Лукашэнка ці Скарына - чый рэйтынг вышэйшы?

У нядзелю 12-га студзеня ў нашай клюбоўні выступіў з цікавай лекцыяй Аляксей Ластоўскі.

Перш за ўсё Аляксей распавёў пра сваю плённую дзейнасць. У дадзены момант ён працуе ў незалежным даследчым інстытуце “Палітычная сфера”, які зарегістраваны ў Літве, але дзейнічае ў Беларусі. Інстытут, акрамя іншага, займаецца арганізацыяй міжнародных кангрэсаў даследчыкаў Беларусі ў літоўскім горадзе Коўна. Сёлета плануецца ўжо 4-й кангрэс. Пераважна на кангрэс з’язджаецца каля 300 актывістаў – даследчыкаў.  Таксама інстытут выдае 2 часопісы: “Палітычная сфера” і “Belarusian political science review”. З нядаўняга часу Аляксей пераняў ад Захара Шыбекі пасаду кіраўніка аддзялення мінулай гісторыі Беларускага калегіума, які таксама з’яўляецца незалежнай ініцыятывай.

Лекцыя, з якой Аляксей выступіў на клюбоўні, наўпростава звязаная з ягонаю прафісійнай дзейнасцю. Гутарка ішла пра гістарычную памяць простых жыхароў Беларусі паводле сацыялагічных апытанняў за апошнія 10 год. Галоўнай іх мэтай было выявіць, як звычайныя беларусы ўяўляюць гісторыю сваёй краіны, чым ганарацца і як ставяцца да розных гістарычных персаналіяў, тобок аткрыць образ гісторыі, ілюстраваны ў масавай свядомасці.

Аляксей спасылаўся на дадзеныя трох інстытуцый:

  • інстытуту сацыялогіі Акадэміі навук РБ (дзе ён сам раней працаваў);
  • незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў;
  • сацыяльнай лабараторыі “Новак” (якая рабіла сац. даследванне на замову “Будзьмы”).

У гэтых даследваннях галоўны акцэнт ставіўся менавіта на эмацыйнае стаўленне людзей да гісторыі, пытанні датычыліся таго, чым яны ганарацца, чаго саромяцца, што выстаўляюць на першы план, а што лічаць другасным.

На лекцыі гутарка ішла пра гіерархію гістарычных падзеяў і асобаў, а таксама пра вытокі беларускай дзяржаўнасці ў свядомасці беларусаў. Цікава было паслухаць і пра тое, наколькі моцныя цяпер савецкія ўплывы ў беларускім грамадзтве.

Прапануем вам паглядзець урывак з лекцыі, дзе Аляксей распавядае пра гіерархію гістарычных падзеяў на падставе апытання 2008 году:

 

 

Такім чынам, з савецкіх часін у памяці беларусаў захавалася толькі адна падзея – “вялікая айчынная” вайна. Пры гэтым дасягненне незалежнасці мае амаль аднолікава высокі статус, што падцвярджаюць і навейшыя даследванні 2012-13 гг.

Горач і сорам выклікае ў беларусах перш за ўсё Чарнобыльская катастрофа. За ёй следуе распад СССР, зноў жа “вялікая айчынная” вайна (гэтым разам, пэўна, з пункту гледжання яе ахвяраў), сталінскія рэпрэсіі і калектывізацыя.

Сярод гістарычных дзеячоў самыя пазітыўныя ацэнкі беларусаў маюць Францыск Скарына і Еўфрасіння Полацкая. Гэтыя сымвалі верагодна могуць аб’яднаць усіх беларусаў.

3-е і 4-е месцы належаць Машэраву і Лукашэнку – пераважна за конт старэйшай часткі насельніцтва.

Пазітыўная з’ява, якую заўважылі даследчыкі, спачывае ў зніжэнні папулярнасці Леніна і асабліва Сталіна ў параўнанні з Расеяй, дзе назіраецца адраджэнне культа Сталіна. За апошнія 16 год у 4 разы ўзняўся рэйтынг Кастуся Каліноўскага і князя Вітаўта.

Такія асобы, як Сувораў, Екацярына ІІ і Пётр І яшчэ досыць папулярны (40 адсоткаў беларускага насельніцтва далі ім пазітыўныя ацэнкі), але ўсё ж паступова губляюць сваю папулярнасць цягам часу.

Беларусаў, якія бачаць вытокі дзяржаўнасці сваёй краіны ў Полацкім княстве, Вялікім Княстве Літоўскім, у нашым грамадзтве болей за тых, хто прытрымліваецца савецкай версіі гісторыі. Шкада толькі, што людзі навогул пра сваю гісторыю ведаюць мала.

Гістарычная памяць беларусаў нажаль вельмі абмежаваная, што можа быць тлумачальна гістарычнай палітыкай у краіне. Пэўная частка беларускага насельніцва ўсё яшчэ жыве ў расейскай культурнай прасторы, але дэрусіфікацыя, хай вельмі марудная, мае месца ў сучасных культурных тэндэнцыях. “Незалежная краіна, якія б не былі абмежаванні яе незалежнасці, мусіць мець сваю абасобленую гісторыю, і людзі будуць усё болей імкнуцца пра яе даведацца – гэта натуральны працэс,” – упэўнены Аляксей Ластоўскі.