"Сцягі Оршы" - прэзентацыя Ўладзіміра Арлова
У пятніцу 12-га верасня Ўладзімір Арлоў правёў у памяшканні клюбоўні прэзентацыю новай кнігі “Сцягі Оршы”, прысвечаную славутай бітве пад Оршай на раце Крапіўне. Сёлета споўнілася роўна 500 год з таго дня, калі продкі беларусаў здабылі ў ёй вырашальную перамогу.
У кнізе, аўтарам якой з’яўляецца Анатоль Грыцкевіч, падрабязна апісаныя ўсе калізіі і перыпетыі той бітвы, што адбылася на Крапівеньскам полі.
Уладзімір Арлоў, галоўны радактар кнігі і аўтар прадмовы, распавёў падчас прэзентацыі не толькі пра саму бітву і яе ўдзельнікаў, але і пра яе перадгісторыю, агульнае значэнне і нават пра карціну невядомага мастака з выявай бою, на якой можна заўважыць ледзьве не першыя выявы бел-чырвона-белых харугваў – праобразаў беларускага гістарычнага сцяга. Госці атрымалі ад спадара Ўладзіміра і хатняе заданне – знайсці на карціне самога мастака.
Бітва пад Воршай належыць да падзеяў чарговай вайны Масковіі з Вялікім Княствам Літоўскім 1512 - 1522 гадоў. Маскоўская дзяржава імкнулася адваявать у ВКЛ землі сучаснай Беларусі ды Ўкраіны, якія несправядліва лічыла сваімі спрадвечнымі тэрыторыямі (што вельмі нагадвае актуальныя падзеі ва ўсходняй Украіне). Па сутнасці то была вайна паміж еўрапейскай і еўразійскай цывілізацыямі. Перамога войскаў ВКЛ пад кіраўніцтам князя Канстанціна Астрожскага вырашыла сыход гэтай вайны, галоўным вынікам для ўсёй Еўропы сталася абарона ўсходніх межаў і вызваленне захопленых маскавітамі гарадоў да самага Смаленску. Гэта прыкладна адпавядае сучасным межам паміж Расеяй і Беларуссю. Менавіта таму перамога пад Воршай выклікала такі шырокі рэзананс па ўсёй Еўропе. У Італіі кнізя Астрожскага называлі другім Ганнібалам, браты-чэхі святкавалі перамогу ажно тры дні на Вацлаўскай плошчы. У шмат якіх еўрапейскіх краінах Аршанскую бітву вывучалі як прыклад бліскучых дзеянняў супроць значна большай сілы непрыяцеля. Па некаторых звестках маскоўскае войска ўтрая перавышала літоўскае (80 000 супроць 30 000).
Дату 8-га верасня адзначаюць як сваё нацыянальнае свята не толькі беларусы, але і ўкраінцы, якія лічаць Канстанціна Астрожскага “сваім”. Аднак вядома, што ягоны радавод бярэ пачатак у Тураўскіх землях, да таго ж і размаўляў ён на старабеларускай мове. Да сваіх ваяроў звяртаўся па-бацькоўску “Дзеці!” (на момант бітвы яму было 54 гады). Пераможцамі ў Аршанскай бітве сябе лічаць таксама палякі і летувісы, прыпісваючы на свой гістарычны конт усе заслугі ВКЛ.
Некаторыя адмыслоўцы (як, напрыклад, З. Дзідзенка) ўпэўненыя, што немалую ролю ў сыходзе бітвы сыграў патрыятызм беларускіх нячысцікаў (розных лесавікоў, русалак і г.д.), якія значна дапамагалі Астрожскаму і актыўна змагаліся за свае родныя землі супраць чужаземцаў.
Напрыканцы імпрэзы спадар Уладзімір, крыху жартуючы, падкрэсліў, што ўсё то беларускае, што мы маем зараз – маем дзякуючы той самай перамозе пад Воршай; не будзь яе, мы можа і не мелі б ні дзяржаўнасці, ні кніг, выдадзеных на беларускай мове, і не сабраліся б у той дзень на клюбоўні! Слава Ворше, слава Астрожскаму!
Сп. Уладзімір абвясціў, што кнігу пакуль што можна набыць толькі праз інтэрнэт, але кожны жадаючы яе пачытаць можа прыйсці ў клюбоўню, дзе ўжо маецца адзін экзэмпляр, падараны галоўным радактарам.
Пасля прэзентацыі кнігі “Сцягі Оршы” выступіў з прамовай сп. Аляксандр Лукашук і падараваў клюбоўне шмат новых кніг, выдадзеных Радыё “Свабода”, у тым ліку “Вяртанне нацыяналіста” ўласнага аўтарства і “Жыццё пасьля раку” Ганны Соусь.
Вялікі дзякуй Ксеніі Бязрукай за фатаздымкі!