе паэт усьвядоміў, што толькі родная беларуская мова - тая стыхія, праз якую ён можа выказаць у поўным аб'ёме свае думкі і памкненьні. Рашэньне пісаць па-беларуску ў той час было сьмелым крокам. Беларуская мова ў Расеі знаходзілася пад забаронаю, спадзявацца на публікацыю не даводзілася. Як пісаў Я. Купала ў аўтабіяграфіі:
"У 1904 г. трапляюцца мне ў рукі беларускія пракламацыі і рэвалюцыйныя брашуры на беларускай мове. Гэта канчаткова вырашыла, што я беларус і што адзінае маё прызначэньне - служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца".
Дапамагло гэта асэнсаваць і знаёмства з кнігамі беларускіх літаратараў XIX ст. Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча.

Янка Купала пражыў няпростае жыцьцё, поўнае цяжкасьцей і выпрабаваньняў. Аднак яго высокія якасьці як чалавека, грамадзяніна і творцы: сумленнасьць, высакароднасьць, гуманізм, любоў да свайго народа і Бацькаўшчыны, вернасьць вызначальнай ідэі ўсёй яго творчасьці - нацыянальнаму, сацыяльнаму і духоўнаму разьняволеньню людзей, раскрытай на высокім мастацкім узроўні, заставаліся нязьменнымі і неаспрэчнымі зь цягам часу. Беларускі пясьняр стаіць ў шэрагу тых вялікіх мастакоў сьвету, якім дадзена глыбока спазнаць сутнасьць свайго часу, народа, яго гісторыі і выказаць гэта ў яскравай, толькі ім уласьцівай форме.

Дзейнасць Янкі Купалы, яго роля і значэньне ў нацыянальным духоўным Адраджэньні беларусаў высока ацэнена нашчадкамі.

Працуюць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Менску і чатыры яго філіялы: "Акопы" ў Лагойскім раёне, "Яхімоўшчына" ў Маладзечанскім раёне, Купалаўскія мэмарыяльныя запаведнікі "Вязынка" ў Маладзечанскім раёне (дзе штогод праводзяцца купалаўскія сьвяты паэзіі) і "Ляўкі" ў Аршанскім раёне.

Творы Янкі Купалы сталі крыніцай натхненьня многіх кампазытараў. М. Чуркіным створана опэра "Раскіданае гняздо". Па матывах паэмы "Магіла льва" напісаў опэру "Машэка" Р. Пукст, а Я. Глебаў - сімфанічную "Паэму-легенду". Ён жа на сюжэты "Кургана" і "Магілы льва" стварыў балеты "Выбраньніца" і "Курган". І. Лучанок напісаў паэму-легенду "Гусьляр" паводле Купалавага "Кургана", Г. Гарэлава - сімфанічную паэму "Бандароўна", Ю. Семяняка - музычную камэдыю "Паўлінка". А. Мдзівані стварыў цыкл хораў, Л. Шлег - харавую паэму "Вясьнянка" паводле паэмы "Яна і я". Оперу-прытчу "Песьня пра долю" У. Мулявіна на словы Купалы выконваў ансамбль "Песьняры". Вершы паэта паклалі на музыку М. Аладаў, М. Анцаў, А. Багатыроў, К. Галкоўскі, А. Грыневіч, М. Мацісон, С. Палонскі, А. Пашчанка, Р. Пукст, Л. Рагоўскі, А. Сакалоўскі, А. Туранкоў, У. Тэраўскі, Я. Цікоцкі, М. Чуркін, Л. Ямпольскі і інш.

Драматургічныя творы Янкі Купалы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. Яго п'есы "Паўлінка", "Раскіданае гняздо", паэма "Магіла льва" экранізаваны.

Творчасьць Янкі Купалы заслужыла сусьветнае прызнаньне - пра гэта сьведчыць шырокі грамадскі рэзананс, які яна атрымала ў многіх краінах сьвету. Творы беларускага песьняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш "А хто там ідзе?" перакладзены на 82 мовы народаў сьвету, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя - англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і іншыя.

У 1996 г. створаны Міжнародны Фонд Янкі Купалы. 100-гадовы юбілей беларускага песьняра паводле рашэньня ЮНЭСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе.

Катэгорыя: 
Date: 
нядзеля, 25 Чэрвень, 1882