Першая прачыстая

Прачыстая (Успленне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Сплине, Вспленье, Талака, Дажынкі) — старажытнае земляробчае свята ўраджаю і падрыхтоўкі да сяўбы.

Асвячалі апошні снапок, насеннае зерне, якім пасля Прачыстай пачыналі засеўкі азімых, а таксама зёлкі і гародніну. Наладжвалі Свята Свечкі: пераносілі яе з адной хаты ў другую, гасцявалі. На Палессі рыхтавалі кашу з проса новага ўраджаю. Назіралі за бусламі, якія збіраліся на зжатых палях і рыхтавалі малады вывадак да далёкага пералёту ў цёплыя краі.

Прымаўкі гэтага дня: «Прыйшла Прачыстая — стала поле чыстае», «Прачыста — сяўба чыста, а касьба не чыста», «Гаспажа — хлеба дзяжа» (Брэсцкі павет); «Прыйшла Прачыстая — перапечка чыстая» (Ігуменскі павет); «Надышло Успленне — цягні бульбу за карэнне» (Столінскі раён); «Прачыстая не глядзіць бяла, а глядзіць, каб паляніца была» (Клічаўскі раён).

У народных песнях гэты дзень згадваецца ў сувязі з разнастайнымі сельскагаспадарчымі работамі: «Прачыста снапкі падае», «на восець носіць», «папары мяшае», «пчолак ладзіць, кадкі мёдам налівае».

Прачыста маці ішла зажынаці
У чыстае поле з пшонным пірагом.
З пшонным пірагом, з залатым сярпом.
У левай руцэ пшонны піражок,
У правай руцэ залаты сярпок:
Я раз разну — я сноп нажну,
Я і два разну — я капу нажну!
Сноп ад снапа — на валовішча,
Капа ад капы — паўтараста шагоў!
(Магілёўская губ.)

Прачыста жытцо сеець,
А меншая ў помач стала,
Жытцо скора запахала,
(Міёрскі раён)

У некаторых раёнах лічылася, што ад Прачыстай пачынаецца «маладое бабскае лета», якое заканчваецца на Галавасека 11 верасня (29 жніўня па ст.ст).

Этнографамі зафіксавана вялікая колькасць звычаяў, абрадаў і павер'яў, што датычаць гэтага моманту, ад якога ў многім залежаў будучы ўраджай. Першыя звязаны з такімі магічнымі атрыбутамі, як «поўня», «яйка», «сякера», «ахвяраванне зямлі», «сустрэча», «чысціня» і іншымі, што суправаджаюцца рознымі і шматлікімі павер'ямі, другія — з асвечаным зернем, малітвай. Некаторыя даследчыкі лічаць, што 28 (15 па ст.ст) жніўня з'яўляецца агульнаславянскім святам ураджаю.

На Палессі Прачыстую называлі Зельнаю (параўнай польскае назва «Święto Matki Boskiej Zielnej»), бо асвячалі разам са збожжам «усялякія зелля».

У 1930-х гадах у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у верасні праходзілі фестывалі «Дажынкі», прысвечаныя сабранаму ўраджаю.

М. Стаховіч. Дажынкі. XIX ст.

Катэгорыя: 
Date: 
серада, 28 Жнівень, 2013