Зорная прэзентацыя
У пятніцу 20-га траўня ў памяшканні клюбоўні адбылася прэзентацыя кнігі "Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія", якая пабачыла свет у лістападзе мінулага году. Кнігу прэзентаваў пражскім беларусам сам аўтар - Цімафей Авілін.
Сідзячы за агульным сталом, хто з кубачкам гарбаты, хто з кухалем піва, госці слухалі цікавыя паданні, звязаныя з зорамі і метэарытамі, сонцам і Месяцам. На прэзентацыі можна было даведацца, якое значэнне ў штодзённым жыцці беларусаў мела зорнае неба, якія ўяўленні пра нябесныя свяцілы мелі старажытныя (і маюць сучасныя) беларусы, як на іх паўплывала хрысціянства, што такое "народная астралогія" і чаму, напрыклад, Венеру часам называюць Караванкай.
Цімафей збіраў матэрыялы для кнігі цягам 13 гадоў - у архівах і бібліятэках, падчас экспедыцый і асабістых вандровак. Кніга ўяўляе сабой грунтоўнае даследванне, дасюль адзінае па тэме беларускай этнаастраноміі. У ёй сабраная інфармацыя пра этымалогію астранамічнай лексікі, фальклорныя творы пра зоры, сузор'і, метэоры, каметы, зацменне, Млечны Шлях і нават пра плямы на Месяцы, мапы распаўсюду паасобных назваў ды шмат іншага. З кнігі можна даведацца і пра тое, як па начным небе вызначалі час і накірунак, лёс чалавека ці ўраджай. Неапошнюю ролю грала начное неба і ў народнай медыцыне. Прыгожыя каляровыя фатаздымкі перадаюць аўтэнтыку тых мясцінаў, у якіх жывуць носьбіты даследуемай культуры. Як падкрэслівае сам аўтар, вельмі важна менавіта тое, што гэтая культура - уяўленні, звычаі, абрады - яшчэ жывая, шмат рэчаў дасюль застаецца некранутым полем для даследвання.
Цімафей прызнаўся, што ў сваёй кнізе яму давялося развеяць некаторыя "міфы" - памылкі, якія навукоўцы неспраўдзіўшы пераносілі з кнігі ў кнігу (напрыклад, словы Мілавіца і знічка, што лічацца спрадвечна беларускімі, былі прыдуманыя адносна недаўна - на пачатку ХХ стагоддзя).
Напрыканцы імпрэзы аўтар адказаў на пытанні, распавёў пра беларускіх ваўкалакаў і русалак ды падпісаў кнігі для тых, хто набыў асобнік для сябе.