Страчаная магіла консула БНР Міколы Вяршыніна была сёлета знойдзена ў Празе

З 1919 году Мікалай Вяршынін з'яўляўся прадстаўніком БНР у Чэхаславаччыне, спачатку па справах ваеннапалонных, пазней ягоныя паўнамоцтвы былі фактычна ўзвышаныя да консульскай пасады. Месцілася Консульства ў ягонай пражскай кватэры на Wenzigova 4, там жа быў запачаткаваны архіў БНР. У гэтай жа кватэры была зарэгістраваная арганізацыя Беларуская грамада, пазней Беларуская Рада.

Цягам доўгага часу магіла Міколы Вяршыніна лічылася страчанай. Знайсці магілу атрымалася ў Сяргея Кнырэвіча - беларускага даследчыка, які стала жыве ў Чэхіі. У некаторым сэнсе адкрыццё магілы консула БНР можна было б назваць выпадковасцю, бо першапачатковай мэтай даследчыка быў пошук магілы іншага беларускага дзеяча - Аляксандра Калошы.

Падрабязней: https://www.svaboda.org/a/29096611.html 

Афіцыйнае адкрыццё магілы адбудзецца ў рамках святкавання Дня Волі 25-га сакавіка і будзе прысвечана 100-й гадавіне абвяшчэння БНР.

Іншы супольны поспех Сяргея Кнырэвіча і Паўла Котава ў галіне гістарычнага даследвання стаў вядомы ў 2017 годзе напярэдадні 500-х угодкаў беларускага кнігадрукавання. Даследчыкі здолелі адшукаць у архівах горада Jindřichův Hradec на поўдні Чэхіі некалькі дакументаў, датычныя сына Францыска Скарыны - Сімеона Руса, якія дагэтуль не былі публікаваныя. У недаўнім інтэрв'ю Сяргей распавёў, што наблізіўся да разгадкі таямніцы Скарынаўскага знака - сонца, паглынаючага месяц.