Некралог

Учора, 7-га жніўня, пайшоў з жыцця выбітны і ўсімі паважаны дзеяч беларускай дыяспары ў Празе спадар Юрка Станкевіч.

Юрка Станкевіч падчас святкавання сваіх 85-х угодкаў. Фота Ксеніі Бязрукай.

Пры сваім жыцці спадар Юрка ахвяраваў вельмі шмат свайго часу, сілаў і сродкаў беларускай дыяспары і папулярызацыі беларускай мовы. Ён выдаваў два часопісы - "Крывія" і "Belarusian review", заснаваў суполку "Пагоня" і ўвесь час быў яе галоўным фундатарам, зарганізаваў для дзетак нядзельную школку, склаў падручнік па гісторыі Беларусі. Да таго ж, спадар Юрка ніколі не адмаўляў дапамагчы ўсім, хто да яго звяртаўся. З радасцю знаёміўся з новымі людзьмі і запрашаў іх да сябе ў госці. Пры кожным зручным выпадку паказваў сябрам фатаздымкі са свайго цікавага і насычанага падзеямі жыцця.

Галоўнай жыццёвай мэтай Юркі быў працяг справы свайго славутага бацькі Яна Станкевіча. Сам Юрка бываў на Беларусі ўсяго толькі некалькі разоў. Ён нарадзіўся ў Вільні 18-га сакавіка 1928 г., а ў 1944 апынуўся з бацькамі на эміграціі. Большасць свайго жыцця Юрка пражыў у Амерыцы, дзе атрымаў адукацыю і дзе пасьля працаваў, і з'яўляўся грамадзянінам гэтай краіны. Аднак выйшаўшы на пенсію, вырашыў пераехаць у Чэхію, на радзіму сваёй маці і жонкі. І ўжо тут, у Празе, увесь свой вольны час прысвячаў беларускай справе.

Гэта быў вялікі чалавек, надзвычай пазітыўны і дабразычлівы да ўсіх.

Светлая памяць!

Ад сп. Сяргея Панізніка, сябра Юркі Станкевіча:

"Мае шчырыя спачуванні ўсім родным і сябрам спадара Юркі Станкевіча. Удзячны за яго дабрыню і прыязнасць Сяргей Панізьнік.

13 кастрычніка 1990 года спадар Юрка Станкевіч захацеў наведаць Смаргоншчыну. Разам з Сяргеем Шупам мы пабывалі ў Крэве, Гальшанах, на замчышчы ў Лоску. У Арлянятах пакланіліся сімвалічнай магіле кс. Адама Станкевіча (1891-1949).

Крэўская муроўка
"Па маці я --чэх. Беларус напалову.
Я верны даверу, прызнальнаму слову.
А што ў нас упоўню? Вярнуўшыся з лову
хто балт напалову, крывіч напалову...
Вякі прасявалі мякіну-палову.
Я ў стоптаным жыце жывы напалову:
направа, налева лажылі галовы...
Да трэці мы ў згубе, а то да паловы.
І толькі дзе Крэва акрэсьліла змову,-
муроў час пакінуў папраўдзе палову.
А колькі свабоды век даў на дамову
ўдзяржавіць астатнюю Крэва палову?
Мы Дом умацуем глыжамі і цэглаю...
Мы -- нацыя!
Будзьма сьцяною с у ц э л ь н а ю!"

Верш ад імя Юркі Станкевіча са зб. "Пры сьвячэньні..." 2004 г.
Сяргей Панізьнік.