Прэзентацыя дыску С.Панізніка "ПАД ЯСНУ ЗАРЫЦУ"
Урэшце ў спадара Сяргея Панізніка знайшлася магчымасць завітаць да нас у Прагу і асабіста прэзентаваць на клюбоўні свой дыск, выдадзены пры падтрымцы ПАГОНІ. Змест гэтага дыску ствараюць аўтэнтычныя спевы старэйшых жыхароў Міёршчыны, запісаныя сп. Сяргеям цягам 1968-69 гадоў. Пра яго выданне мы ўжо інфармавалі вас тут (http://pahonia.cz/infa/abyavy/pad-yasnu-zarycu), набыць яго ўсё яшчэ магчыма на клюбоўні.
20-га кастрычніка на клюбоўні прайшла прэзентацыя гэтага дыску.
Сп. Сяргей Панізнік распавёў пра ідэю і гісторыю стварэння дыску, пра выканаўцаў спеваў, а таксама зачытаў шмат сваіх вершаў.
Дзякуючы спадару Сяргею госці мерапрыемства пачулі шматлікія народныя прымаўкі, якія ён асабіста занатаваў падчас размоваў са старэйшымі жыхарамі беларускіх вёсачак (напрыклад: "калі з галавой не дагаварыўся, тады да ног і не суйся" , "праўды з ногаць, а маны па локаць", ці што такое "слова на дабрыдзень" - гл. відэа). Тым часам госці маглі разглядаць фатаздымкі жыхароў і краявіды Міёршчыны - сваякоў сп. Сяргея, якія адбіваліся на галоўнай сцяне праз праэктар.
Відэа (урывак):
У гонар прэзентацыі Сяржук Доўгушаў і Алесь Ясінскі падрыхтавалі ўласную музычную праграму.
Сяржук Доўгушаў
Алесь Ясінскі
Сяржук і Алесь заспявалі гасцям палешуцкія песні, занатваныя падчас нядаўняй экспедыцыі на Палессе з Ірынай Мазюк. Песню "Вэлытай, пэрэпылко" спявалі ўсе разам:)
Спадар Сяргей Панізнік падараваў клюбоўні шмат кніжак, пераважна напісаных ім самім, а таксама некалькі дыскаў.
Агульнае фота на памяць
Галоўныя ўдзельнікі мерапрыемства: Сяргей Панізнік, Сяргей Доўгушаў і Алесь Ясінскі. Жэст спадара Сяргея называецца, як ён сам растлумачыў, "Маю годнасць", гэты жэст быў распаўсюджаны выключна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Спасылка на агульны фотаальбом. Фота з вокладкі прэзентаванага дыску.
Сціслая інфармацыя пра нашых госцяў:
Сяргей Панізнік
Беларускі паэт, празаік і публіцыст; мае псеўданім Сяргей Папар. У зборніках паэзіі “Кастры Купалля” (1967), “Палявая пошта” (1972), “Крона надзеі” (1975), “Чало і век” (1979), “Слова на дабрыдзень” (1982), “Мацярык” (1984), “Стырно” (1989), “А пісар земскі...” (1994), “Сустрэча роднасных сусветаў” (1997) – услаўляе родны край і яго духоўную спадчыну, пераемнасць пакаленняў, філасофскі разважае над часам і гісторыяй свайго народа.
Аўтар кнігі публіцыстыкі “Пасля вогненных вёсак...” (1980), дакументальнай аповесці “Браніслава” (1985), “Асвейская трагедыя” (1992) пра Саласпілскі лагер смерці.
Піша для дзяцей: зборнікі вершаў “Адкуль вясёлка п’е ваду” (1981), “Жыцень” (1986), “Мы – грамацеі” (1989), “Золкая зёлка” (1999).
У перыядычным друку выступае па праблемах сучаснага літаратурнага працэсу.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1967).
Сяргей Доўгушаў
Спявак, музыка, збіральнік беларускага фальклору, заснавальнік гуртоў "Fratrez" і "Vuraj", удзельнік музычнага ансамбля "Five-Storey ansamble".
Сумесна з беларусамі Чэхіі і з суполкай "Пагоня" арганізоўвае культурныя праекты, займаецца выдаведцтвам і распрацоўкай СD беларускага аўтэнтычнага фальклору, прымае ўдзел у розных канцэртах, фестывалях Беларусі і за яе мяжой.
Алесь Ясінскі
Баяніст і кампазітар, адзін з заснавальнікаў гурту The Unlimited Trio, а таксама ўдзельнік шэрагу беларускіх, чэшскіх і шведскіх праектаў (BosaeSonca, Fratrez, Morph Jelen, Radka Fišarová). У сваёй творчасці імкнецца сцерці межы паміж стылямі і падкрэсліць суцэльнасць музыкі, нягледзячы на розныя яе напрамкі.