Яблычны Спас

Яблычны Спас (Спас, Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас, Іспас) — старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў. Адзначаецца 19 (6 па ст. ст) жніўня. У хрысціянскай традыцыі Яблычны Спас азначае свята Праабражэння Гасподняга. У народным календары адзначаюцца таксама Першы, «мядовы» Спас, або Макавей 14 жніўня, і Трэці, Малы, «хлебны», «арэхавы» Спас 29 жніўня.

У гэты дзень у храмах асвячалі яблыкі і іншыя плады, пасля чаго дазвалялася іх ужываць: «Добра яблычка к Іспасу». Асвечаныя яблыкі пакідалі на магілах блізкіх людзей. Да Яблычнага Спаса яблыкі (а таксама грушы, агрэст, струкавую гародніну) есці забаранялася, асабліва жанчынам, у якіх папярэдне паміралі дзеці. Згодна з народным павер'ем, у гэты дзень Бог (ці Божая Маці) раздае на нябёсах усім памерлым дзеткам па яблычку, а таму дзіцяці, чыя маці каштавала іх раней дазволенага тэрміну, пачастунку не дастанецца. Страшылі таксама бацькоў, якія дачасна елі яблыкі, што ў іх паўміраюць дзеці.

У народзе Спас лічылі днём адлёту буслоў. Калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Спасам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а вясна цяплейшая; калі ж пасля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позняя, а вясна халодная. Адлёт буслоў сведчыў пра набліжэнне зімы, а прыказкі нагадвалі: «Спас — лета шась!», «Спас — бяры рукавіцы ў запас».

Да ўсходу сонца праводзілі абрад выгнання клапоў. «Прыйшоў Спас, штоб не было клапоў у вас!». Паколькі на тую пару з'яўляецца шмат аваднёў, таму ў Лельчыцкім раёне кажуць: «Прыйшоў Спас, то пабярэ чорт і нас».

Катэгорыя: 
Date: 
панядзелак, 19 Жнівень, 2013