Вечар з Паўлам Севярынцам

У пятніцу 12-га снежня ў нашай клюбоўні прайшоў цудоўны ўтульны вечар, прысвечаны прэзентацыі кнігі Паўла Севярынца "Люблю Беларусь" у перакладзе на чэшскую мову. Павал асабіста распавёў пра тое, як узнікла ідэя напісання кнігі, што ўяўляе сабой яе змест, пра выбар назвы. Расказ атрымаўся вельмі шчыры, пазітыўна-яскравы і з гумарам.

На чэшскую мову гэтую кнігу пераклала Святлана Вранава. Чэшскі варыянт кнігі мае ўласную цікавую прадгісторыю, якой з намі падзялілася сп. Святлана падчас прэзентацыі.

 

Павал Севярынец і Святлана Вранава

Кніга "Люблю Беларусь" была напісаная цягам 2002 - 2004 гадоў, але сама ідэя ўзнікла нашмат раней - у 1991 годзе. Павал так апісвае момант нараджэння першай думкі пра будучую кнігу:

"Гэта быў момант здабыцця незалежнасці Беларусі, канец 91-га году. Я яшчэ быў у школе, калі вакол залуналі бел-чырвона-белыя сцягі, і ў свядомасць правінцыйнага віцебскага хлопчыка пачало ўваходзіць, што ёсць такая краіна – Беларусь, і мы ў ёй жывем. Мы ўжо не рускія, не расейцы, мы – беларусы! Каб гэта абдумаць, я напусціў поўную ванну гарачай вады, апусціўся ў яе і разважаў, як было б класна, калі б мы мелі такую пэўную энцыклапедыю, каб не трэба было здабываць, дамысліваць, што такое Беларусь і чаму мы Беларусы. А скласці такі кароткі спіс: узяў кніжку, пагартаў – і ты ўсё разумееш. Так нарадзілася ідэя для гэтай кнігі. Напісаная яна была праз 10 год пасля ванны з гарачай вадой, каля я ўжо быў у Маладым Фронце."

Перад тым, як пачаць пісаць тэкст, Павал сабраў усе вядомыя феномены, якія маглі б сведчыць пра Беларусь: трактар “Беларус”, “Песняры”, беларуская ахвярнасць, бел-чырвона-белы сцяг і г.д. Пасьля гэтага ён доўгі час спрабаваў нейкім чынам сыстэматызаваць гэтую мазаіку, скласці яе ў нешта цэласнае, увасабляючае беларускую нацыянальную ідэю. І ўрэшце рэшт, усё склалася ў сэрца, якое мы бачым на вокладцы кнігі. Сэрца - гэта любоў, сутнасць беларускасці. Перш за ўсё, любоў Бога да Беларусі і беларусаў.

Паводле Паўла Севярынца, беларуская нацыянальная ідэя - гэта Іісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску. Пад гэтым разумеюцца ўвасобленыя ў чалавеку праўда, справядлівасць і любоў, і калі гэта гучыць па-беларуску.

Падчас стварэння кнігі “Люблю Беларусь” Павал яшчэ не мог сабе ўявіць, што ў будучым яна можа быць перакладзена на нейкую замежную мову. Па-першае, тэкст напісаны досыць спецыфічнай беларускай мовай, па-другое, ў ім вельмі шмат тых асацыяцыяў, якія вядомыя і зразумелыя толькі беларусам. Аднак пераклады ўсё ж пачалі з'яўляцца: на расейскую мову ўзяўся перакладаць уласны бацька, гэты пераклад быў прэзентаваны два гады таму, але так і застаўся ў электронным выглядзе. Потым частка эсэ (верагодна, тыя, якія лепш за ўсё былі зразумелыя не-беларусу) выйшла на польскай мове. "Але тое, што гэта кніга выйшла па-чэску, гэта сапраўды цуд Божы", - прызнаецца Павал.

Павал выказаў шчырыя словы падзякі Святлане за дасканальна выкананы пераклад, нават выпраўленне некаторых фактычных памылак. Асаблівую павагу заслугоўваюць поўныя пераклады вершаў, цытаты з якіх сустракаліся ў кнізе, слоўнік паняткаў для сярэднястатыстычнага чэха, які не ведае, хто такі Багдановіч.. Але больш за ўсё часу Святлана затраціла на тое, каб знайсці фатаздымкі. Некалькі сотняў арыгінальных фатаздымкаў былі згубленыя пасля ператрусаў у рэдакцыі Нашай Нівы, таму для чэшскага выдання трэба было знайсці новыя, пры гэтым дакладна ўказаць крыніцы, каб пазбегнуць праблемаў з аўтарскімі правамі. Да таго ж, як нам распавяла Святлана, пераклад самога тэксту заняў толькі некалькі месяцаў, пасля чаго яна каля году "змагалася" з імёнамі, якія трэба было карэктна транслітэраваць.

Святлана пазнаёмілася з Паўлам Севярынцам быццам зусім выпадкова яшчэ ў 2008 годзе. Пасьля падзеяў на плошчы, калі Павал апынуўся за кратамі, Святлана вырашыла падтрымаць яго лістом. Аказалася, што Павал памятаваў пра тую сустрэчу і падараваў Святлане праз знаёмых сваю кнігу "Люблю Беларусь", апошні непраданы экзэмпляр. Кніга ёй вельмі спадабалася, з'явілася натхненне да перакладу. Першапачаткова планавалася выданне перакладу ў рамках праэкту "Беларускага дому", які апынуўся няўдалым. Але Святлана вырашыла не кідаць справу на палове шляху і негледзячы на ўсе перашкоды здолела яе давесці да ўрачыстага канца.

Як адзначыў Павал, кніга "Miluji Bělorusko" магла бы стаць сваеасаблівым падручнікам для беларусаў, якія прыязджаюць у Чэхію і хочуць вывучыць чэшскую мову. Паслужыць таксама і як пэўная энцыклапедыя для чэхаў, якія імкнуцца даведацца пра Беларусь. Кніга мае 7 раздзелаў: пра беларускую гісторыю, культуру, спорт, гаспадарку і г.д., у іх апісаныя 200 феноменаў, датычных да беларускай нацыянальнай ідэі. 

Павал асобна прэзентаваў яшчэ адну сваю кнігу - "Беларуская глыбіня" - зборнік эсэ, напісаных падчас ягонай адсідкі ў “амерыканцы” і ў “Купліну” пасля плошчы. Прапануем вашай увазе відэа-ўрывак з вясёлымі гісторыямі, з якога вы даведаецеся пра гэтую кнігу з вуснаў самога аўтара:

 

 

Напрыканцы імпрэзы Павал падпісаў кнігі ўсім жадаючым.