Сустрэча з Уладзімірам Ягоўдзікам

Паведамленне пра памылку

Deprecated function: The each() function is deprecated. This message will be suppressed on further calls у menu_set_active_trail() (лінія 2386 у /data/web/virtuals/296807/virtual/www/includes/menu.inc).

У аўторак 25-га кастрычніка ў памяшканні клюбоўні адбудзецца сустрэча з беларускім пісьменнікам, лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, - Уладзімірам Ягоўдзікам.

Усіх ветліва запрашаем!

Вечарына будзе прысвечана Ларысе Геніюш - спадар Уладзімір быў знаёмы з ёй асабіста, і Міхасю Забэйду-Суміцкаму, з якім ён вёў перапіску, а ў 1980 годзе падрыхтаваў пра спевака тэлевізійную перадачу з нагоды яго 80-годдзя.

Пачатак у 19.00.

 

Выдатны артыкул пра нашага госця сёлета падрыхтаваў Сяргей Чыгрын (радыё Рацыя) да яго 60-годдзя:

"14 лютага беларускаму празаіку, публіцысту, драматургу, лаўрэату Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра Уладзіміру Ягоўдзіку спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння.

Уладзімір Ягоўдзік у літаратуру ішоў імкліва. Першую кнігу прозы “Стронга” ён злавіў у 1984 годзе, куды ўвайшлі аповесць “І паклікала я…”, а таксама апавяданні. Другая “Стронга” да яго прыплыла з Масквы ў перакладзе Валянціны Шчадрыной у 1987 годзе. Услед за “Стронгай” адна за адной пачалі пісацца і выдавацца новыя кнігі прозы, п’ес, казак, эсэ пра мастакоў і пісьменікаў. Чытачы памятаюць удалыя кнігі Уладзіміра Ягоўдзіка як для дарослых, так і для дзяцей: “Прыручэнне птушкі” (1989) у прыгожым афармленні Уладзіміра Савіча, “Вочы начніцы” (1989), што выйшла ў выдатнай некалі бібліятэчцы часопіса “Маладосць”, “Белыя рысы на чорным полі” (1995) – кніга артыкулаў і эсэ пра дзеячаў беларускай культуры, а цэлую дзіцячую бібліятэку самых разнайстайных па жанру выданняў. Усіх проста немагчыма пералічыць.

У 2008 годзе пісьменнік заснаваў серыю “Скарбы Радзімы” і пачаў у ёй для школьнікаў і іх бацькоў, а таксама для настаўнікаў, выдаваць прыгожыя каляровыя кніжкі. Кожная кніжка, прысвечана аднаму скарбу. І такіх кніжак-скарбаў Уладзімір Ягоўдзік падрыхтаваў і выдаў ажно 26. Яны прысвечаны беларускай зіме, вясне, лету і восені, нацыянальным паркам і запаведнікам, звярам, птушкам, матылькам, кветкам, азёрам і рэкам. Некалі пісьменнік са Слонімшчыны рэдагаваў газету “Дзеці і мы”, часопіс “Бярозка”. А ў лютым 1995 года Уладзімір Ягоўдзік засноўвае свой уласны дзіцячы экалагічны часопіс для сям’і і школы “Лесавік”. Яму ўдалося выдаць звыш 80 нумароў. Гэта быў унікальны часопіс сяброў прыроды. Наогул, Уладзімір Ягоўдзік – прыродазнаўца. Усё жыццё ён любіць вёску. У вёсцы нарадзіўся, пайшоў у школу. Але рана застаўся без бацькоў. З роднай вёскай Кастровічы яго часцей за ўсё звязвалі канікулы, куды з розных інтэрнатаў прыязджваў да свайго дзеда. Найчасцей ён сёння прыгадвае маці і дзеда. Мама часта хварэла, таму найбольш выхаваннем унука займаўся родны дзядуля…

Кнігі Ул. Ягоўдзіка

Вельмі плённым для Уладзіміра Ягоўдзіка быў 2005 год. З друку выходзіць яго двухтомнік “Выбранае” у шыкоўным афармленні мастака Юрася Алісевіча. Падмуркам для «Выбранага» сталi сем тонкiх кнiжак для дзяцей, якiя раней выходзiлi асобнымi выданнямi, сярод якiх «Птушыная дарога», «Нацыянальныя паркi Беларусi», «Менеск i яго браты», «Сонечныя пялёсткi». На мiжнародным конкурсе ў Брацiславе двухтомнік атрымаў ганаровую ўзнагароду ў намiнацыi «Самае лепшае выдавецтва». Крытэрыямi ацэнкi ў гэтай намiнацыi былi вартасць і змест кнiгi, а таксама ўменне выдавецтва правiльна i найбольш цiкава прадставiць матэрыял сваiм чытачам. З 2012 года Уладзімір Ягоўдзік плённа распачаў выданне сваіх новых кніг. Ён не толькі іх піша, але сам выдае, сам распаўсюджвае і прэзентуе свае кнігі ў навучальных установах рэспублікі. У асноўным усе яны прысвечаны беларускай прыродзе, беларускай гісторыі, легендам і паданням і адрасаваны найперш школьнікам і настаўнікам. У 2012 годзе выходзіць кніга пісьменніка “Сіні калодзеж” у якую ўвайшлі 100 беларускіх легенд і паданняў, пераказаны аўтарам. У 2013 годзе – кніга аб прыроде “Год-карагод”, потым – кніга апавяданняў і мініяцюр “Лясныя таямніцы”, прысвечаная рэкам, азёрам і крыніцам, затым – кніга казак “Медзяны дзядок” і г.д.  Пісьменнік добра ведае дзіцячую псіхалогію, умее размаўляць з маленькімі чытачамі пра самае вялікае, непаўторнае, агульначалавечае. Дзеці любяць яго творчасць, а ён любіць сустрэчы з імі.

Вельмі карыснай для школьнікаў атрымалася кніга Уладзіміра Ягоўдзіка “Шлях Рагвалода” (2013). Яна прысвечана беларускай гісторыі, а таксама сюды ўвайшоў і пераказ славутай “Аповесці мінулых гадоў”. Здзівіў літаратар нас і выданнем “Быў знак на небе” (2015) – кнігай аб прыродзе Беларусі ў з’явах і падзеях. Што гэта значыць? Ды тое, што ў кнізе аўтар сабраў самыя цікавыя звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў, занатаваныя ў летапісах і на старонках друкаваных выданняў, пачынаючы з 1002 года, калі “у той год з неба плылі зоркі і было шмат дажджоў”… Уладзімір Ягоўдзік яшчэ і драматург. Ён напісаў для дзяцей п’есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні. А гэта – “Залатое зярнятка” (пастаўлена ў 1983), “Сонейка, свяці!” (надрукавана і пастаўлена ў 1985 годзе), “Пякла баба калачы” (з А.Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987 годзе), “Сакрэты Вогніка” (пастаўлена ў 1987 годзе), “Усміхніся, прынцэса…” (надрукавана і пастаўлена ў 1990 годзе) і дзесяткі іншых…"

Крыніца: http://www.racyja.com/kultura/uladzimiru-yagoudziku-60/