Вы тут
Галоўная › Навіны › Беларусы ў Чэхіі: "свае стралялі ў сваіх" альбо колькі словаў наконт беларускай салідарнасціБеларусы ў Чэхіі: "свае стралялі ў сваіх" альбо колькі словаў наконт беларускай салідарнасці
Здавалася б, шэраговая гісторыя вакол рэгістрацыі ў Празе так званага “Беларускага дому” на чале з Наталляй Маковік мела даволі шырокі розгалас дзякуючы агенцыі БелаПАН. У рэальнасці распачала дзейнасць чарговая арганізацыя, а потым пачаў працаваць ейны сайт. Здавалася б, нічога надзвычайнага ў кожнай з гэтых падзеяў няма, бо ў Празе дзейнічае шэраг беларускіх арганізацыяў, кожная з якіх займае пэўную нішу.
“Беларускі дом” хоць і вылучаўся гучнай назвай, але меў стацца адной з такіх арганізацыяў. БелаПАН, а пазней праз перадрук арыгінальных матэрыялаў БелаПАНу Радыё “Свабода”, TUT.BY і шэраг іншых сайтаў спрычыніліся да рэкламы праекту спн. Маковік. Яна заявіла амбітныя мэты праекту, які, нібыта, мае “выконваць функцыю “альтэрнатыўнай амбасады Беларусі” і стане праваабарончым і інфармацыйным цэнтрам для беларусаў у Чэхіі". Згодна з пададзенай інфармацыяй нібыта “стварыць Беларускі дом у Празе пастанавілі ў лістападзе 2012 году на першым паседжаньні беларускіх арганізацыяў, зарэгістраваных у Чэхіі”. Пры гэтым спіс тых арганізацыяў быў пададзены ў тэксце БелаПАНу. У тэксце БелаПАНу таксама падкрэслівалася, што “рэгістрацыя дазваляе зьвяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, гарадскую адміністрацыю, грамадскія інстытуты ды супрацоўнічаць з імі”.
Уся гэтая інфармацыя выглядае на першы погляд пераканаўча для чытача, які ёсць вонкавым назіральнікам. Тым, хто ведае пра гісторыю вакол “Беларускага дому” трошкі больш, інфармацыя, пададзеная БелаПАНам, падаецца нічым іншым як недапраўдай. Прычым, гэта настолькі ўдала зроблена, што насамрэч даволі цяжка пабачыць дзе тут факты, а дзе - чыесьці інтэрпрэтацыі.
Такім чынам стварэнне “Беларускага дому” пададзенае як нібыта агульнае рашэнне шасці беларускіх арганізацыяў Чэхіі і можа падацца вынікам “салідарызацыі” беларускай грамады краіны. Аднак, па-першае, само азнаямленне з дакументамі таго лістападаўскага “сходу беларускіх арганізацыяў” паказвае, што аніякіх рашэнняў пра які-кольвек супольны план дзеянняў ці ўвогуле нейкія канкрэтныя захады ў гэтым пытанні не прымалася. Тым больш, сама ідэя стварэння “Беларускага дому” не была падтрыманая ўсімі ўдзельнікамі так званага сходу. Пра гэта згадвалася ў адмысловай заяве Рады грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі “Пагоня”, распаўсюджанай 21 лістапада 2012 году. Па-другое, прынамсі тры з гэтых шасці арганізацыяў заявілі, што не маюць да “Беларускага дому” ніякага дачынення (Асацыяцыя “За мадэрнізацыю”, “Наш дом” і “Пагоня”). Па-трэцяе, ніякай дадатковай патрэбы для арганізацыі камунікацыі і супрацоўніцтва з чэскімі дзяржаўнымі ўстановамі, гарадской адміністрацыяй, грамадскімі інстытутамі няма. Дзейныя ў Празе беларускія арганізацыі даволі добра і плённа дачыняюцца з чэскімі ўладамі розных узроўняў, а таксама мясцовымі грамадскімі інстытутамі, кожная ў сваёй сферы. Прыкладам гэтага ёсць дзейнасць суполкі “Пагоня”, сябры якой больш за два гады і даволі паспяхова займаюцца прызнаннем беларусаў у якасці нацыянальнай меншасці ў Чэхіі.
