Каляды

26-га снежня ў нашай клюбоўні прайшло чароўнае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Калядаў. Свята было зарганізавана адмыслова для дзетак, каб пазнаёміць маленькіх прадстаўнікоў нашай дыяспары са старадаўнімі беларускімі традыцыямі і казачнымі персанажамі. Сярод нашых гасцей былі не толькі беларускія сем’і, але таксама з Малдовы, Украіны ды Расеі. Аднак беларускую мову без праблемаў разумелі ўсе дзеткі, якія дружна гуляліся разам, вадзілі карагод вакол ялінкі і радваліся святу.

Святкаванне пачалося з казачнай пастановы з удзелам Казы, Механошы, Дудара і Бабы-Ягі. Пад гукі баяну, на якім заіграў Алесь Ясінскі, калядоўшчыкі завіталі ў залю, дзе сабраліся ўсе госці, і прадстаўленне пачалося! Апынулася так, што намаганнямі шкодніцы Бабы-Ягі калядоўшчыкі заблукалі ў цёмным лесе, трохі не дайшоўшы да дзетак. Падступная Баба-Яга замела снегам усе дарогі, ды яшчэ і скрала мех з салодкімі падарункамі для дзяцей.

Аднак далёка адляцець не здолела, бо паламалася старая ступа! І прыйшлося Бабе сустрэцца з калядоўшчыкамі і адказаць за ўсё, што нарабіла. Па праўдзе сказаць, калі Баба-Яга даведалася, што ледзь не сапсавала дзіцячае свята, ёй стала вельмі сорамна, малых дзетак ёй крыўдзіць зусім не хацелася.

Дзеці дапамаглі сабраць усе сняжынкі, а чароўным карагодам адрамантавалі Бабе яе паламаную ступу, ў якой знайшліся скрадзеныя падарункі. Бабя-Яга чырванела, апраўдвалася, як магла, і прасіла прабачэння. Урэшце яна паабяцала выправіць свае паводзіны, быць добрай і ніколі больш не шкодзіць. Дзеці і калядоўшчыкі прабачылі Бабу-Ягу, а тая вывела падарожнікаў з лесу.

Дзеці збіраюць сняжынкі, якія паўсюль раскідала Баба-Яга, каб калядоўшчыкі змаглі ўбачыць замеценую дарогу

 

Чароўны карагод - каб адрамантаваць ступу Бабы-Ягі

Калі ўся гурма разам з Бабай-Ягой дабраліся да залі, поўнай дзяцей, Механоша з Дударом перш за ўсё пазнаёмілі дзетак з галоўнай асобай каляднага вечару – Казой. То была няпростая каза, але вучоная! Яна чытала вершы ды прыгожа танчыла, але хутка прытамілася і ўпала пасярод залі! Каб Казу ўзняць, трэба было прынесці ёй пачастункі, як мага болей – сала, цукерак, пернікаў…  Чым болей падаруем Казе смакоццяў, чым больш яна будзе задаволеная, тым багацейшы будзе ўраджай у новым годзе!

Мы пастараліся Козаньку не пакрыўдзіць, улагодзіць кошыкам з добрымі пачастункамі. Атрымаўшы кошык, Каза зноў ускочыла, затанчыла і падзякавала ўсім!

Пасля гэтага ладзіліся конкурсы ды гульні, дзеці адгадвалі загадкі (з дапамогай сваіх бацькоў:), самыя спрытныя ды разумныя атрымлівалі прызы.

Перш чым развітацца, калядоўшчыкі ў чарговы раз павіншавалі ўсіх гасцей з надыходзячымі святамі і падаравалі кожнаму дзіцёнку салодкі падарунак.

Усе госці, ад самых малых да самых вялікіх, выглядалі шчаслівымі і задаволенымі. Хай жа ўвесь 2015 год (між іншым, год Казы!) стане для кожнага з нас такім жа вясёлым і радасным, такім жа чароўным і смачным!