Дзяды

Дзяды — славянскі народны памінальны абрад, рытуальная вячэра ў памяць памерлых продкаў. Дзядамі таксама называлі дзень, калі адбываўся абрад, і душы нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі.

У беларусаў гэты рытуал захаваўся ў найбольш архаічнай форме. Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія), пятроўскія, змітраўскія. Галоўныя — Восеньскія Дзяды (3мітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры), яны адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні (Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія Дзяды, 3мітраўскія Дзяды і інш.). 

Паходзяць Дзяды з дахрысціянскага балта-славянскага звычаю трызны, звязанага з культам продкаў. Пазьней абрад ускладніўся напляставаннем хрысьціянскага культу.

У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, іначай, як лічылася, яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасці. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў). Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў.

У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў — дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але ў некаторых вёсках дазвалялася з'есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі куцця, варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш. На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады. На Дзісеншчыне выпісвалі з сямейнай хронікі памерлых і ўпісвалі нованароджаных. Пасля вячэры гаспадар казаў: «Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!» У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі Дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх — добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям'і нехта памрэ. Паводле павер'я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў.

Абрад паклікання душаў памерлых на Дзядоў мастацка апісаны Адамам Міцкевічам у яго знакамітай паэме «Дзяды».

У некаторых рэгіёнах Беларусі на Дзяды наведваюць могільнікі — робяць прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладаюць магілы дзірваном, камянямі, ставяць крыжы. Пасля на магілах пакідаюць пачастунак. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт.

У сучаснай Беларусі праваслаўныя адзначаюць Дзімітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада. Каталікі ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў 2 лістапада. Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 году Дзяды набылі грамадзкую значнасць — штогод адбываецца шэсце на Курапаты ў памяць пра ахвяраў камуністычнай улады.

Шэсце на Курапаты ў 2009

Катэгорыя: 
Date: 
субота, 2 Лістапад, 2013