Помніку Скарыну вярнулі пяро

Амаль тры гады помнік славутаму беларускаму асветніку і першадрукару Францішку Скарыну прастаяў на пражскіх Градчанах без пяра ў руцэ. Пяро было скрадзена ў чарговы раз улетку 2013 году. Напрыканцы мінулага 2015 году невядомыя паклалі Скарыну ў руку сапраўднае гусінае пяро.

У панядзелак 28 сакавіка пражскія беларусы, удзельнікі нашай суполкі - Віталь Цімошчанка і Андрэй Навуменка - прымацавалі да правай рукі помніка новае пяро, якое перад тым вырабілі ўласнаручна.

Яшчэ раней у помніка знікла шыльда, пасля чаго намаганнямі мясцовых беларусаў ля помніку была ўсталяваная новая.

Нагадаем, што аўтарам пражскага помніку Скарыну, усталяванага ў 1996 годзе, з'яўляецца скульптар Эдуард Астаф'еў.