Таму, уся гэтая гісторыя з інфармацыйным укідам наконт стварэння “Беларускага дому” паказвае неабходнасць акцэнтаваць увагу на трох акалічнасцях. Па-першае, даволі дзіўным выглядае спачатны непрафесіяналізм БелаПАНу, журналісты якога замест таго, каб спраўдзіць інфармацыю, магчыма, запытацца ўсе бакі, змясцілі яе ў сябе на сайце, выклікаўшы яе далейшы распаўсюд у байнэце. Па-другое, з шэраговай рэгістрацыі шэраговай арганізацыі была зробленая навіна. Па-трэцяе, згаданы ў першым пункце спосаб падачы інфармацыі выклікаў шмат неразумення з боку “вонкавых назіральнікаў”, чаго б не магло стацца, калі б былі выслуханыя ўсе бакі.
Фраза, вынесеная ў загаловак, належыць лявіцоваму летувіскаму палітыку Альгірдасу Палецкісу і тычыцца падзеяў 13 студзеня 1991 году ў Вільні, трактаванне якіх узведзена летувіскай дзяржавай у ранг абсалюту. Згодна з Палецкісам, тады “свае стралялі ў сваіх”. Гэтая фраза мела вынікам судовую справу. Не важна, ці меў рацыю Палецкіс, а важна тое, што гэтыя падзеі могуць трактавацца па-рознаму. Увядзенне ж нейкага факту ў абсалют не толькі супярэчыць прынцыпу свабоды меркавання, але і здароваму глузду.
У выпадку некаторых каментатараў на сайце “Свабоды” ў справе “Беларускага дому” гэтым абсалютам ёсць эфімерная салідарнасць, якую яны бачаць як неабходнасць аб’ядноўвацца (не аб’яднацца!), ахвяруючы асабістымі амбіцыямі вакол адной мэты, якой ёсць жаданне перамагчы рэжым Лукашэнкі. Гэтае жаданне можа быць цалкам зразумелым, хоць бы мінімальна з прычыны існавання плюралізму меркаванняў. Тут, аднак, паўстае іншае гарбачоўскае пытанне “хто ёсць ху насамрэч?”
Уявім сабе гэтую сітуацыю. Узніклая “з нябыту” спн. Маковік спрабуе аб’яднаць вакол сябе беларускую супольнасць Чэхіі, не маючы для гэтага ні аўтарытэту, ні чалавечых рэсурсаў, затое маючы доступ да медыяў і граючы на апярэджанне. Гэта нагадавае акурат мэтанакіраваныя стрэлы, у выніку якіх узнікае інфармацыйнае поле. “Ахвярамі” гэтых “стрэлаў” ёсць звычайныя абыватэлі, якія чытаюць навіны ў байнэце. Выглядае, што нехта, у дадзеным выпадку Маковік, спрабуе прадставіць сябе як “інтэгратара-аб’яднальніка”, які датрымліваецца ідэяў дэмакратычнай і вольнай Беларусі. Тыя, хто не хоча супрацоўнічаць у агучаным ёй фармаце, мусяць дзеяць, прадставіўшы свае аргументы. Аднак, “параненаму” і зачараванаму новай бліскучай шыльдай грамадству тыя аргументы ўжо не патрэбныя, бо апантанае эфімернай салідарнасцю яно зазвычай не жадае далей разбірацца ў дэталях. Іншымі словамі, хто першы грамчэй пра сябе заявіў, той і салідарызатар. У выніку, голас тых, хто больш за дзесяць гадоў рэальна займаецца беларускай справай у Чэхіі застаецца не пачутым, а новая арганізацыя з гучным імем спрабуе сябе легітымізаваць за кошт багажу іншых, фактычна нічога собскага покуль і не зрабіўшы.
У выніку і атрымліваецца, што “свае страляюць у сваіх”, спрабуючы прысабечыць даробак іншых і раскруціцца за кошт гэтага, а вонкаваму назіральніку ў гэтым бачыцца, што нехта нібыта замінае салідарнасці беларусаў.
Кірыл Касцян
Крыніца: http://www.thepointjournal.com/output/index.php?art_id=197&spr_change=bel