Канцэрт гурта "Крона"

Вітаем, шаноўнае спадарства!

Сардэчна запрашаем вас на канцэрт сямейнага гурта роду Лямбовічаў "Крона". Канцэрт адбудзецца ў памяшканні беларускай клюбоўні 4-га сакавіка а 19 гадзіне.

Уваход вольны.

Інфармацыя пра нашых гасцей:

Сямейны калектыў роду Лямбовічаў адлічвае свой творчы шлях з канца ХІХ стагоддзя, калі жыў народны майстар-самародак Клеменцій Лямбовіч. Апантана захоплены музыкай, ён не толькі цудоўна іграў на шматлікіх музычных інструментах, але і сам рабіў некаторыя з іх. У прыватнасці, фізгармоніі і арганы. Сведчаннем таму - спецыяльны дыплом-пасведчанне і бронзавы медаль, якія былі ўручаны Клеменцію Лямбовічу на выставе ў Магілёве ў пач. ХХ стагоддзя.

Яго дзеці і ўнукі таксама захапляліся музыкай, ігралі на народных музычных інструментах. У 50-70-ых гг. ХХ стагоддзя вядомы быў ў Беларусі і за яе межамі інструментальны ансамбль Лямбовічаў.

Эстафету сямейнай творчасці падхапілі сёстры Лямбовічы – дочкі Станіслава Міхайлавіча – унука Клеменція. У 80-90-ыя гг. сёстры спявалі трыо. А ў 1999 годзе быў свораны калектыў, у склад якога ўвайшлі новыя ўдзельнікі роду Лямбовічаў. З гэтай пары ансамбль стаў называцца “Крона”. Са з’яўленнем музычных інструментаў рэпертуар калектыва пашырыўся, стаў больш разнастайным. Падчас выступаў “Кроны” можна пачуць такія ўнікатныя традыцыйныя інструменты, як колавая ліра, дуда, акарына. Усім вядомыя скрыпка, баян, барабан гучаць у адмысловай традыцыйнай манеры.

Калектыў актыўна працуе ў накірунку адраджэння і захавання народных традыцый свайго рэгіёну. Рэгулярна ладзяцца экспедыцыі па вёсках з мэтай вывучэння абрадавых і пазаабрадавых песень, побытавых танцаў, народных промыслаў. Намаганнямі ўдзельнікаў калектыва быў адноўлены і рэканструяваны традыцыйны строй Валожынскага рэгіёну. Засвоены мясцовы унікальны спосаб ткацтва паясоў “на ніту”, які ў 2013 годзе быў унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ўдзельнікі сям’і займаюцца рознымі відамі традыцыйнага рамяства (ткацтва, вышыўка, выцінанка, кавальства, разьба па дрэве), а таксама жывапісам і графікай.

Ткацтву ў сямі навучаюцца з дзяцінства

Сямейны калектыў “Крона” стаў лаўрэатам абласнога фестывалю сямейнай творчасці (1999г., г. Дзяржынск), атрымаў гран–пры на ІІ Міжнародным фестывалі сямейнай творчасці ”Полярные звёзды” (2008г., г.Мурманск), стаў пераможцам ІІІ Абласнога фестывалю сямейнай творчасці (2008г., г.Дзяржынск),  прымаў удзел у ХІХ Міжнародным фестывалі музычных сем’яў (2010г., Польшча), у Абласным фестывалі “Пад дахам дома твайго” (2010г., Брэсцкая вобл.), у Рэгіянальным конкурсе маладых творчых сем’яў (2010г.,Вілейскі р–н.). У 2011г. “Крона” – ўладальнік гран-пры ІV Рэспубліканскага фестывалю сямейнай творчасці ”Жывіце ў радасці” (г.Слонім) ды інш.

Кронаўцы знаёмяць з традыцыйнай беларускай культурай шматлікіх турыстаў і ўвогуле людзей, якія цікавяцца беларускай спадчынай. Ладзяць фэсты, вячоркі, святы (“Купалле”, “На ката”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”), да якіх далучаюцца ўсе жадаючыя.

Купалле ў Ракаве