Канферэнцыя “Чэшскія студні”
Дарагія сябры!
Спадарыня Святлана Вранава, перакладчыца, сябра нашай арганізацыі, нам паведаміла, што 29 чэрвеня ад 10.00 да 18.00 у горадзе Брно (адрас Nové sady 37, заля царквы "Slovo života") адбудзецца канферэнцыя “Чэшскія студні”, ў якой, акрамя чэхаў, прыме ўдзел таксама група беларусаў. На канферэнцыю запрашаюцца ўсе "чэшскія" беларусы і іх сябры!
Мэта і сэнс канферэнцыі спачываюць не толькі ў тым, каб узгадаць гістарычны кантэкст, але таксама дапамагчы сучаснаму пакаленню ўспрыняць спадчыну Рэфармацыі. Акрамя таго канферэнцыя прадставіць чэхам Беларусь, пра якую большасць з іх увогуле нічога не ведае.
У праграме:
Выступы беларускіх і чэшскіх прамоўцаў: Антоні Бокуна, Войцеха Гачалтоўскага, Томаша Корчака ды іншых на тэмы:
- Плашч Іллі – Малахія 3, 23-24;
- Чэшскія ўплывы ў беларускім эвангельскім руху: ад Гераніма да Каменскага;
- Францішак Скарына з Полацку: чэшскія карані беларускай Бібліі;
- Эвангельская царква ў Беларусі ў ХХ-ХХІ стагодзьдзях: адраджэнне і пэрспэктывы;
- Духоўная спадчына Каменскага і Божы Вечны запавет.
Падчас канферэнцыі прагучаць малітвы за аднаўленне і ўзаемасувязь народаў на падставе іх айчыннай спадчыны.
Кошт за ўдзел дабраахвотны.
Прадгісторыя:
"Калі мы ў 2008 г. ўпершыню прыехалі ў Беларусь, мы даведаліся пра гісторыю беларускай Рэфармацыі і чэшскія ўплывы на яе. Таксама мы даведаліся, што ў 2013 г. Беларусь будзе святкаваць 600-ую гадавіну прыбыцця ў Беларусь Ераніма Пражскага. Тады паўстала ідэя зарганізаваць гэта святкаванне супольна. Пяць гадоў прайшлі хутка і я вельмі рада, што ідэя супольнага святкавання не была забытая... Вельмі спадзяюся, што ўвосені група чэхаў прыме ўдзел у канферэнцыі ў Менску.
На канферэнцыі будзе прадавацца кніга “Залаты век Беларусі” у чэшскім (маім) перакладзе. Гэта мая другая вялікая радасць."
Святлана Вранава
Арганізатар мерапрыемства: грамадзкае аб'яднанне „Чэшскія студні“